Вы тут

Саюзная дзяржава гарантуе роўныя правы


У мінулыя выхадныя ў Бранску адбыліся парламенцкія слуханні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, на якіх дэпутаты абмеркавалі праблемы збліжэння заканадаўстваў абедзвюх краін у забеспячэнні роўных правоў грамадзян Саюзнай дзяржавы.


Занятасць насельніцтва і фарміраванне агульнага рынку працы, прадпрымальніцкая дзейнасць, пенсійнае забеспячэнне, ахова здароўя і маладзёжная палітыка — усе гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі дэпутатаў Саюзнага парламента. Чарговае пасяджэнне пяцьдзясят трэцяй сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі прайшло гэтым разам на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. У парламенцкіх слуханнях у Бранску прынялі ўдзел дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы, прадстаўнікі галіновых міністэрстваў Беларусі і Расіі, якія займаюцца пытаннямі забеспячэння роўных правоў грамадзян.

Падчас слуханняў было адзначана, што Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, прыняты ў снежні 1999 года, а таксама шэраг пагадненняў паміж урадамі Беларусі і Расіі ў цэлым даюць гарантыі роўных правоў грамадзян на тэрыторыі Расіі і Беларусі ў частцы аказання медыцынскай дапамогі, выбару месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы, таксама заканадаўча ўрэгуляваны пытанні аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання. Аднак, застаецца яшчэ нямала нявырашаных пытанняў, з якімі сутыкаюцца грамадзяне як Расіі, так і Беларусі, апынуўшыся на тэрыторыі суседняй дзяржавы. І праблемы гэтыя звязаны з рознай трактоўкай тых ці іншых пытанняў у заканадаўствах абедзвюх краін.

Так, напрыклад, з 1 студзеня 2015 года ў пенсійным заканадаўстве Расійскай Федэрацыі змяніліся патрабаванні да вызначэння права грамадзян на страхавую пенсію: павысіўся страхавы стаж з 5 да 15 гадоў, і ўведзены індывідуальны каэфіцыент (так званыя балы). Для таго, каб аб'ектыўна вызначыць права на расійскую пенсію для грамадзян, якія маюць стаж работы ў Рэспубліцы Беларусь, неабходна ўнесці некаторыя карэкціроўкі ў Дагавор аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння.

Таксама актуальнымі, на думку дэпутатаў Саюзнага парламента, з'яўляюцца і праблемы, звязаныя з рэгуляваннем заканадаўства ў сферы эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці.

Нягледзячы на тое, што да цяперашняга моманту ў рамках Саюзнай дзяржавы ўдалося сфарміраваць механізмы дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, прадпрымальнікі па-ранейшаму сутыкаюцца з шэрагам адміністрацыйных бар'ераў пры стварэнні і рэгістрацыі прадпрыемства, а таксама пры ліцэнзаванні прадпрымальніцкай дзейнасці.

Паводле слоў старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова, у цэлым у сферы занятасці, працаўладкавання, адукацыі, свабоды перамяшчэння, спорту і турызму заканадаўства Беларусі і Расіі ў дастатковай меры гарманізавана і забяспечвае роўныя правы грамадзян абедзвюх краін. Застаюцца адкрытымі некаторыя асобныя пытанні, работа па якіх будзе працягнута. На думку парламентарыя, сумесная дзейнасць у рамках адзінай эканамічнай прасторы дае свае станоўчыя вынікі. Напрыклад, тавараабарот Беларусі і Расіі сёлета вырас больш чым на 20 працэнтаў, у тым ліку дзякуючы рэгіянальным сувязям, якія шырока развіваюцца. «Аднак сёння неабходна звярнуць пільную ўвагу на тое, як выконваюцца сумесныя праграмы, якія фінансуюцца з Саюзнага бюджэту. Сёлета назіраецца прафіцыт у памеры каля 2 мільярдаў расійскіх рублёў. Гэта значыць, што па шэрагу важных кірункаў інтэграцыйнага супрацоўніцтва няма своечасовага асваення сродкаў. І гэта абумоўлена фармальным падыходам некаторых чыноўнікаў да выканання нормаў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы».

Усе набалелыя праблемы саюзнага будаўніцтва, у тым ліку і ў сферы гарманізацыі заканадаўстваў абедзвюх краін, будуць абмяркоўвацца на пятым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца ў верасні наступнага года ў Магілёве. Падрыхтоўка да яго ідзе поўным ходам. Плануецца, што асноўнымі пытаннямі абмеркавання стануць перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва рэгіёнаў абедзвюх краін на аснове развіцця ІТ-тэхналогій і шляхі фарміравання рэгіянальных ВУП праз сумесныя праекты па развіцці лічбавай эканомікі.

Наталля БІТЭЛЬ

Загаловак у газеце: Ідзём на збліжэнне

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.