Вы тут

Гісторыі мінчан, якія вытрывалі капітальны рамонт


Да чаго рыхтавацца тым, хто сутыкнецца з капітальным рамонтам у найбліжэйшы час, — з першых вуснаў.


Больш за ўсё праблем звычайна ўзнікае ў жыхароў бакавых кватэр і апошніх паверхаў. Ірыне з сям'ёй не пашанцавала ўдвая: яны жывуць на дзявятым паверсе ў першым пад'ездзе. Дарэчы, дом — аднагодак гаспадыні кватэры, яго ўзвялі яшчэ ў пачатку 70-х. З таго часу ніякіх глабальных работ па абнаўленні не праводзілася. Як цяпер жартуе жанчына: «Я, у адрозненне ад дома, захавалася значна лепш». Аднак да вясёлага настрою Ірына вярнулася толькі цяпер, праз паўгода пасля завяршэння эпапеі з рамонтам. А вось у яго пачатку было зусім не да жартаў.

Многія лічаць апошні паверх вялікай перавагай. Па-першае, ніякага «тупату» ад любімых суседзяў, па-другое, добры від з акна, па-трэцяе, не так чуваць, што робяць на лавачках па начах падлеткі. Але пра ўсё гэта забываеш, калі заўважаеш на сценах нязменную спадарожніцу залішняй вільгаці — цвіль. Змагацца з ёй знутры бессэнсоўна, як сцвярджае жанчына. Былі апрабаваныя ўсе метады, але нават калі на час плямы знікалі, то потым вярталіся ізноў, каб пышным узорам заквітнець на шпалерах па ўсіх пакоях. У надзеі пазбавіцца нарэшце ад такога «дэкору» сям'я і чакала капітальнага рамонту, тэрміны якога пераносілі некалькі разоў. Калі яны нарэшце былі названы канчаткова, жыхароў дома спасцігла расчараванне: суцэльнае уцяпленне вонкавых сцен больш не ўваходзіла ў пералік абавязковых работ.

Аднак жыхарам прапанавалі альтэрнатыву: яны маглі замовіць уцяпленне або, як яго па-іншаму называюць, тэрмашубу за свой кошт. Гэта выклікала сур'ёзныя спрэчкі паміж суседзямі.

Ірына ўспамінае, як на агульным сходзе адзін мужчына крычаў: «Я гэтыя грошы збіраў на футра жонцы, а не дому!» Але любоў да камфорту ўсё ж перамагла, і дом уцяплілі.

А вось што расказала маладая пара Яўген і Алена.

— Мы вырашылі не збіраць на новабудоўлю, а хутчэй засяліцца ў сваё жыллё, таму набылі маленькую кватэрку ў даволі старым доме. Але калі з не самым прыемным абліччам фасада гатовыя былі мірыцца, то ўнутры хацелася ўсё ўладкаваць па-свойму. Дасведчаныя сваякі адгаворвалі: ваш дом стаіць на чарзе на капрамонт — пачакайце. Мы не верылі, думалі, пакуль ён да нас дойдзе...

Таму вестка пра пачатак капрамонту стала сапраўдным узрушэннем. Яшчэ ў большы шок увагнала яго правядзенне. Для замены камунікацый даводзілася здымаць свежапакладзеную плітку ў санвузле і на кухні, часткова бурыць сцены. А дзе такія работы, там і бруд, драпіны і іншыя «радасці», якія ніяк не злучаюцца з нядаўна завершаным унутрыкватэрным рамонтам.

— Нават бесперапынны шум і постаці будаўнікоў, якія перыядычна з'яўляюцца за тваімі вокнамі, не ідуць ні ў якое параўнанне з расчараваннем з нагоды намаганняў, прыкладзеных дарма. Вельмі хацелася б, каб спісы на капітальныя рамонты былі больш дакладныя і вывешваліся ў пад'ездах як мінімум за год, — адзначае Алена.

Дарэчы, тыя, хто перажыў капрамонт, сыходзяцца ў адным: нельга пускаць усё на самацёк, неабходна ўважліва знаёміцца з каштарысам і прапановамі па дадатковых відах работ, а таксама сачыць за ходам правядзення рамонту.

Наракаць на камунальныя службы можна бясконца, але менавіта ад нас залежыць, як мы будзем жыць.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Замест футра жонцы — «футра» дому

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?