Вы тут

Хто і якім чынам рамантуе дарогі?


У Буда-Кашалёўскім раёне 935 кіламетраў аўтамабільных дарог. У 2014 годзе тут праходзілі абласныя «Дажынкі», і на цэнтральных вуліцах быў праведзены капітальны рамонт. Аднак чым далей ад цэнтра, тым горш выглядае асфальт, а вясковыя вуліцы ўвогуле маюць альбо пясчана-гравійнае пакрыццё, альбо застаюцца звычайнай «грунтоўкай». Мы праверылі, наколькі зручна па іх ездзіць, а заадно высветлілі, якім чынам дасягаецца баланс паміж коштам рамонту і яго якасцю і чаму трэба паведамляць пра ямы пад вокнамі.


Ува­ра­ві­чы. Па нар­ма­ты­вах, у га­ра­дах і па­сёл­ках га­рад­ско­га ты­пу  ка­ля 70 пра­цэн­таў да­рог па­він­ны быць за­ас­фаль­та­ва­ныя.

Падзел абавязкаў

Намеснік старшыні Буда-Кашалёўскага райвыканкама Яўген Лісейчыкаў расказвае, што сёння за станам дарог сочаць тры прадпрыемствы. Найбольшы аб'ём работ замацаваны за дарожна-рамонтным будаўнічым упраўленнем №184. У самім горадзе Буда-Кашалёва і гарадскім пасёлку Уваравічы гаспадарыць «Буда-Кашалёўскі камунальнік», а дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне №46 абслугоўвае шляхі рэспубліканскага значэння.

— Сёлета з усіх крыніц фінансавання — рэспубліканскага, абласнога і мясцовага бюджэтаў — на дарожныя работы было выдзелена 1 мільён 982 тысячы рублёў. На гэтыя грошы прадпрыемствы зрабілі частковую падсыпку 36 вуліц агульнай працягласцю каля 31 кіламетра ў Гусявіцкім, Крыўскім, Марозавіцкім, Мікалаеўскім, Рагінскім, Патапаўскім і Уваравіцкім сельсаветах. Выканалі бягучы ямачны рамонт асфальта-бетонных пакрыццяў. Безумоўна, праблема «дрэнных дарог» у раёне існуе. І яна, у асноўным, звязана з недахопам фінансавання. Каб поўнасцю навесці парадак, патрэбна прыкладна 13 мільёнаў рублёў. Вытрымаць такую нагрузку бюджэт не ў стане. Так што тэрмінова займаемся толькі крытычнымі выпадкамі — гэта калі праехаць у вёску не можа сацыяльны транспарт альбо ад жыхароў паступаюць скаргі. У астатнім прытрымліваемся плана.

Куды паехаў грэйдар?

Куды менавіта трэба адпраўляць рамонтную брыгаду, вырашаюць уласнікі, за якімі замацаваны пэўны ўчастак. Спецыялісты аглядаюць палатно, і ў залежнасці ад яго стану складаюць план, які потым трапляе на разгляд у райвыканкам. Там могуць уносіцца карэктывы: напрыклад, нейкі ўчастак не трапіў у спіс, а жыхары скардзіліся на дрэнны стан пакрыцця. Калі скаргі частыя ці выпадак крытычны, парадак на вуліцы наводзяць па-за планам.

Падобная сітуацыя і з грэйдзіраваннем. На грунтавыя і пясчана-гравійныя трасы спецыяльная тэхніка выходзіць двойчы на год. Аднак надвор'е восенню, вясной, у час моцных дажджоў уносіць свае «карэктывы». У такіх выпадках грэйдар выязджае на месцы і часцей, па-за тэрмінамі. Праўда, перад тым як раўняць, трэба дачакацца, пакуль зямля падсохне, іначай карысць ад работы будзе мізэрная.

А вось патэлефанаваць і паведаміць пра непраходныя лужыны неабходна, бо гэта першы «індыкатар» таго, што на вуліцы непарадак. Напрыклад, сёлета ў райвыканкам прыйшло 16 зваротаў, работы па дзевяці з іх былі выкананы поўнасцю, астатнія дарогі прагрэйдзіравалі, каб паменшыць крытычную сітуацыю.

Дарога складанага рэльефу

Летась райвыканкам вырашыў перадаць значную частку вуліц, якія раней абслугоўвала ЖКГ, на баланс ДРБУ. Камунальная гаспадарка — не спецыялізаванае на рамонце дарог прадпрыемства, акрамя згаданага абавязку яна выконвае яшчэ мноства «традыцыйных» для камунальнікаў спраў.

Не так даўно жыхар гарадскога пасёлка Уваравічы прыйшоў са скаргай да кіраўніцтва раёна. Мужчына абураўся станам вуліцы Базарнай, на якой стаіць яго дом, маўляў, пасля дажджу там ні праехаць, ні прайсці.

Таццяна Тротна, намеснік дырэктара КЖУП «Буда-Кашалёўскі камунальнік», згаджаецца, што да нядаўняга часу гэта была адна з самых «папулярных» у скаржнікаў дарог.

— У пасёлку Уваравічы найбольшы клопат выклікаў стан вуліц Базарная і Новая. Апошнім часам праблему ўдалося паменшыць, палову Базарнай засыпалі пясчана-гравійнай сумессю. Цяпер на павестцы — другая яе частка і вуліца Новая, з якой пэўныя цяжкасці. Дарога там складанага рэльефу: з аднаго боку, дзе стаяць дамы, пагорак, а з другога — наадварот, схіл. Няцяжка здагадацца, куды сцякае вада.

Два абліччы ву­лі­цы Ба­зар­най. Пра­ехаць, як мы ўпэў­ні­лі­ся, мож­на. Ці з кам­фор­там — пы­тан­не ін­шае.

Фінансавая гімнастыка

Чаму ж рамонт адбываецца толькі напалову? Праблема традыцыйная: абмежаваныя магчымасці бюджэту. Здавалася б, колькі там сродкаў патрэбна — усяго толькі прывезці машыну пяску і гравію, аднак кошт аднаго квадратнага метра паўнацэннай падсыпкі складае 7,5 рубля. «Вось і атрымліваецца, што падсыпка паловы Базарнай вуліцы абыйшлася прыкладна ў 13 тысяч рублёў. Пры агульным бюджэце ў 50 тысяч, які выдзелены прадпрыемству на падобныя мэты, сума велізарная», — дзеліцца Таццяна Тротна.

Частку праектаў ЖКГ наогул рэалізуе ў некалькі этапаў. Напрыклад, два гады таму выконваўся праект па ўкладцы плітачнага тратуара па вуліцы Леніна. Пасля таго як плітка з'явілася на адным баку дарогі, работа перапынілася, а на наступны год, з новым бюджэтам, была скончана. У паняцце «тратуар», па тлумачэннях спецыяліста, уваходзіць не толькі месца для праходу пешаходаў, пажадана, каб там быў яшчэ і бардзюр, і ліхтары вулічнага асвятлення. Сярод пастаянных абавязкаў камунальнікаў — добраўпарадкаванне прыпынкаў грамадскага транспарту і аднаўленне дарожнай разметкі. Прасцей кажучы, кожную вясну трэба маляваць «зебру» на пешаходных пераходах.

Майстры на некалькі раёнаў

Ветка, Бадзёры, Бушаўка — гэтыя населеныя пункты знаходзяцца так блізка адзін ад аднаго, што выпадковы чалавек лёгка палічыць іх адной вялікай вёскай. Сёлета тут рудыя грунтовыя дарогі замянілі на шэрую «гравійку».

Калі раней на балансе ДРБУ-184 была толькі сетка дарог мясцовага значэння, інакш кажучы, прасёлкавыя дарогі паміж вёскамі, то летась пад нагляд спецыялістаў дарожна-рамонтнай службы трапілі непасрэдна вясковыя вуліцы.

— З 240 кіламетраў амаль палова — грунтавыя, — зазначае дырэктар ДРБУ-184 Аляксандр Кудзелька. Фактычна, вуліцы ніхто не будаваў, людзі намецілі, дзе будуць ездзіць і хадзіць, паставілі дамы з двух бакоў і назвалі гэта дарогай. Як вынік, у дажджы тэхніка выбівае каляіны...

Сёння ў дарожнікаў бадай самы вялікі парк спецыялізаванай тэхнікі, каля 80 рабочых і ўласная вытворчасць асфальтабетону. Ёсць лабараторыя, дзе будучае пакрыццё правяраецца на якасць. Арганізацыя прадае пясок, шчэбень, бартавы камень, тратуарную плітку як для арганізацый, так і для насельніцтва, шукае дадатковыя работы, напрыклад, выйграе тэндары ў Жыткавічах, Ветцы, Светлагорску.

Не шыкоўна, але праедзем

Здаецца, вуліцы пры такім гаспадары павінны быць гладкія і роўныя. Некаторыя насамрэч набліжаюцца да ідэалу, але да паўсюднага асфальту яшчэ далёка, бо больш за палову дарожнага палатна раёна патрабуе капітальнага рамонту. Падобная сітуацыя не выключная, многія мясцовасці маюць такую ж праблему вялікага аб'ёму работ і сціплых магчымасцяў. Асабліва адчувальная сітуацыя зімой, калі трэба тэрмінова расчышчаць снег. Так, на 53 умоўныя кіламетры вуліцы, ДРБУ можа выдзеліць усяго адну адзінку тэхнікі.

— Пакуль што наша задача — зрабіць «грунтоўкі». Для гэтага рыхтуем аснову, заліваем палатно эмульсіяй і на яе ўжо сыплем падрыхтаваныя гравій і пясок. Пры лепшым раскладзе такая дарога павінна пратрымацца каля пяці гадоў, — тлумачыць дырэктар ДРБУ.

Падзелу на вялікія і малыя населеныя пункты дарожнікі не прытрымліваюцца. Але цудоўна разумець, што ў вёсачку, дзе ўсяго чатыры жылыя дамы, пракладваць трасу немэтазгодна, бо праз нейкі час жыхароў там яшчэ паменшае, і затраты не акупяцца. Таму даглядаюць вуліцы паўсюдна, а вось удасканаленне праводзяць у вёсках з перспектывамі.

На рахунку маем...

Фінансаванне дарожнага рамонту мае свае акалічнасці. Сродкі выдзяляюцца з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў, у пэўных — асаблівых — выпадках прадпрыемства само дакладвае грошы на ліквідацыю парушэнняў. З усіх арганізацый толькі ДЭУ №46 поўнасцю фінансуецца з Рэспубліканскага дарожнага фонду — упраўленне даглядае трасы рэспубліканскага значэння, а ім удзяляецца асаблівая ўвага. Таксама ў прыярытэце цэнтральныя вуліцы, якія з'яўляюцца «тварам» населенага пункта.

У той жа час перыферыйныя і нетранзітныя вулачкі таксама не застаюцца без увагі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: З ветрыкам па гравійцы...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.