Вы тут

Разведка Савецкага Саюза была адной з найлепшых у свеце


Гэта яшчэ раз пацвярджае экспазіцыя, часова адкрытая ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Прымеркаваная да стагоддзя з дня ўтварэння органаў дзяржаўнай бяспекі выстаўка расказвае аб дзейнасці чэкісцкіх фарміраванняў на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады ваеннага ліхалецця.


Му­зей­ныя су­пра­цоў­ні­кі ўру­чы­лі Ге­на­дзю ЮШ­КЕ­ВІ­ЧУ, які зма­гаў­ся з гіт­ле­раў­ца­мі ў скла­дзе ле­ген­дар­най са­вец­кай ды­вер­сій­на-раз­вед­валь­най гру­пы «Джэк», яго парт­рэт, ство­ра­ны пар­ты­за­нам-мас­та­ком у да­лё­кім 1944-м.

У дзень яе адкрыцця дапоўнілі экспазіцыю яшчэ два цікавыя прадметы. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Генадзь Юшкевіч перадаў музею партаманет і кніжачку для фотаздымкаў, якія ў свой час зрабіў для яго ваеннапалонны немец. Паходным «фотаальбомам», дарэчы, так і не давялося скарыстацца — фатаграфавацца разведчыкам было забаронена.

Генадзь Юшкевіч — апошні з дыверсійна-разведвальнай групы «Джэк»: той самай, якая па выніковасці і жывучасці ў тыле ворага была занесена ў англійскі каталог найлепшых разведгруп свету XX стагоддзя. Толькі дваім з дзесяці разведчыкаў, першымі закінутых на тэрыторыю Германіі, пашчасціла вярнуцца дамоў. Напалеона Рыдзеўскага ўжо даўно няма ў жывых.

А між іншым, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Генадзю Юшкевічу ішоў 13-ы год. Шукаць партызанаў яго прымусілі абставіны: бацька ў першыя дні вайны загінуў у партызанскім атрадзе, маці была павешана падчас першага масавага публічнага пакарання, якое адбылося ў Мінску 26 кастрычніка 1941 года. У падлетка засталася толькі сястра...

— Мы былі так выхаваны: як гэта, прыйшоў фашыст і мы будзем з ім мірыцца? — тлумачыць сваё рашэнне ветэран. — Тым больш да вайны я скончыў усе абаронныя гурткі ў Палацы піянераў: добра страляў, ведаў кулямёты «Максім» і Дзегцярова.

Шукаючы партызанаў, Генадзь Юшкевіч апынуўся ў вёсцы Ляхавічы, што недалёка ад Станькава. Жыў у бабы Анэты, якой дапамагаў па гаспадарцы, і ў той жа час быў сувязным партызанскай групы Мінакова. Восенню 1942 года ён стаў паўнапраўным яе членам. Народнаму мсціўцу толькі споўнілася 13 гадоў...

Адной з першых група «Джэк», куды пасля быў залічаны юны патрыёт, у колькасці дзесяці чалавек была закінута на тэрыторыю Германіі. Трымалі пад назіраннем камунікацыі ворага, ажыццяўлялі дыверсіі...

— Калі загінуў камандзір групы Павел Крылатых, з забітага знялі пінжак, бо ў кішэнях магла застацца каштоўная інфармацыя, — успамінае былы разведчык. — Мікалай Шпакаў, які замяніў камандзіра, сказаў, што, паколькі я самы малады і мне абавязкова трэба выжыць, я павінен быў яго надзець: маўляў, двойчы ў адно месца куля не трапляе. У гэтым пінжаку я прайшоў і агонь, і ваду, вярнуўся ў сваю часць.

Ветэран з горыччу ўспамінае, як яны выжывалі ва Усходняй Прусіі. Прызнаецца, было страшна: «Страх ёсць ва ўсіх здаровых людзей, — кажа ён. — Не страшна толькі вар'яту».

Нечаканасцю для Генадзя Юшкевіча стаў падарунак, які яму паднеслі супрацоўнікі музея. На напісаным алоўкам партрэце адлюстраваны ён, юны герой. Ветэран памятае, што малюнак быў створаны ў 1944 годзе ў лесе ва Уздзенскім раёне Генрыхам Бржазоўскім. Дарэчы, палотны мастака, які сам быў партызанам, упрыгожваюць экспазіцыю. Таксама тут можна ўбачыць асабістыя дакументы і рэчы адважных байцоў і камандзіраў, ваенны рыштунак, зброю, узнагароды. Зацікавяць наведвальнікаў і ўспаміны камандзіраў спецатрадаў, старонкі газет і рукапісных партызанскіх часопісаў, карты ваеннага часу, іншыя прадметы з фондавых калекцый.

— Органы дзяржаўнай бяспекі ўнеслі велізарны ўклад у станаўленне і развіццё партызанскага руху, на тэрыторыі Беларусі ў тым ліку, — адзначыў падчас адкрыцця выстаўкі дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый ШЛЯХЦІН. — Прафесіяналы гэтых структур, якія змагаліся з ворагам на нашай зямлі, безумоўна, надалі партызанскаму руху тое аблічча, пра якое мы ведаем сёння. Матэрыялы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, дазваляюць паглыбіцца ў гэтую тэму і ацаніць ролю не толькі ўсёй структуры органаў дзяржбяспекі, а і тых карыфеяў, патрыярхаў, якія служылі там падчас падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Як заўважыў вучоны сакратар музея Валерый НАДТАЧАЕЎ, музейныя залы не могуць умясціць тую колькасць прадметаў, якімі валодаюць фонды ўстановы. «Дзякуючы такім часовым экспазіцыям мы дэманструем новыя грані барацьбы, якую вёў наш народ у гады акупацыі, — лічыць ён. — Паказ ролі і месца чэкісцкіх фарміраванняў — гэта не спроба сказаць, што ўсё атрымалася дзякуючы толькі ім. Без дапамогі мясцовых жыхароў Перамога наўрад ці была б магчымая».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Апошні з групы «Джэк»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».