Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра поспехі нашых фрыстайлістаў на першых этапах Кубка свету, першым подыуме Ірыны Крыўко і выніках чэмпіянату Еўропы па плаванні, які завяршыўся ў Капенгагене.


1. Першыя два этапы Кубка свету па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы прайшлі ў Кітаі. Нашы спартсмены заваявалі тры ўзнагароды.

На стартавым этапе Ганна Гуськова выйграла спаборніцтвы сярод жанчын. За крок ад п'едэстала спынілася Аляксандра Раманоўская, алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 Ала Цупер заняла выніковае 7-е месца, не прабіўшыся ў 2-і фінальны этап. Таксама на першым этапе Кубка свету на п'едэстал падняўся Максім Гусцік у мужчынскіх спаборніцтвах, ён заваяваў сярэбраную ўзнагароду.

На другім этапе Кубка свету, які прайшоў там жа на наступны дзень, сярод найлепшых быў ужо Антон Кушнір, алімпійскі чэмпіён стаў трэцім.

Дарэчы, на другім этапе вызначыліся наймацнейшыя і ў камандных спаборніцтвах, дзе за Беларусь выступалі Ганна Гуськова, Максім Гусцік і Антон Кушнір. Наша каманда заняла чацвёртае месца.

Наступны этап Кубка свету адбудзецца ўжо ў 2018 годзе ў Маскве.


2. Ірына Крыўко заняла другое месца ў мас-старце на этапе Кубка свету па біятлоне ў французскім Ансі. Дакладная стральба дапамагла нашай спартсменцы ўпершыню ў кар'еры падняцца на асабісты п'едэстал у гэтым турніры.

— Я і падумаць не магла, што за ўсю кар'еру ў біятлоне мне ўдасца на ім пабываць — не то што ў эстафетнай гонцы, а ў асабістай, — расказвае Ірына. — Калі ўбягала са стрэльбішча на дыстанцыю другой, вырашыла, што буду змагацца да апошняга. Але, напэўна, да канца не верыла, што змагу ўтрымацца, думала, што, калі застануся ў топ-6, гэта ўжо будзе вельмі добрым вынікам.

З другім месцам спартсменку павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, пажадаўшы ёй вялікіх поспехаў і ў далейшым.

Зборная Беларусі па біятлоне пасля выступлення ў Францыі на шэсць дзён вярнулася ў Мінск, пасля чаго працягне падрыхтоўку да чацвёртага этапу Кубка свету ў нямецкім Аберхофе, які пройдзе з 4 па 7 студзеня.

У агульным заліку Кубка свету лідзіруе Анастасія Кузьміна са Славакіі — 302 ачкі. Адразу тры беларускія біятланісткі ўваходзяць у 25 найлепшых Кубка свету. Надзея Скардзіна, якая з-за прастуды не выступала ў Ансі, дзеліць з Ірынай Крыўко 18-е і 19-е месцы агульнага заліку — у абедзвюх спартсменак па 164 ачкі. Дар'я Домрачава, якая прапусціла старты ў Францыі, размясцілася на 23-й пазіцыі — 135 балаў.


3. Беларускія плыўцы Павел Санковіч, Ілья Шымановіч, Яўген Цуркін і Антон Латкін заваявалі бронзавы медаль у камбінаванай эстафеце 4х50 м на чэмпіянаце Еўропы ў 25-метровым басейне ў Капенгагене.

Перамаглі ў эстафеце з сусветным рэкордам расіяне, другое месца занялі італьянцы. Адзначым, што нашы хлопцы выйшлі ў фінал з кваліфікацыі з найлепшым часам.

У заключны дзень чэмпіянату Еўропы Павел Санковіч выступіў таксама на сваёй кароннай дыстанцыі 50 м на спіне, але заняў чацвёртае месца.

Наша зборная на кантынентальным форуме ў Капенгагене заваявала дзве ўзнагароды. Раней квартэт у складзе Паўла Санковіча, Ільі Шымановіча, Анастасіі Шкурдай і Юліі Хітрай заваяваў сярэбраную ўзнагароду. У медальным заліку чэмпіянату перамаглі плыўцы з Расіі — 8 залатых, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя ўзнагароды.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Поспехі ў паветры, на снезе і ў вадзе

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.