Вы тут

Ансамбль «Белыя росы» адзначыў 30-годдзе


Так, сучаснасць мае свае абліччы... Але калі гучыць «Лявоніха», калі яе танцуюць з імпэтам, міжволі пачынаеш прытопваць, не думаючы, што сядзіш у глядзельнай зале, а яны — артысты — далёка на сцэне. Ці вось яшчэ «Рэпка» — так бы і дапамог выцягнуць...


У рамках юбілейнага тура па Беларусі і па Еўропе ў Палацы Рэспублікі адбыўся канцэрт ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя росы». Такім чынам заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, які існуе ў Гродне, адзначыў у сталіцы сваё 30-годдзе з праграмай «Фарбы свету». Але ж у гэтым свеце ёсць месца Беларусі — прыкметнае і ўтульнае. Пра што і сведчыць ансамбль, які мае свой вельмі пазнавальны стыль. Каларытныя танцы, відаць, прыцягваюць увагу замежнікаў. Напрыклад, у 1992 годзе ансамбль «Белыя росы» выступаў у Давосе на эканамічным форуме. І нездарма гэты калектыў прадстаўляе нашу дзяржаву падчас Дзён культуры ў розных краінах — ад Кітая да Іспаніі. Іспанская прэса нават прызнавала ансамбль з Беларусі найлепшым калектывам, які гастралюе. Што праўда: большую частку свайго часу ён праводзіць на канцэртных пляцоўках Еўропы, паказвае аблічча Беларусі, у прыватнасці заходняй яе часткі: бабуліны песні і танцы, фальклор гэтага асаблівага рэгіёна (ствараюцца яго сучасныя пералажэнні дзеля прыцягнення моладзі) падкрэсліваюць адметнасць культуры памежнай тэрыторыі.

Мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар — заслужаная артыстка Беларусі Вера Войнава, якая працуе ў «Белых росах» з 1987 года. Яна сама ставіць танцы — нашы. А вось на пастаноўкі танцаў народаў свету запрашаюць найлепшых майстроў тых краін — яны ведаюць свой каларыт, могуць яго перадаць лепш. Што і было важна падчас падрыхтоўкі праграмы «Фарбы свету»: танцы нараджаюцца з ладу жыцця і характару народа.

Каб перадаць гэта — сыграць ды станцаваць — трэба быць прафесіяналамі. Сёння ў ансамблі ўсяго каля 90 чалавек: музычная група, хор, танцавальная група, усе прафесійныя артысты. Майстэрства заўважана і адзначана: заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Белыя росы» з'яўляецца лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта краіны.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Фарбы ў танцах

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.