Вы тут

З якімі пачуццямі мы адзначаем Дзень беларускага кіно


З пераменным поспехам, але мы да гэтага прыйшлі: 17 снежня беларускаму кіно спаўняецца 93 гады, і, як любая спецыяльная дата, названае свята падштурхоўвае да падвядзення вынікаў. Калі справа кінематаграфістаў у гэты момант — адзначаць дзень нараджэння айчыннага кінематографа, наша справа — рабіць высновы. Мы азірнуліся на мінулы год і знайшлі ў ім шэраг цікавых, паказальных, сімптаматычных рэчаў, якія варта было б згадаць. Значыць, па парадку.


Наша заўтра

«Заўтра» Юліі Шатун.

Ад прыватнага да агульнага: размовай пра фільм, які варта лічыць адным з самых паказальных у сучасным айчынным кіно, можна апісаць беларускі кінематограф у цэлым. Дэбютная поўнаметражная карціна «Заўтра» невядомага аўтара Юліі Шатун была знята без бюджэту, а значыць, без прафесійнай каманды, вядомых акцёраў і дарагога роst-рrоduсtіоn. На сёлетнім кінафестывалі «Лістапад» яна была ўключана не толькі ў Нацыянальны конкурс, але і ў конкурс «Маладосць на маршы», куды беларускія фільмы раней не траплялі. І не дарэмна: стужка пра інтэлігентную сям'ю, што жыве ў правінцыяльным горадзе, перабіваецца амаль выпадковымі заробкамі і камунікуе між сабой ужо толькі аўтаматычна, аказалася трапным і асэнсаваным партрэтам рэчаіснасці, якая нас з вамі акружае. У сучасным беларускім кінакантэнце фільм становіцца на асаблівае месца: калі аўтары нацыянальнай кінастудыі не могуць справіцца з дынамічнымі жанрамі, за якія саманадзейна бяруцца, то безбюджэтны фільм Юліі Шатун прадстаўляе сабой цалкам арганічную канструкцыю; калі «Беларусьфільм» вылучаецца дзіўнай тэматыкай ігравога кіно, то «Заўтра» бездакорнае ў сваёй сувязі з актуальнай рэальнасцю; калі фільмы кінастудыі ідуць за пэўным шаблонам, Юлія Шатун здымае сваю карціну згодна з уласнай узважанай, прадуманай канцэпцыяй, дзе і візуал, і спосаб здымак працуюць на сэнс. Ні адзін фільм нацыянальнай кінастудыі — асноўнага паглынальніка прызначаных для кіно дзяржаўных сродкаў — не параўнаецца з непрафесійнай і безбюджэтнай работай Юліі Шатун, і ў гэтым знак сучаснага беларускага кіно. Стужка «Заўтра» такая, вядома, не адна: у беларускай кінасферы сёння з'яўляецца даволі безбюджэтных, малабюджэтных карцін альбо фільмаў, створаных без удзелу дзяржаўных грошай. Звычайна гэта добрае кіно. І перспектывы хаваюцца менавіта тут.

Здалі

У лістападзе завяршылася шматгадовая рэканструкцыя, якая быццам зрабіла «Беларусьфільм» «кінастудыяй еўрапейскага ўзроўню». Раней кінастудыя магла апраўдваць свае няўдачы зацяжным рамонтам сцен, а цяпер, калі што, такога апраўдання не будзе. Паўстаюць пытанні, дзеля чаго гэта ўсё будзе працаваць і ці прыйшоў пасля завяршэння рэканструкцыі залаты век беларускага кіно? Мне падалося сімвалічным, што падчас экскурсіі, якую дырэктар кінастудыі Ігар Поршнеў яшчэ ў лістападзе правёў для журналістаў, гаворка ішла аб выкарыстанні гатовых пляцовак, але амаль што толькі расійскімі здымачнымі групамі: у адным з павільёнаў мы знайшлі дэкарацыі для серыяла «Вяртанне Мухтара-2», а з вуснаў экскурсавода ўвесь час чулі пра дамоўленасць з рэжысёрам Аляксеем Мурадавым, які рыхтуецца да здымак на «Беларусьфільме» серыяла пра Чарнобыль. Безумоўна, на кінастудыі здымаліся, здымаюцца і будуць здымацца беларускія фільмы. Але ў кантэксце беларусьфільмаўскага курса на серыялы, баевікі і супрацоўніцтва з замежнымі (пераважна расійскімі) здымачнымі групамі заклапочанасць будучыняй беларускага кінематографа недзе згубілася. А гэта значыць, што як да завяршэння рэканструкцыі, так і пасля «Беларусьфільм» не абяцае хоць нейкага ўнёску ў развіццё беларускага ігравога кіно і яго прадстаўленасць на міжнародных кінафестывалях.

Дакументалістыка ў незалежных руках

«Цар гары» Андрэя Куцілы.

Мы ўспамінаем карціны мінулага года і бачым, што самыя вартыя і смелыя дакументальныя праекты былі створаны не на кінастудыі, што яшчэ нядаўна магла выстаўляць неігравое кіно ў якасці козыра, а незалежнымі аўтарамі. Адзін з найярчэйшых беларускіх дакументалістаў Андрэй Куціла прадставіў фільм «Цар гары», галоўным героем якога з'яўляецца Сямён Дзьячок, што разам з сям'ёй пераехаў у вёску, стаў весці відэаблог, а яго ідэя фермерства пацярпела фіяска праз засілле пабораў і штрафаў. Вольга Дашук па аналогіі з карцінай Кшыштафа Кеслёўскага «Гаваркія галовы» стварыла фільм «Партрэт», дзе дала беларусам — ад немаўляці да старога мужчыны, ад звычайных людзей да вядомых персон — адказаць на пытанні пра шчасце, мары і самаідэнтыфікацыю. Фільм Настассі Мірашнічэнкі «Дэбют» пра тэатр у жаночай папраўчай калоніі сёлета быў паказаны на найпрэстыжнейшым у сферы дакументалістыкі кінафестывалі ІDFА ў Амстэрдаме. Нарэшце, карціна «Вакол Беларусі на веласіпедах з маторамі», створаная непрафесійнымі кіношнікамі, але дапытлівымі і разумнымі хлопцамі Барысам Нікалайчыкам і Раманам Свечнікавым, паказала, як з пэўным хаосам у аператарскай рабоце і мантажы можна стварыць багатую на эмоцыі карціну пра Беларусь. Ва ўсіх фільмах бачыцца водгук нашага агульнага наваколля, а гэта надзвычай важна — мець магчымасць аналізаваць рэчаіснасць праз мастацтва. Зрабіць гэта мы з большай верагоднасцю можам праз менавіта незалежнае кіно.

Заканадаўства

«Вакол Беларусі на веласіпедах з маторамі» Барыса Нікалайчыка.

Свет не стаіць на месцы, таму прыйшоў час фарміраваць новы законапраект, які датычыўся бы кінематографа. І сапраўды, у кастрычніку на грамадскае абмеркаванне быў вынесены распрацаваны Міністэрствам культуры праект указа Прэзідэнта «Аб мерах па стымуляванні развіцця кінематографа». Праўда, як аказалася, падпарадкоўваецца ён не столькі неабходнасці ўлічваць імклівае развіццё, выклікі і магчымасці часу, колькі жаданню сканцэнтраваць яшчэ большую ўвагу на развіцці «Беларусьфільма», што прамым тэкстам пацвердзіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Тым часам змены ў гэтай сферы сапраўды патрэбныя, і пакуль кінасупольнасць кажа пра стварэнне кінацэнтра, еўрапейскія фонды, да якіх варта было б далучыцца, фінансаванне ўдзелу маладых кінематаграфістаў у міжнародных пітчынгах, — новы законапраект кіруецца ўчарашнім днём і інтарэсамі архаічнай сістэмы «Беларусьфільма». Усё гэта сведчыць пра тое, што структуры, якія адказваюць за развіццё кінематографа і яго фінансаванне, больш жывуць мінулым, чым сённяшнім. А калі тут няма адпаведнага мыслення, то маладым і перспектыўным аўтарам яшчэ доўга прыйдзецца перабівацца ўласнымі высілкамі і безбюджэтнымі фільмамі.

Уласная філасофія

Шкада чарговы раз прызнаваць, але беларускае кіно ўсё яшчэ знаходзіцца ў крызісе, хоць прасветы ў выглядзе незалежных аўтараў, рэдкіх фільмаў і нават уласнай філасофіі здараюцца. Апошняе звязана з імем самага неадназначнага рэжысёра нашай краіны Андрэя Кудзіненкі. У свой час на тэрміне Міхаіла Бахціна «хронотоп» ён пабудаваў уласную канцэпцыю «хранатопі», у якой трэба памерці, каб нарадзіцца ў новай якасці, і звязаў гэта з метадам стварэння кіно. Ён стаў куратарам кінаінтэнсіваў, дзе людзі, што прагнуць ствараць фільмы, павінны абнуліцца і ў прапанаваных умовах літаральна за некалькі дзён выдаць кароткаметражку. Адметна, што так званых акцый адбылося не дзве і не тры: справа Кудзіненкі аказалася моцнай, і якраз у гэтым месяцы мы пабывалі на прэзентацыі ўжо восьмага альманаха, які сабраў фільмы, знятыя падчас летняга кіналагера ў вёсцы Каптаруны. З'яўленне аўтарскага паняцця «хранатопі» і адпаведнага метаду стварэння кіно — сімптаматычная з'ява. Нам варта было чакаць нечага падобнага — канцэптуальнага і таннага — у сітуацыі, якая склалася ў беларускім кіно. Калі няма ні грошай, ні магчымасці прасунуць свае праекты ў пошуках фінансавання, ні прадзюсарскага інстытута, можна проста абнуліцца. Аказалася, ахвотных гэта зрабіць пад кіраўніцтвам Андрэя Кудзіненкі — даволі шмат.

«Гэта некарэктнае пытанне»

«Партрэт» Вольгі Дашук.

Сучасны беларускі кінематограф адзначаецца пэўнымі нотамі парадоксу, а часам і абсурду. Гэта праяўляецца падчас фарміравання тэм, з якімі можна падавацца на рэспубліканскі адкрыты конкурс кінапраектаў. У механізме работы камісіі, якая адбірае праекты для фінансавання. У мэтах распрацаванага праекта ўказа «Аб мерах па стымуляванні развіцця кінематографа». У імкненні «Беларусьфільма» здымаць баевікі, улічваючы, што ніводнага ўдалага за апошні час ён не стварыў. У кіраванні словамі «ідэалогія», «зарабляць», «прадаваць на расійскі тэлеэкран» і ігнараванні паняццяў «мова кіно», «аўтарскае кіно» і «міжнародныя кінафестывалі». У тым, што ў кінафестывалю «Лістапад» у гэтым годзе быў самы маленькі бюджэт за восем апошніх гадоў. У тым, што відавочныя поспехі незалежных аўтараў рэдка заўважаюцца ўладнымі структурамі і «студыяй еўрапейскага ўзроўню» «Беларусьфільмам».

Але квінтэсэнцыяй абсурду будзем лічыць выказванне, якое мы пачулі на прэзентацыі фільма нацыянальнай кінастудыі «Сляды на вадзе». Гісторыя пра барацьбу з бандфарміраваннямі ў пасляваенныя часы атрымала фінансаванне праз рэспубліканскі конкурс, гэта значыць стваралася за кошт дзяржаўнага бюджэту. Так атрымалася, што гэты фільм аказаўся адзінай ігравой карцінай «Беларусьфільма» за 2016 год. Дык вось, калі журналіст запытаўся ў дырэктара кінастудыі Ігара Поршнева пра бюджэт знятага за кошт падаткаплацельшчыкаў фільма, ён адказаў: «Гэта некарэктнае пытанне».

Мы ўжо добра знаёмыя з гэтай эстэтыкай парадоксу.

Р. S. Сачыць за беларускім кіно, праўда, вельмі цікава. Тут абсурд, а там геройскі энтузіязм і здольнасць да аўтарскага аналізу рэчаіснасці. Шкада, афіцыйныя структуры маглі б закласці моцны падмурак для беларускага кіно, але кіно ў іх уяўленні часцей — толькі інструмент. Затое пачуццё (ці хоць бы надзея), што найлепшае — яшчэ наперадзе, аказваецца стойкім нават перад мадэляваннем найгоршых сцэнарыяў. З 93-годдзем беларускага кіно!

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Эстэтыка парадоксу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».