Вы тут

Некалькі спосабаў перамагчы першыя прыкметы завядання скуры


Пасля нашага 30-годдзя сінтэз калагену зніжаецца на 1 працэнт у год. Скура губляе пругкасць, пагаршаецца колер твару, тонус мышцаў, утвараюцца першыя зморшчыны. Пасля 40 гадоў усё гэта працягвае нарастаць, скура абязводжваецца, з'яўляюцца «гусіныя лапкі» каля вачэй, сасудзістыя зорачкі, купероз, павялічваецца глыбіня насагубнай складкі, на верхняй губе могуць расці валаскі. Пасля 50 скура станчаецца, становіцца ўсё больш сухой, абвіслай, са старэчымі пігментнымі плямкамі, ёсць зморшчыны, складкі ды «мяшкі» пад вачыма. Старэе твар ва ўсіх па-рознаму — усё залежыць ад тыпу скуры, целаскладу, формы твару, стану здароўя.


— Заўчаснае старэнне скуры твару адбываецца з-за дрэннай экалогіі. Забруджанае, недастаткова вільготнае паветра, вецер спрыяюць закупорванню пор, запаленню, парушэнню абмену рэчываў, — расказвае ўрач-дэрматавенеролаг амбулаторна-дэрматавенералагічнага аддзялення №3 Мінскага гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера Кацярына ГАПАНОВІЧ. — Ад дэфіцыту вільгаці мяняецца структура скуры, а ліквідаваць яго з дапамогай звычайнага піцця немагчыма — неабходны касметычныя сродкі з малекуламі вады.

Як падоўжыць маладосць?

  • Абараняйцеся ад сонечных промняў з дапамогай капелюша, касметыкі з фільтрамі, сонцаахоўных акуляраў.
  • Не курыце і не злоўжывайце алкаголем.
  • Ужывайце больш агародніны, фруктаў, морапрадуктаў, менш цукру, простых вугляводаў і халестэрыну.
  • Трымайце вагу на адным узроўні, не дапускайце рэзкіх хістанняў.
  • Спіце не менш сямі гадзін.
  • Пазбягайце стрэсаў.
  • Прымайце вітамінныя комплексы (пасля наведвання ўрача).
  • Умерана займайцеся спортам.
  • Рабіце гімнастыку і масаж твару.

Касметолаг здольны падабраць догляд з улікам тыпу старэння скуры.

З мэтай амаладжэння могуць прымяняцца...

  • ...ін'екцыі ботаксу — эфектыўная і бяспечная працэдура, здольная выдаліць мімічныя зморшчыны на лбе, пераноссі, у кутках вачэй і над губамі.
  • ...мезатэрапія — розныя сумесі і экстракты, якія падбіраюцца індывідуальна і ўводзяцца ўнутр скуры, што дазваляе змагацца з пігментнымі плямамі, зморшчынамі, ацёчнасцю, рубцамі і застойнымі плямамі ад куперозу і прышчоў.
  • ...біярэвіталізацыя — заснавана на ін'екцыях прэпаратаў на аснове гілаўронавай кіслаты, што аднаўляе пругкасць, водны баланс, выпрацоўку калагену.
  • ...тэрмаліфтынг — выкарыстанне радыечастотных выпраменьванняў, якія ўздзейнічаюць на глыбокія слаі эпідэрмісу (для тых, хто хоча абысціся без уколаў, можа прымяняцца пасля 35 гадоў).
  • ...фракцыйнае лазернае амаладжэнне — працэдура досыць новая, дапамагае значна палепшыць вонкавы выгляд скуры, падцягнуць скуру, палепшыць яе тэкстуру.
  • ...фотаамаладжэнне, выкарыстанне якога забяспечвае станоўчыя змены літаральна пасля першай працэдуры. Пры сістэматычным прымяненні можна атрымаць працяглы, устойлівы вынік.

Наогул, у арсенале касметолага шмат чаго цікавага і дзейснага.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Раз зморшчынка, два зморшчынка...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.