Вы тут

«Мама ведала ўсё»


Сёння хачу падзяліцца з чытачамі, як была напісана гэтая песня.


— З Юрасём Свіркам я пазнаёміўся на адной з чытацкіх сустрэч у Цэнтральнай бібліятэцы ў Мінску ў 90-я гады. Тады мяне вельмі ўразілі і добразычлівасць аўтара, і яго пачуццё роднага слова, і тая шчырасць, з якой ён чытаў «Мама ведала ўсё». Я нават застаўся пасля сустрэчы ў чытальнай зале, дзе на стэндзе стаялі ўжо выдадзеныя раней кніжкі аўтара. Знайшоў гэты верш, перапісаў яго ў свой запаветны сшытак любімых вершаў. Назаўтра я ўжо яго ведаў на памяць, і неяк сама сабой да яго прыдумалася мелодыя, якая потым была пакладзена на ноты. Праз некаторы час, выпадкова сустрэўшы паэта ў кнігарні, я прызнаўся яму, што літаральна на другі дзень пасля вечарыны напісаў песню на яго вершы. Помню як сёння, Юрась усміхнуўся і зазначыў:

— Дык ты напісаў песню за адзін дзень?

— Так, — адказаў я.

— Вельмі дзіўна, гэты верш я напісаў таксама на адным дыханні...

Я вельмі рады, што быў знаёмы з такім аўтарам, і да сённяшняга дня з цеплынёй успамінаю гэтыя першыя сустрэчы.

Куплет 1:

Мама ведала ўсё: і як жыць,

і як ткаць,

Як цярпліва дзяцей

чарадой гадаваць.

Мама ведала ўсё:

лекі траў, лекі слоў,

Не збівалася

ў часе прылёту буслоў.

Прыпеў:

Мама ведала ўсё, мама ведала,

Мама сэрца сваё

назаўжды аддала.

Мама ведала ўсё, мама ведала,

Мама сэрца сваё

назаўжды аддала.

Куплет 2:

Мама ведала ўсё:

па туману, па шэпту бяроз

Вызначала пагоду —

і дождж, і мароз.

Мама ведала ўсё: дзе маўчаць,

а дзе — голас падаць.

Таямніцу матуліну

мне б разгадаць.

Куплет 3:

Мама ведала ўсё:

нават тую сасонку (О, жах!),

Пад якой на пагосце

ёй вечна ляжаць.

...Пад якой на пагосце

ёй вечна ляжаць.

Мама ведала ўсё,

мама ведала...


Юрась Свірка (1933—2004)

Вядомы беларускі паэт. Аўтар паэтычных кніжак, сярод якіх «Шэпчуцца ліўні», «Вечнасць», «Крэўнасць», «Аўтограф», «Люблю і веру», «Узаемнасць». Два дзесяцігоддзі загадваў аддзелам прозы і паэзіі ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Лаўрэат літаратурнай прэміі імя А. Куляшова.

Яўген КСЯНЕВІЧ, кампазітар-песеннік, куратар мастацкіх і музычных праектаў, калекцыянер мініяцюрнай кнігі. Аўтар песень на вершы беларускіх паэтаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.