Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Не ведаючы броду...

Гэта здарылася са мной у Сенегале, на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна.

Ну каму б у спёку (больш за 30 градусаў) ды пасля доўгай экскурсіі па горадзе не захацелася ў ім пакупацца?!

Вось і мы з задавальненнем кінуліся ў ваду: нават на імгненне не задумаліся, можна гэта ці не.

Я, напрыклад, досыць далёка адплыў ад берага, стаў на ногі, каб трохі аддыхацца, і адчуў, што ў пяту мне штосьці ўкалола. Адразу ж пераступіў на другую нагу — ёй таксама перапала. Прычым адчуванні ад уколаў былі настолькі непрыемныя, што я тут жа паплыў да берага.

А там і высветлілася, што ў вадзе  абедзвюма нагамі я наступіў на... марскіх вожыкаў, што іголкі іх, уткнуўшыся ў падэшвы, месцамі зламаліся...

Выцягваць тое, што засталося, было надзвычай цяжка: здаецца, ухопіш за кончык... І яго ж адарвеш. Уся астатняя «стрэмка» застаецца ў назе. А ўжо колецца...

У кішэні ў мяне быў сцізорык, і таму разам з іголкамі я (дзе сам, дзе з дапамогай таварышаў) стаў выразаць кавалачкі скуры.

...З вялікай цяжкасцю, кульгаючы на абедзве нагі, я дабраўся да свайго цеплахода. Абувацца не мог, бо ногі распухлі. Але ж здавацца не выпадала: я працягваў «ваяваць» са стрэмкамі, і нарэшце наступіў той час, калі іх не засталося.

Так на сваёй уласнай скуры (у поўным сэнсе гэтага слова) я праверыў мудрасць нашай прыказкі «Не ведаючы броду, не сунься ў воду».

П. Сачыўка, в. Цырын, Карэліцкі раён


Прыбор універсальны

Не ведаю як хто, а я дык люблю пасядзець, пагаварыць з унукамі (у мяне іх трое — два студэнты і школьнік).

Дык вось неяк завялі мы гутарку аб прыладах для пісьма. Я ў прыватнасці, папытаўся: ці ведаюць яны, што было спачатку, што потым?

Адказы былі розныя і досыць цікавыя. Пра гусінае пяро сказалі ўсе. Можа таму, што ў падручніках па літаратуры ёсць вядомы малюнак Пушкіна. Потым назвалі крэйду, вугаль, аловак, фламастары... Малодшы яшчэ ўспомніў пра балончыкі з фарбай, што выкарыстоўваюць аматары графіці.

— А што такое аўтаручка? — папытаўся я.

Унукі дружна паказалі на свае шарыкавыя...

З аднаго боку яно блізка, відаць, але ж я зрабіў экскурс у гісторыю — расказаў спачатку пра асадкі.

Ручкі гэтыя, хто не ведае, складаліся з драўлянай палачкі, у якую ўстаўлялася пяро — «зорачка» або «жабка». Яго мачалі ў чарніла (водны раствор фарбавальніка), якое захоўвалася ў спецыяльных шкляных чарніліцах. (Асаблівасць іх была ў тым, што вадкасць адтуль амаль не вылівалася нават тады, калі ёмістасць кулялася набок альбо наогул перакульвалася.)

Пісаць пяром — тоненька або з націскам — была асобая навука і асобая праца. Часопіс «Вожык» нават рубрыку меў «Пяро нарыпела»...

На змену асадкам прыйшлі аўтаручкі, якія чалавек ужо сам запаўняў чарнілам з адмысловай бутэлечкі.
І толькі потым з'явіліся сучасныя ручкі са стрыжнем.

...Помню, прывезлі такое дзіва і Пятровічу, калгаснаму старшыні. Што важна, прывезлі з замежжа і якраз на Вялікдзень. І вось першы працоўны дзень пасля яго, ранішняя нарада. Глядзіць старшыня на сваіх арлоў-спецыялістаў, а тыя твары свае хаваюць — пахмяліліся зранку, хоць з гэтым у гаспадарцы вельмі строга было.

— Колькі на грудзі ўзяў? — пытаецца старшыня ў чырванашчокага брыгадзіра.

— Пятровіч, праўду кажу: сёння — ні грамулькі, толькі кубак чаю, — апраўдваецца той.

— А мы праверым, — сказаў старшыня і дастаў з кішэні шарыкавую ручку. Некалі разоў папстрыкаў ёй (маўляў, глядзіце, прыбор працуе) ды паднёс да вуснаў брыгадзіра:

— Дзьмі.

Той аднак не спяшаўся: ён ужо чуў ад кіроўцаў, якія ездзілі ў камандзіроўкі, што работнікі ДАІ цяпер «узброены», што ёсць у іх спецыяльныя трубачкі — варта падзьмуць, калі піў, — яна тут жа ссінее...

А старшыня між тым чакаў. Так што дзявацца не было куды: прыйшлося ціхенька хукнуць.

— Зараз паглядзім, — паабяцаў Пятровіч і, разабраўшы ручку, паказаў... сіні-сіні стрыжань. — Ды ты, браток, амаль паўлітра кульнуў?

— Не! Як бог на небе: два кілішкі — не болей.

— Ну, хто яшчэ два кілішкі? — старшыня глядзеў на мужыкоў.

— Дык жа свята якое, Пятровіч! — зашумелі тыя. — Прабач.

— Добра, — пагадзіўся старшыня. — На сёння выбачаю, але ж майце на ўвазе, што алкатэстар у мяне цяпер ёсць,
і яго не падманеш.

Мужыкі паверылі — за чыстую манету прынялі.

Засумняваліся толькі потым: пасля таго, як Пятровіч, у іх на вачах, алкатэстарам... падпісаў нейкую паперыну.

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


Цудадзейны сродак

Не так даўно (гл. «Звязда» ад 24.11) я пісала, як жонка «палячыла» свайму мужу жывот — анілінавым фарбавальнікам. Зараз раскажу, як муж (ужо іншы) вылечыў жонцы радыкуліт.

Пра лекі звычайна кажуць, што яны адно лечаць, другое калечаць. Тут якраз гэткі выпадак.

Жылі-былі, значыць, Хведзька з Анютай. Добра жылі, бо Анюта была людскай жанчынай і дбайнай гаспадыняй.

І Хведзька яе таксама не зломак — здабытчык, дальнабойшчык, добра зарабляў, усю вялікую краіну аб'ехаў «ад Масквы да самых да акраін», меў «падвязкі» ў Прыбалтыцы. А тады ж гэта «чыста захад», амаль капіталізм. І ўсё ў Хведзькі было: і «Рыжскі бальзам», і эстонскі лікёр «Вана Талін», і сасіскі, якіх тады не бачыў ніхто, і піва «Таўрас»...

Усё гэта Федзьку «падганялі» яго прыбалтыйскія сябры. А ён ім вяленых ляшчоў з нашага Дняпра... Сустрэнуцца, тое піва п''юць ды гамоняць. Прыбалты кажуць, што трэба грошы з кніжак здымаць ды купляць даляры, бо гэта валюта. А нашы хлопцы хіба пасміхаюцца: навошта?

Трэба было прыбалтаў слухаць.

...Але ж адно дрэнна: нягледзячы на працвітанне сям'і, даймалі Анюту болі ў спіне. І ніякія, нават прыбалтыйскія, сродкі ёй не памагалі. Бывала, прыедзе Хведзька з рэйса — яму б «расслабіцца», «сужэнцкі абавязак» выканаць, а жонка ледзь не крыкма крычыць: нават не набліжайся, маўляў.

То неяк аж з Алтая прывёз ёй Хведзька цудадзейны сродак: рэцэпт мясцовых шаманаў — злоўленыя ў поўню гадзюкі, скарпіёны і яшчэ нейкія пачвары, настоеныя на спірце з пякучым перцам. (Як казаў незабыўны Задорнаў, сродак па рэцэпце гімалайскай бабулі Фросі, ад якога яна і памерла.)

Дык вось, значыць, скруціла Анюту — ні ахнуць, ні ўздыхнуць. Хведзька палажыў яе на жывот, на вялікую падушку, і пачаў «свяшчэннадзейнічаць»: налье, значыць, трошкі сродку на балючае месца і расцірае пакрысе.

Як прызнала хворая, — спіне пацяплела, боль стаў сціхаць.

Тады муж яе вырашыў паскорыць «лячэнне» — плюхнуў сродку ўжо не шкадуючы, ды так, што расцерці не паспеў: той па «жалабку» на спіне «пабег» уніз, да галоўнага жаночага органа.

«Уздзеянне» было маментальнае: Анюта ўскрыкнула, падхапілася, быццам ніякага радыкуліту не было, схапіла кіёк, з якім да гэтага соўгалася па хаце, і, успомніўшы Хведзькаву маці (хоць ставілася да яе з найвялікшай пашанай), «перацягнула» ім па мужавым плячы. А потым куляй панеслася змываць тыя лекі...

Доўга мыла — зацягнуўся «працэс», гора было для Хведзькі.

Але ж радыкуліт сваёй жонцы ён вылечыў!

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён


Дурныя жарты пахвалы не варты

Маладымі мы любілі пажартаваць, асабліва з дзяўчатамі. У нас на хімзаводзе ў той час няцяжка было знайсці, напрыклад, здохлую мыш. Яшчэ лягчэй — падлажыць яе ў пакінутыя на стале жаночыя пальчаткі... З усімі адсюль наступствамі.

Яшчэ адну неспадзяванку мы рыхтавалі ў спёку. На тэрмометры, напрыклад, плюс 30. На вуліцы — няма чым дыхаць. Што ўжо казаць пра вытворчыя памяшканні...

Дык мы да дзяўчат з «сюрпрызам»: нехта з хлапцоў бярэ гумавую пальчатку, напаўняе яе халоднай вадой і потым гэтую «бомбу» скідвае праз мантажны праём.

Шок быў — яшчэ той, але ж з «порцыяй» прахалоды... Таму ўслед «бамбардзіроўшчыку» ляцела хіба некалькі моцных слоў — і не болей.

Былі яшчэ дурнейшыя жарты. Адзін малады чалавек, каб звярнуць на сябе ўвагу дзяўчыны, нічога лепшага не прыдумаў, як уткнуць ёй у вуха трубку, з якой ішло сціснутае паветра.

Гэты жарт скончыўся тым, што ініцыятар атрымаў вымову і пазбавіўся прэміі за хуліганства на працоўным месцы. Ён жа з уласнай кішэні аплаціў пацярпелай лісток непрацаздольнасці.

Перапала неяк і мне. Іду, значыць, па вуліцы, а наперадзе, бачу, знаёмая.

Закарцела пажартаваць: дагнаў яе, ухапіў за сумачку.

Можа, там грошай многа было, можа, яшчэ якая прычына, але дзеўка спужалася так, што я і сам зарокся жартаваць, і іншых стрымліваў. А тым больш — у адносінах да дзяўчат ды маладзіц, бо ці мала што...

Мікалай Старых, г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».