Вы тут

«Мы» на паверхні


Ад кіно з назвай «Мы» чакаеш менавіта нас. Але як зразумець, што на экране мы, што нас не падманулі? Лёгка: звычайна стужкі пра сапраўднае даводзяць да дрыжыкаў, выклікаюць нештучныя эмоцыі ды своеасаблівае пачуццё гонару за тое, што нарэшце ў айчынных рэжысёраў атрымалася паказаць нашу рэчаіснасць і наш менталітэт. У кінаальманаху дэбютных работ «Беларусьфільма» «Мы» (яго прэм’ера адбылася на сёлетнім «Лістападзе») гэтага, на жаль, амаль няма, і адзіная эмацыянальная звязка фільма ды гледача — адзінства месца, якое можна пазнаць па чыгуначным вакзале, Нямізе ды мосце на «Інстытуце культуры». Але ці дастаткова толькі гэтага для кіно, якое паважае айчыннага гледача?


Кадр з навелы «Брача» (рэж. К. Ярохін)

Складана сказаць, ці наўмысна кінаальманах зроблены такім наіўным. А наіўнасць тут паўсюль: пачынаючы персанажамі і заканчваючы ўчынкамі герояў. У кожнай з 5 навел ёсць месца нейкай дзіцячай бесклапотнасці, даверлівасці ды прастаце, і гэта здараецца нават тады, калі героі фільма — дарослыя, сур’ёзныя людзі. Менавіта гэтая наіўнасць ужо не дазваляе ставіцца да кінаальманаха як да дарослага кіно, але і наўрад ці «Мы» стане адным са штуршкоў прывабіць да беларускага кінематографа маладую аўдыторыю. Тым не менш у гэтай спробе таксама можна пашукаць плюсы. Кожная з навел адсылае гледача да надзеі: стужка Яўгена Сяцько «Падарунак СантаКлауса» — да надзеі на каханне, «Спадароднік» Настассі Мірашнічэнкі — на прабачэнне, «Дыялог» Надзеі Абрамчук — на разуменне, «Лялька» Арсенія Ільіных — на шчасце, а «Брача» Кірыла Ярохіна — на спагаду. Але ці ёсць гэтая надзея ў фільмах?

Стужка Яўгена Сяцько (якога складана назваць дэбютантам у кінематографе, бо рэжысёр добра вядомы сваімі дакументальнымі работамі) як нельга лепш глядзіцца ў пераднавагоднія дні: малады харызматычны злачынца (яго іграе Раман Шыцько, які выканаў галоўную ролю і ў стужцы Нэлы Васілеўскай «Сябры па перапісцы») крадзе чамадан, пакінуты таямнічым немцам на мінскім чыгуначным вакзале, і замест навагодняга падарунка ў выглядзе матэрыяльнай ці хоць бы якой падтрымкі знаходзіць там прывабную дзяўчыну (актрысу Лізавету Шукаву, якая дэбютавала ў «ГараШы» Андрэя Курэйчыка). Так, з такога сцэнарыя, магчыма, магла б атрымацца навагодняя камедыя ці прыгожая меладрама, але замест гэтага глядач атрымаў банальную кароткаметражку, якая наўрад ці дасць камусьці надзею на каханне: дзяўчына, якой так хацелася трапіць у Германію разам з каханым (ці не?) немцам, хутка разумее, што лепш застацца беларускім хлопцам.

Што да надзеі на прабачэнне, то «Спадарожнік» Настассі Мірашнічэнкі можна лічыць адной з самых удалых стужак альманаха. Дарэчы, разам з работай над гэтай кароткаметражкай рэжысёр паспела зняць «Дэбют», і прадставіла яго на фестывалі IDFA, які называюць «дакументальнымі Канамі». Героі рэжысёра ў «Спадарожніку» — гэта прадстаўнікі розных пакаленняў. Адзін любіць вучыць, другі — вучыцца, адзін шукае сэнс жыцця, другі ўжо даўно знайшоў. Але першае, што заўважаеш у гэтай стужцы, — прыгажосць выявы: многа воднай стыхіі, рухаў, шмат водбліскаў святла; другое — таленавітыя акцёры (напрыклад, Аляксандр Яфрэмаў), паміж якімі бачная сувязь; трэцяе — сур’ёзная спроба паразважаць над пытаннямі бацькоўскай любові, дзіцячага неразумення, нянавісці і прыняцця сітуацыі. У далікатнасці роздумаў, у сімволіцы жэстаў і наіўнасці (якая тут дарэчы) амаль не заўважаюцца недахопы, якія ёсць у фільме, бо акрамя іх тут ёсць адказы на многія пытанні пакаленняў і дакладнае разуменне, што часам нават суровыя мужчыны могуць быць далікатнымі, калі справа тычыцца сям’і.

У навеле «Дыялог» Надзеі Абрамчук, як і ў «Ляльцы» Арсенія Ільіных, амаль няма пробліскаў святла. У «Дыялогу» рэжысёр паспрабавала, зноў жа, паразважаць на тэму бацькоў і дзяцей: так, тэма вечная, яна сапраўды вартая развагаў, глыбокіх думак ды асабістых меркаванняў, але тут няма амаль нічога. Гераіні фільма — дзяўчынка, яе маці ды сабака, усе па-свойму адзінокія: маці, якая бесперапынку працуе, зрываецца на маленькай дачцэ, часам здаецца, што нават не мае да яе ніякіх пачуццяў і больш клапоціцца пра сабаку. У сваю чаргу дачка таксама больш любіць весці размовы з сабакам, чым з маці. У такім коле неразумення, нелюбові, непрыемнага судакранання існуюць гэтыя трое, але якую выснову з такога фільма можна зрабіць? У «Ляльцы» аўтар таксама вырашыў задацца пытаннем адносінаў: у трамваі сустракаюцца калісьці блізкія людзі, якія мелі адно на дваіх жыццё, як тады ім здавалася, будучыню і сумеснае шчасце. Калі дзяўчына (актрыса Маладзёжнага тэатра Лізавета Ільеўская) змагла перамагчы балючае расстанне ды пачаць дарослае новае жыццё (якое падзяляе з ёй дачка), то хлопец сэнс жыцця знайшоў толькі ў марнатраўстве. Яшчэ большай драматычнасці аповеду надае лялька — звычайная дзіцячая цацка, якая нарэшце прымушае героя падлічыць час, узгадаць мінулае і пераасэнсаваць рэчаіснасць, бо цяпер у яго ёсць маленькая дачка. Другая (і апошняя) удалая навела — «Брача» Кірыла Ярохіна, якая зроблена небездакорна, але сапраўды выклікае тое, што і патрэбна: спагаду, спачуванне. Магчыма, тут ёсць заслуга і сцэнарыста (драматург Дзмітрый Багаслаўскі), і аператара (Дзмітрый Рудзь), і, зразумела, самога рэжысёра, у якога атрымалася рэалістычна візуалізаваць персанажаў з вельмі рознай філасофіяй (папулярны рэпер і самотны паэт), але аднолькавым жаданнем ісці на кантакт. Што адбываецца: рэпер заўважае, як хлопец хоча скокнуць з моста ды не дазваляе гэта зрабіць, прычым не звыклымі дамовамі, як у серыялах, а смелым зваротам да згубленай душы ды добрым пачуццём гумару. Разам героі перажываюць вельмі складаную ноч: размаўляюць пра музыку ды вершы, чытаюць адзін аднаму ўласныя сачыненні, дзеляцца марамі ды меркаваннямі наконт складаных сітуацый. Словам, становяцца блізкімі сябрамі за некалькі гадзін. І з фільма бачна, што ў герояў нашмат больш драм, чым яны распавядаюць адзін аднаму, і нашмат больш шнараў ад перажытага. І хоць акцёры ў «Брача» не прэтэндуюць на «Оскар», паверыць у трагічную сітуацыю, якой заканчваецца фільм, вельмі лёгка — такім і павінна быць дэбютнае кіно: каб хацелася прасачыць за далейшым лёсам рэжысёра ды задаць яму пытанне: «А што далей?».

Але ўсё ж «Мы» — гэта альманах, які, напэўна, нельга ацэньваць паасобку. Калі тут і ёсць некалькі светлых промняў, то заўважыць іх будзе складана: магчыма, хтосьці проста не даглядзіць стужку да гэтага «промня». Усё ж у маладым кіно, хай і дэбютным, хочацца бачыць больш рэальнасці (якой бы непрыемнай і суровай яна ні была), а не бясконцыя лыжкі салодкага сочыва, якімі ліюцца радкі сцэнарыя. У цане заўсёды дзёрзкае, актуальнае кіно, якое б адпавядала кантэксту ды распавядала пра яго. Магчыма, кінематаграфістам трэба звярнуць увагу і на тое, што часам учынкі ды паводзіны створаных імі герояў не адпавядаюць ім узростава: маладыя бяруць на сябе абавязкі дарослых ды наадварот, але ніхто з гэтымі ролямі не спраўляецца. Ці ў Беларусі бракуе добрых сцэнарыстаў?

На кінастудыі паведамілі, што ў кінаальманаха хутка будзе працяг: новы зборнік будзе складацца з чатырох навел, якія здымуць Мітрый СямёнаўАлейнікаў, Кірыл Галіцкі, Ігар Васільеў і Дзмітрый Федаровіч. А пакуль што можна паглядзець першую спробу «Беларусьфільма» папрацаваць з маладымі рэжысёрамі: кінаальманах «Мы» паказваюць у кінатэатрах Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцей, плануюцца паказы і ў астатніх рэгіёнах.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».