Вы тут

Станіслава Умец. Дамок з зялёнымі аканіцамі


Калі мы перастаём верыць у казкі... Зрэшты, а мы, і праўда, перастаём верыць у казкі? Хіба ў марах, якія і ў дзяцінстве, і ў сталым узросце ствараем сваім уяўленнем і недзе глыбока ў душы спадзяёмся, што яны калі-небудзь збудуцца, не бывае нічога казачнага? Калі вы лічыце, што не, то, магчыма, апавяданне Станіславы Умец не выкліча ў вас асаблівых эмоцый. Калі ж незвычайныя мары — верны спадарожнік вашага жыцця, то, хто ведае, можа, вам яшчэ не раз захочацца яго перачытаць.

Алесь Бадак


Алелька нарадзіўся ў сям'і пекара і швачкі. Жылі яны душа ў душу. Бывала, збяруцца ўвечары ў маленькай гасцёўні — і бацька пачне чытаць свае вершы. Нязграбныя, але такія пранікнёныя і чуллівыя, што нават Алелька ледзь не плача. Хацелася б і яму скласці колькі радкоў пра каханне, ды толькі не было каму іх прысвяціць. І вось аднойчы па волі лёсу ён атрымаў ліст ад дзяўчынкі па імені Эма — і з ўсёй палкасцю ўзяўся адказваць.

У лёсу было жаночае аблічча і зусім канкрэтнае імя — Вера Яфімаўна, паштарка, якая выпадкова закінула Эмін ліст не ў тую скрынку. Алелька сардэчна называў яе добрай феяй, калі сутыкаўся з ёю ля веснічак і, з ейнай ласкі, атрымліваў доўгачаканы канверт замест суседа.

Вера Яфімаўна працавала феяй тры гады, а пасля выйшла на пенсію. І цуды раптам скончыліся...

* * *

Фіялетавы аўтобус без нумара і пэўнага напрамку прадзіраўся праз гушчар. Па вокнах хвасталі галіны. Нарэшце, наперадзе заззяла сонца — і аўтобус хутка выбраўся на паплавец. Высадзіўшы бабульку з клуначкам, ён памчаў далей. А старая закульгала па высокай сакавіта-зялёнай траве да статка беласнежных авечак, кучаравых і лёгкіх, як тыя воблачкі. Эма калісьці даўно ўжо назірала гэтую карціну, толькі тады побач з бабулькай шпарка крочыў зухаваты дзядок у клятчастым пінжаку.

Ля рачулкі выйшаў хлопец з вязанкай кніг. У вузкім месцы аўтобус пераскочыў на другі бок і, падкаціўшы да высачэзнага замка з ружовымі вежамі, высадзіў маленькую золатавалосую прынцэсу. Праз колькі хвілін ён зноў спыніўся. Эма дакладна ведала, што зараз яе чарга выходзіць. На ўскрайку лесу дзяўчыну чакаў дамок з зялёнымі аканіцамі, абкружаны фруктовым садам. Яна прыязджала сюды ў дзяцінстве, частавалася яблыкамі і грушамі, гуляла ў лялькі, паіла малаком ката Ваську. Не менш за пятнаццаць гадоў прайшло, а тут быццам нічога і не змянілася.

Эма ўвайшла ў дамок і аслупянела ад здзіўлення: у крэсле з катом на каленях сядзеў малады чалавек прыемнага выгляду, хіба што крыху паўнаваты. Ён адразу ж падхапіўся — і Васька з незадаволеным мяўканнем саскочыў на падлогу.

— Я чакаў цябе, — прамовіў незнаёмец. — Пяць гадоў чакаў. Я ведаў, што аднойчы ты абавязкова завітаеш сюды!

— Але адкуль ты даведаўся пра гэтае месца? — не магла ўцяміць Эма.

— Ты пісала мне пра дамок з зялёнымі аканіцамі, пра свае дзіцячыя мары...

— Алелька?

* * *

— Эма! Прачынайся, праз паўгадзіны выязджаем!

Дзяўчына расплюшчыла адно вока, пасля — другое. Над ёй навісла бялявая матчына галава. «Выязджаем? Куды? — спрасонку не зразумела Эма, але тут жа радасна ўспомніла: — Дамоў, мы едзем дамоў!» Бацька скончыў справы ў Вроцлаве — і яны вяртаюцца ў Мінск.

Увесь няблізкі шлях дадому Эма думала пра свой дзіўны сон. У дзяцінстве ёй так хораша, так утульна было ў дамку на ўскрайку лесу, які намалявала яе ўяўленне. Яна прыязджала туды штоноч. Але, аднойчы спазніўшыся на фіялетавы аўтобус, Эма, як ні намагалася, больш не магла на яго патрапіць. Пэўна, вырасла, перастала марыць. Чаму ж сёння яна зноў убачыла гэты сон?

Думала дзяўчына і пра Алельку. Чаму ён пакінуў пісаць ёй? Яна ж даслала яму новы адрас у апошнім лісце. Пяць гадоў прайшло, а Эма так і не здолела забыць Алельку.

* * *

Пяць гадоў прайшло, а Алелька так і не здолеў забыць Эму. Нават аканіцы бацькоўскай хаты пафарбаваў у зялёны колер — яе любімы.

Ён працягваў дасылаць Эме лісты, цёплыя і пяшчотныя, як духмяныя булачкі. Алелька нават не падазраваў, што нейкая паштарка, імя якой гісторыя не называе, злосна запіхвае іх у перапоўненую скрынку, дзе яны чакаюць не дачакаюцца адрасата. На шчасце, у адрозненне ад булачак, мяккія словы не чарсцвеюць.

І вось аднаго разу Алелька праз кухоннае акно заўважыў ля веснічак дзяўчыну з канвертам у руках. Прыняўшы яе за новую паштарку, ён скінуў фартух і выбег з дома. Ды раптам спыніўся. Гэта была дзяўчына з яго сноў. Гэта была Эма.

— Вырашыла не давяраць пошце свой ліст, — усміхнулася яна. — Ну што, пачастуеш мяне булачкамі?

Каментары

Якое добрае і цёплае апавяданне! На мяжы сну і рэальнасці... Р.S. Асабліва кранула параўнанне слоў з духмянымі булачкамі. :)

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.