Вы тут

Беларусь — Фінляндыя: нарошчванне супрацоўніцтва


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Фінляндыі Саулі Нііністэ і народ гэтай краіны з нацыянальным святам — 100-й гадавінай абвяшчэння незалежнасці Фінляндскай Рэспублікі. Як адзначыў беларускі лідар, "Беларусь высока ацэньвае вопыт Фінляндыі ў эканамічнай, інавацыйнай, сацыяльнай і іншых галінах і ўдзяляе вялікую ўвагу пашырэнню сувязяў з вашай краінай".


Беларусь шмат што аб'ядноўвае з Фінляндыяй, значна больш, чым можа падумаць чалавек, які раней не цікавіўся гэтым пытаннем. Перш за ўсё, Фінляндыя належаць да той жа катэгорыі еўрапейскіх дзяржаў, што і наша краіна — сярэднія па насельніцтве і тэрыторыі. У Фінляндыі ёсць істотны выйгрыш па памеры ў параўнанні з Беларуссю — яе тэрыторыя складае 338,145 кв. км, Беларусь выйграе па колькасці насельніцтва — у нас яго на чатыры мільёны больш. Таксама Фінляндыя з'яўляецца адзінай скандынаўскай дзяржавай, якая, як і Беларусь, доўгі час была ў складзе Расійскай імперыі. Гэта стварае асаблівыя магчымасці для паразумення нашай краіны з фінскімі элітамі, многія падзеі, якія адбываліся на постсавецкай прасторы, ім нашмат больш зразумелыя, чым для тых еўрапейскіх краін, якія такога вопыту не маюць. У фінскіх гарадах шмат праваслаўных храмаў, а архітэктура, напрыклад, Хельсінкі, не нашмат адрозніваецца ад Санкт-Пецярбурга.

Наступным фактам, які ўжо характэрны для невялікага ліку краін у Еўропе, з'яўляецца асаблівае стаўленне да сваёй гісторыі. Справа ў тым, што ў складзе Расійскай імперыі Фінляндыя была крыху больш за сто гадоў, а да гэтага сем стагоддзяў яна была часткай Шведскай імперыі. У выніку частка шведаў непазбежна засталася жыць у Фінляндыі і пасля змены палітычнай сітуацыі, а шведская мова стала фактычна часткай фінскай культуры, як у Беларусі руская мова — часткай беларускай. Таму Фінляндыя прыняла тое ж разумнае рашэнне, што і Беларусь: дзяржаўнымі ў краіне з'яўляюцца дзве мовы, найбольш важныя з пункту гледжання гісторыі і культуры краіны. Дарэчы, прапорцыя шведскага насельніцтва на тэрыторыі Фінляндыі значна меншая, чым рускага ў Беларусі, але гэта не перашкаджае захаванню традыцыі, якая ўстаялася.

Несумненна і падабенства па менталітэце, якое адзначаюць многія фіны, якія апынуліся на тэрыторыі нашай краіны. Насельніцтва Фінляндыі прагматычнае, як і ў Беларусі. У якасці прыкладу можна прывесці сітуацыю з адносінамі з СССР пасля 1945 года. На працягу ўсяго шасці папярэдніх гадоў Фінляндыя двойчы сутыкалася з Чырвонай Арміяй і страціла частку сваёй тэрыторыі. Здавалася б, ёсць прастора для негатыўных эмоцый на адрас Масквы. Але фіны даказалі, што іх нездарма называюць прагматыкамі. Замест уступлення ў НАТА і культывавання нянавісці да СССР, яны засталіся па-за гэтым ваенным блокам і сталі імкліва развіваць сваю эканоміку на аснове цеснага эканамічнага супрацоўніцтва з СССР.

Гэтая стратэгія атрымала назву фінляндызацыі — і, дарэчы, цяпер некаторыя палітолагі кажуць, што Беларусі трэба ісці гэтым жа шляхам. Фінляндыя зарабіла сотні мільярдаў еўра на супрацоўніцтве з савецкай эканомікай, стаўшы вельмі багатай і развітой эканомікай. Як тут не параўнаць з сітуацыяй, напрыклад, Літвы ў 1991 годзе. У адрозненне ад фінаў, літоўцы істотна павялічылі сваю тэрыторыю ў выніку тэрытарыяльных падарункаў ад Масквы. Але пасля 1991 года замест прагматызму прадэманстравалі зусім іншыя пачуцці. Літва ўступіла ў НАТА і вядзе адкрытую кампанію супраць Масквы, якая дорага абыходзіцца для літоўскай эканомікі, усё яшчэ па традыцыі цесна звязанай з расійскай.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў у віншаванні, што канструктыўныя міждзяржаўныя адносіны з'яўляюцца асновай для ўмацавання беларуска-фінляндскага гандлёвага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, падтрымкі рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі, тым самым акрэсліў найбольш важныя сферы ўзаемадзеяння нашых краін. У сферы гандлю самым удалым быў 2012 год, калі беларускі экспарт склаў 145,4 мільёна долараў. На жаль, потым кожны год экспарт істотна зніжаўся аж да 16,54 мільёна ў 2016 годзе. Па звестках за студзень—верасень 2017 года, сітуацыя пачала паляпшацца, памер беларускага экспарту вырас на 26,5 працэнта.

Фінляндыя асабліва важная для нашай краіны як імпарцёр, у беларускую эканоміку ёю пастаўляецца шмат тавараў, важных для мадэрнізацыі. Імпарт хоць і скараціўся амаль удвая ў 2016-ым у параўнанні з 2012 годам, але ўсё ж склаў суму ў 84,7 мільёна долараў. На працягу 2016 года ў беларускую эканоміку прыцягнута 12,5 млн долараў прамых інвестыцый. Агульная сума прыцягнутых інвестыцый з Фінляндыі за апошнія гады складае больш за 140 млн долараў. У Беларусі зарэгістравана 30 кампаній, створаных з удзелам фінскага капіталу, функцыянуюць 3 прадстаўніцтвы фінскіх фірмаў.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?