Вы тут

Аляксандр Лукашэнка абазначыў прыярытэты айчыннай навукі


У першую чаргу з'езд — своеасаблівы мазгавы штурм, мабілізацыя інтэлектуальнай эліты нашага грамадства на рашэнне найбольш перспектыўных і актуальных праблем. На гэтым зрабіў акцэнт у сваім выступленні на II З'ездзе вучоных Беларусі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Ён назваў як поспехі айчыннай навукі, так і праблемныя моманты, а таксама агучыў кірункі развіцця на далейшыя гады.


Першы з'езд вучоных праходзіў дзесяць гадоў таму, і тады магістральным кірункам быў вызначаны прыкладны характар айчыннай навукі. За мінулыя гады зроблена нямала, што не дзіўна: у Беларусі працуюць вучоныя з сусветнымі імёнамі. Ды і па шэрагу навуковых даследаванняў атрыманы рэзультаты, прызнаныя ў свеце. Так, нашы машынабудаўнікі разам з навукоўцамі стварылі самы вялікі кар'ерны самазвал БелАЗ грузападымальнасцю 450 тон. Распрацаваны і ўжо выпускаецца айчынны электробус з хуткай зарадкай.

Звярнуў кіраўнік дзяржавы ўвагу і на той факт, што дзякуючы пераважна айчынным тэхналогіям была вырашана праблема харчовай бяспекі. Мы не проста сталі ў гэтым плане самадастатковымі, але і экспартаарыентаванымі: доля экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў аб'ёме экспарту тавараў па выніках мінулага года склала амаль 18%!

Ганарыцца дзяржава распрацоўкамі айчынных фармацэўтаў, медыкаў. А будаўніцтва атамнай станцыі ўвогуле сфарміравала новую навукаёмістую галіну нашай эканомікі:

— Усе вы ведаеце, якое раўнівае стаўленне ў некаторых нашых суседзяў да будаўніцтва і гарантавання бяспекі беларускай АЭС. Пераканаўчым навуковым адказам апанентам у гэтым пытанні з'яўляецца распрацоўка сусветнага ўзроўню — аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі вакол аб'екта.

Звяртаючыся да гэтай тэмы, Прэзідэнт заявіў:

— Скажу адкрыта нашым суседзям, перш за ўсё тым, хто так перажывае за будаўніцтва станцыі. Па-першае, бяспека — гэта наш клопат. Мы перш за ўсё зацікаўлены ў бяспечнай станцыі. Па-другое, замест таго, каб тарпедаваць некаторыя пытанні будаўніцтва атамнай станцыі — мы ж усё роўна яе пабудуем... замест таго, каб весці размову аб спыненні будаўніцтва, закрыцці — я ўжо прапаноўваў суседзям: давайце разам падумаем, як яе эксплуатаваць, як атрымаць танную электрычную энергію і забяспечыць ёй не толькі Беларусь — а ў нас будзе прафіцыт гэтай энергіі, — але і суседзяў.

Беларуская навука годна прадстаўлена і ў касмічнай сферы, на сусветным рынку ваенных тэхналогій айчынная прадукцыя таксама карыстаецца попытам.

— Рэзультатыўнасць беларускай навукі адлюстроўваюць паказчыкі міжнародных рэйтынгаў, — аргументаваў Аляксандр Лукашэнка. — Так, па індэксе ведаў Беларусь займае 45-е месца сярод амаль 200 краін і палепшыла гэты паказчык за апошнія пяць гадоў на 14 пунктаў.

У красавіку бягучага года Прэзідэнт даручаў кіраўніцтву Нацыянальнай акадэміі навук і ўраду максімальна вырашыць праблемныя пытанні навуковай дзейнасці. Цяпер настаў час удакладніць прыярытэты, канкрэтызаваць пастаноўку навуковых задач. На думку беларускага лідара, трэба больш актыўна практыкаваць стварэнне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы заводскіх даследчыцкіх лабараторый, цэнтраў і доследных вытворчасцяў. Акрамя гэтага, Аляксандр Лукашэнка назваў непрымальнай сітуацыю з тэрмінамі падрыхтоўкі і ўкаранення навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ — калі на гэта сыходзяць гады.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў з'езда на шэрагу кірункаў удасканалення і далейшага развіцця айчыннай навукі.

...Па вытворчасці

— Трэба сумесна вырашыць асноўныя праблемы машынабудавання, прамысловасці ў цэлым. Бо менавіта ў прамысловасці — ядро ўсіх інавацый. Няма краін з моцнай навукай і слабай прамысловасцю — і наадварот, — заявіў Прэзідэнт.

Прамысловасць разам з навукай павінны вызначыць кірункі дыверсіфікацыі і мадэрнізацыі вытворчасцяў, забяспечыць сістэматычную работу па ацэнцы надзейнасці і якасці прадукцыі, павысіць высокатэхналагічнасць вытворчасці. Асобнае даручэнне Аляксандра Лукашэнкі датычылася распрацоўкі праграмы развіцця электратранспарту. Сярод іншага яна павінна ўключаць стварэнне і выпуск айчынных элементаў электрапрывада і акумулятараў.

...Па сельскай гаспадарцы

— Вучоным неабходна распрацаваць, а Мінсельгасхарчу — рэалізаваць комплекс мер па павышэнні ўзроўню рэнтабельнасці сельгаспрадпрыемстваў, — даручыў кіраўнік краіны. Ён звярнуў увагу, што ў нашай аграрнай сферы захоўваецца шэраг унутраных праблем эканамічнага, сацыяльнага характару, вырашаць якія неабходна з апорай на навуку.

...Па ІТ-тэхналогіях

Літаральна днямі кіраўнік дзяржавы праводзіў нараду па праекце дэкрэта «Аб развіцці лічбавай эканомікі ў краіне». Тады ж Прэзідэнт адзначыў: лічбавая трансфармацыя эканомікі з'яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў.

— Паглядзіце, што зараз адбываецца, — акцэнтаваў увагу навукоўцаў Аляксандр Лукашэнка. — Робатызацыя ахоплівае прамысловасць і сяло. ІТ-платформы выціскаюць традыцыйны гандаль, блокчэйн — фінансы. Штучны інтэлект усё часцей замяняе чалавека ў прывычных сферах жыцця. І ў нас інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі трэба накіроўваць на стварэнне інтэлектуальных сістэм апрацоўкі звышвялікіх аб'ёмаў даных, падтрымкі прыняцця рашэнняў для органаў дзяржаўнага кіравання, «воблачных» і іншыхтэхналогій.

...Па стварэнні навукова-тэхнічных паркаў

У прыватнасці, у сферах бія- і нанатэхналогій, фармацыі і прыладабудавання.

— Вы прапануеце, каб платформай для паскарэння работ па даследаваннях і стварэнні айчыннай фармацэўтычнай, бія- і нанатэхналагічнай прадукцыі стаў Нацыянальны навукова-тэхналагічны парк «БелБіяград». Я шмат над гэтым думаў. Трэба разумець, што калі паглядзець на сутнасць вашых прапаноў, то вы хочаце нейкія прадпрыемствы, групы навукоўцаў, нейкія кірункі зняць з навукі і змясціць у нейкі «град». Не ведаю, калі без гэтага не могуць развівацца кірункі ў галіне бія- і нанатэхналогій, прыладабудавання, — ну давайце іх змесцім у нейкі «град» накшталт Беларуска-кітайскага парка «Вялікі камень», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Але, адзначыў Прэзідэнт, калі мы можам працаваць зыходзячы з таго, як зараз развіваюцца ў нас гэтыя кірункі, даваць рэзультат — то навошта ламаць сістэму? І траціць на гэта вялікія грошы — а лішніх у нас, як вядома, няма.

...Па гуманітарных навуках

У іх свая функцыя, не менш важная. На думку Аляксандра Лукашэнкі, «найважнейшым прадуктам гуманітарных ведаў з'яўляюцца сацыяльныя тэхналогіі»:

— Сёння ствараюцца рэцэпты кіравання свядомасцю людзей. Гэтыя тэхналогіі дзейнічаюць і за межамі краіны — праз СМІ, інтэрнэт і не заўсёды на карысць Беларусі. Трэба навучыцца супрацьдзейнічаць негатыўным тэндэнцыям у гэтай сферы. Трэба распрацоўваць уласныя сацыяльныя тэхналогіі, выкарыстоўваючы іх для кансалідацыі грамадства, выхавання патрыятызму, стымулявання творчай ініцыятывы людзей на ўсіх узроўнях.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сёння і ў сродках масавай інфармацыі, і ў інтэрнэце шмат меркаванняў розных «псеўдааналітыкаў, якія імкнуцца разбурыць стабільнасць і спакой у нашым грамадстве — і не толькі ў нашым». Трэба, упэўнены кіраўнік краіны, каб у адказ гучаў голас аўтарытэтных навукоўцаў-дзяржаўнікаў.

...Па фінансаванні навукі

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на эфектыўнасць выкарыстання навукай капіталаўкладанняў у яе. Павінна быць аддача:

— Ад усіх арганізацый і галін мы патрабуем галоўнага — рэзультату. Я паўтару: не будзе рэзультату — не будзе грошай. Навука ад выканання гэтага патрабавання не павінна заставацца ўбаку.

Ёсць і іншы бок медаля — не выкарыстоўваюцца ўсе сродкі з інавацыйных фондаў — і гэта таксама недапушчальна.

— У нас велізарныя грошы пры ўсіх скаргах вучоных штогод не асвойваюцца! За 11 месяцаў гэтага года рэспубліканскі і мясцовыя інавацыйныя фонды выкананы: рэспубліканскі — на 41%, мясцовы — на 24% ад гадавога плана. Якіх вам яшчэ грошай не хапае? Яны ж ляжаць, вазьміце іх! — заклікаў Прэзідэнт. У гэтай сувязі ён нагадаў пра 15-мільярдны льготны крэдыт для Беларусі ад КНР, які таксама асвойваецца даволі марудна.

...Па навуковых кадрах

Прэзідэнт параіў закладваць інтарэс да навукі яшчэ ў школе. Важна, каб не перарывалася сувязь паміж школай і ўніверсітэтамі, а то часта ва ўстановах вышэйшай адукацыі не ведаюць, колькі адораных выпускнікоў школ сталі іх студэнтамі. Для таго каб не было кадравага голаду ў навуцы, створана многае: напрыклад, ёсць фонды таленавітай і адоранай моладзі.

— Мы можам па праве ганарыцца дасягненнямі нашых школьнікаў, студэнтаў на міжнародных алімпіядах. Найбольш адораныя атрымліваюць падтрымку спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі. Надышоў час вывесці работу з такой моладдзю на якасна новы ўзровень: аб'яднаць рэсурсы найбольш таленавітых вучоных і педагогаў у рабоце з падрастаючым пакаленнем на высокатэхналагічных навуковых пляцоўках, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Звярнуўся кіраўнік краіны і да тэмы прэстыжу навукі, прафесіі вучонага — зараз гэты прэстыж паступова вяртаецца, і дзяржава, у сваю чаргу, прыкладае шэраг намаганняў. Гэта і павышэнне заработнай платы ў сферы, і вырашэнне жыллёвай праблемы маладых навукоўцаў... Усё для таго, каб краіна развівалася і была сапраўды інтэлектуальнай. Прынамсі, менавіта так — «Беларусь інтэлектуальная» — вызначана будучая мадэль нашай краіны ў праекце стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018—2040», які разгледзеў і ўхваліў з'езд вучоных.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by


План на 20 гадоў

На ІІ З'ездзе вучоных ухвалілі стратэгію «Навука і тэхналогіі: 2018—2040». У Палацы Рэспублікі сабраліся больш за 2500 прадстаўнікоў навукі (і айчыннай, і замежнай), каб падвесці вынікі года і скласці планы на будучыню. На выстаўцы ў фае паказалі сённяшнія дасягненні: ад сучасных касмічных тэхналогій да археалагічных знаходак ІV—ІІІ тысячагоддзяў да нашай эры. Падчас мерапрыемства быў заслуханы шэраг дакладаў. Наш карэспандэнт занатаваў асноўныя моманты.

Уладзімір Гусакоў, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, звярнуў увагу, што толькі сёлета было распрацавана каля 40 нарматыўна-прававых актаў, накіраваных на ўдасканаленне навуковай, навукова-технічнай і інавацыйнай дзейнасці. Цяпер стаіць задача павысіць навукаёмістасць ВУП да 1% да 2020-га і далей паэтапна да 3% — гэта сусветны ўзровень.

Сярод дасягненняў бягучага года Уладзімір Гусакоў адзначыў распрацоўку партатыўнага суперкамп'ютара, мацнейшага за СКІФ у 2,5 раза, і станцыю ў Антарктыдзе, якая будзе дзейнічаць круглы год. Ён адзначыў, што «зараз мы імкнёмся дабівацца поўнага асваення распрацовак, атрыманых па ўсіх праграмах навуковых даследаванняў». Да таго ж пастаўлена задача, каб пры кожным інстытуце была свая навукаёмістая вытворчасць або гаспадарчаразліковае камерцыйнае падраздзяленне. За два апошнія гады стварылі 18 такіх аб'ектаў.

Старшыня Прэзідыума НАН таксама растлумачыў, што стратэгія да 2040-га будзе рэалізавана ў тры этапы. Першы — да 2020-га — будзе прысвечаны актуалізацыі зачынаў, якія ёсць, з улікам сусветных дасягненняў. Другі — да 2030-га — завяршэнню лічбавай мадэрнізацыі традыцыйных галін эканомікі і фарміраванню комплексу ключавых канкурэнтных пераваг. Трэці — да 2040-га — нарошчванню кампетэнцый мэтавых сегментаў інтэлектуальнай эканомікі і выхаду на лідзіруючыя пазіцыі па асобных навукова-тэхнічных напрамках.

Далейшае развіццё навукі немагчыма без моцнай падрыхтоўкі кадраў. Зараз ідзе распрацоўка стандартаў адукацыі пакалення «3+», якія ўключаюць у тым ліку развіццё прадпрымальніцкіх здольнасцяў. Рэктар БДЭУ Уладзімір ШЫМАЎ звярнуў увагу на пэўныя праблемы навукова-адукацыйнага комплексу. Аляксандр Лукашэнка па выніках даклада прапанаваў распрацаваць у наступным годзе ў рамках ВНУ сістэму матывацыі вучоных.

Пра супрацоўніцтва беларускай і расійскай навукі гаварыў Аляксандр СЯРГЕЕЎ, прэзідэнт Расійскай акадэміі навук. Ён прапанаваў ажыццяўляць новыя праекты па сельскай гаспадарцы, напрыклад па дакладным земляробстве, разумнай сельскай гаспадарцы, робатызацыі гэтай галіны, па глыбокай перапрацоўцы, якая мае вялікі экспартны патэнцыял. Таксама перспектыўна выглядае кааперацыя ў медыцыне, напрыклад у прамянёвай тэрапіі. Але беларуская і расійская акадэміі навук адрозніваюцца па структуры і ў падыходах да свайго развіцця. Кіраўнік нашай дзяржавы адзначыў, што будзе ў найбліжэйшы час сустракацца з прэзідэнтам Расіі і ўзніме пытанне аб павышэнні статусу Расійскай акадэміі навук. Навукоўцы працуюць у адным напрамку, і інтэграцыя ў гэтым плане дапаможа хутчэй рухацца наперад.

Пра развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў навуцы выказаўся і старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргей ЛЕБЕДЗЕЎ. Дарэчы, у наступным годзе пройдзе ІІ Форум вучоных СНД у Ерэване. На ім плануецца вызначыцца з практычнымі сродкамі ўзмацнення інтэграцыйнага працэсу ў навуковай сферы. Разам з тым праблемным пытаннем застаецца стварэнне міждзяржаўнага фонду навуковых даследаванняў. З аднаго боку, ёсць зацікаўленасць вучоных, з другога — фінансавы складнік патрабуе абгрунтавання і ўзгаднення на экспертным узроўні, што зараз і адбываецца. Сёння ў рамках СНД рэалізуецца дзесяць пілотных інавацыйных праектаў, у дзевяці з якіх задзейнічаны беларускія вучоныя.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Як будзем развіваць інтэлект дзяржавы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».