Вы тут

Па выніках выбараў дэпутацкі корпус атрымае новае аблічча


Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія ЯРМОШЫНА пасля пасяджэння Цэнтрвыбаркама.


— Ажыццяўляецца звычайная работа, але я магу сказаць, што, мяркуючы па колькасці запытаў, якія высвятляюць канкрэтныя дэталі выбарчай кампаніі, цікавасць ёсць, — адзначыла Лідзія Ярмошына. — Гэтыя людзі не належаць да фармальнай, наменклатурнай супольнасці. Гэта зусім новыя асобы, прадпрымальнікі, паколькі тое ж пытанне дэкларавання датычыцца іх напрамую. Таму я думаю, што дэпутацкі корпус, калі гэтыя людзі абяруцца, зменіцца.

Пра выступленні на радыё

Кандыдаты ў дэпутаты маюць законнае права на адно бясплатнае выступленне па радыё. Як расказала загадчык аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы Цэнтральнай выбарчай камісіі Галіна МКРТЫЧАН, такія выступленні будуць доўжыцца не менш за тры хвіліны. На яе думку, гэтага дастаткова, каб расказаць і пра сябе, і пра свае планы.

Сфарміраваны і парадак выступленняў. Кандыдаты ў дэпутаты Мінскага гарсавета выступяць у эфіры «Радыё-Мінск», Мінскага абласнога Савета — у эфіры «Мінскай хвалі».

Заявы кандыдатаў у дэпутаты рай- і гарсаветаў, абласных гарадоў будуць транслявацца на тых радыёпраграмах, заснавальнікамі якіх з'яўляюцца адпаведныя органы ўлады. Калі такіх няма — то ў эфіры абласных тэлерадыёкампаній. Выключэнне — Жодзінскі гарадскі Савет дэпутатаў. Калі няма такіх раённых і гарадскіх праграм, то заявы іх кандыдатаў у дэпутаты прагучаць на «Мінскай хвалі».

Пра дыскусіі ў СМІ

Пры Цэнтральнай выбарчай камісіі створаны «Кансультатыўны савет па разглядзе спрэчак, якія звязаны з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі пры правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання». Упершыню такі орган быў створаны яшчэ ў 2000 годзе, аднак ва ўсе папярэднія кампаніі ён зваўся па-рознаму.

Кіраўніком савета стаў першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі, а ў склад увайшлі прадстаўнікі СМІ і спецыялісты ў гэтай галіне. Адзначым, што ўзнагароджанне ўдзельнікам камісіі не прадугледжана — яны працуюць добраахвотна.

Пра зацвярджэнне выбарчага фонду

Было зацверджана палажэнне, якое вызначае парадак фарміравання і расходавання грошай выбарчага фонду кандыдата ў дэпутаты. Крыніцамі фарміравання такога фонду могуць быць уласныя зберажэнні, лімітаваны памер якіх не можа перавышаць 30 базавых велічынь для кандыдата ў дэпутаты абласнога, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і 10 базавых — для кандыдатаў у дэпутаты раённага, гарадскога, горада-абласнога і раённага падпарадкавання, пасялковага і сельскага Саветаў дэпутатаў. Другая крыніца — добраахвотныя ахвяраванні, памер якіх не можа перавышаць 2 базавыя велічыні ад аднаго грамадзяніна. Трэцяя крыніца — ахвяраванні юрыдычных асоб, якія не могуць быць больш за 5 базавых.

Пра дэкларацыі

Кандыдаты ў дэпутаты на выбарах у мясцовыя Саветы 28-га склікання павінны будуць падаць дэкларацыю аб даходах за 2016 год, а не за 2017-ы. На пасяджэнні адзначалася, што ў камісію часта звяртаюцца з просьбамі растлумачыць правілы дэкларавання даходаў і маёмасці тымі людзьмі, якія вылучаюцца ў дэпутаты.

Прычыны такога рашэння наступныя. Па-першае, вылучэнне кандыдатаў для ўдзелу ў мясцовых выбарах пачалося ў гэтым месяцы і заканчваецца 8 студзеня 2018 года. Па-другое, многія грамадзяне атрымліваюць заработную плату за снежань толькі ў сярэдзіне студзеня, акрамя таго, многія атрымліваюць узнагароджанне за год, якое таксама выплачваецца пасля 1 студзеня. Гэта значыць, што на момант аддачы дэкларацыі кандыдаты могуць не бачыць гэтых сродкаў, а ўжо пры праверцы гэтая розніца будзе бачная.

Прадугледжана, што выбарчыя камісіі будуць адпраўляць запыты ў падатковыя органы, ДАІ, Нацыянальнае кадастравае агенцтва і іншыя структуры. У выпадку парушэння правілаў дэкларацыі можа ўзнікнуць падстава для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата.


Арганізаваны першыя пікеты па зборы подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты.

Так, актыўна ўключылася ў выбарчую кампанію Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», якое яшчэ 10 снежня выставіла першыя пікеты ў Мінску. Актывісты арганізацыі размясцілі спецыяльныя пляцоўкі ў Маскоўскім, Ленінскім, Першамайскім і Фрунзенскім раёнах. Дарэчы, «Белая Русь» не толькі вылучае сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій у якасці назіральнікаў, але і аказвае ўсебаковую падтрымку членам аб'яднання, якія вылучаюцца ў якасці кандыдатаў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Кандыдаты ўжо вылучаюцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».