Вы тут

Аб'екты грамадскага харчавання і гандлю пераводзяць у новы фармат


За апошнія чатыры гады Міншчына зрабіла значны рывок у сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва. І цяпер цэнтральны рэгіён наперадзе ўсіх абласцей па відах і аб'ёмах рэалізацыі бытавых паслуг. Шмат новага з'явілася і ў галіне спажывецкай кааперацыі. У прыватнасці, памянялася канцэпцыя работы гандлёвых аб'ектаў, у многіх райцэнтрах адкрыліся закусачныя «Лепім самі», у новым фармаце працуюць аб'екты прыдарожнага сэрвісу. Тон у навацыях задае Слуцкі раён. Туды і накіравалася наша карэспандэнт, каб усё пабачыць на свае вочы.


Ра­бот­ні­кі ба­ра «Ежа&Кава» пра­па­ну­юць да 24 ві­даў ка­вы.

На трасе, што вядзе з Мінска да Мікашэвіч, у вёсцы Шышчыцы яшчэ нядаўна знаходзіўся самы звычайны бар. Цяпер у ім змянілася літаральна ўсё: назва, інтэр'ер, меню. Толькі кавы тут прапануюць да 24 найменняў з рознымі дабаўкамі.

— Сучасны свет развіваецца вельмі імкліва, усё калісьці новае становіцца з часам састарэлым. Значыць, з такой жа хуткасцю неабходна паспяваць за патрабаваннямі і густамі наведвальнікаў, — лічыць дырэктар гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Слуцкая база Мінаблспажыўсаюза» Віктар ГУРЫНОВІЧ. — У кастрычніку 2017 года мы правялі рэбрэндынг бара ў сеткавы аб'ект «Ежа&Кава». Вядома, гэта было няпроста: зрабіць брэнд актуальным, удыхнуць у яго свежыя ідэі, эмоцыі. Мы прапанавалі новую канцэпцыю ў інтэр'еры, расшырылі асартымент страў і кулінарных вырабаў, гарачых напояў. І нашы высілкі не былі марнымі.

Людзі ўпадабалі гэтае месца. Сюды штодзень наведваецца да 100 і больш чалавек. Не толькі тыя, хто праязджае па трасе (у тым ліку і замежныя госці), але і мясцовыя жыхары. Менавіта пад кожную катэгорыю кліентаў распрацавалі меню. Вынік — рознічны тавараабарот у параўнанні з адпаведным мінулагоднім перыядам павялічыўся амаль удвая.

Ды­рэк­тар ганд­лё­ва-вы­твор­ча­га ўні­тар­на­га прад­пры­ем­ства «Слуц­кая ба­за Мінаблспажыўсаюза» Вік­тар ГУ­РЫ­НО­ВІЧ. 

Як кажуць, у Слуцку ўсё па-людску. Цалкам можна з гэтым пагадзіцца пасля наведвання закусачнай «Лепім самі», што знаходзіцца на вуліцы Леніна, 185. Раней тут было кафэ «Спатканне». У кастрычніку гэтага года яно змяніла спецыялізацыю. Тут можна заказаць пельмені, манты, хінкалі, піцы з рознымі начынкамі... Знаходзячыся ў абедзеннай зале, праз шырокае шкло кліент назірае за тым, як гатуецца яго заказ. Прычым ён можа папрасіць пакласці ў пельмені большую або меншую колькасць фаршу або раскатаць аснову для іх большых ці меншых памераў і таўшчыні. Наведнікам прапаноўваюць толькі пельменяў да дзесяці відаў: з курацінай, свінінай, ялавічынай, грыбамі, марской капустай і рысам. Апошнія, дарэчы, называюцца «Ні рыба, ні мяса». Закусачная ніколі не пустуе, людзі нават заказваюць прадукцыю на вынас. За адносна кароткі час тавараабарот аб'екта харчавання павялічыўся практычна ў два разы.

У гэтым жа будынку, дарэчы, размешчаны магазін эканомкласа «ProЗапас». Што гэта такое?

У буйных гарадах з'явілася шмат гандлёвых аб'ектаў у фармаце «магазін каля дома». Значыць, узмацнілася канкурэнцыя паміж гандлёвымі прадпрыемствамі розных формаў уласнасці. І тут, як кажуць, выжывае больш прадпрымальны, ініцыятыўны. Так узнікла ідэя гандлёвага аб'екта эканомкласа ў новым фармаце — магазін-склад, або cash&carry. Ён сумяшчае характарыстыкі аптовага цэнтра і рознічнай крамы. Эксперты ацэньваюць гэтую бізнес-мадэль як высока перспектыўную для рынкаў СНД. Псіхалогія мадэлі — гэта разумная эканомія. Нізкія цэны не за кошт зніжэння якасці тавараў, а за кошт аб'ёма пакупкі.

У ма­га­зі­не «ProЗапас» шы­ро­кі асар­ты­мент та­ва­раў.

Пры набыцці тавараў оптам у тры адзінкі і больш дзейнічае зніжка — 15% ад рознічнай цаны. Гэта сокі, сокі і кашы для дзіцячага харчавання, кандытарскія вырабы (цукеркі, зефір, пячэнне, вафлі), мясныя і рыбныя кансервы, крупы, мука, макарона, цукар, яйкі, малако ў тэтрапакетах, соусы, алей, безалкагольныя напоі. Працуе магазін з 9.00 да 22.00 без выхадных. Плануецца, што ў недалёкай перспектыве тавараабарот гандлёвага аб'екта дасягне 70—90 тыс. рублёў штомесяц. Ужо цяпер сярэдняя сума пакупкі на чалавека ў дзень павялічылася ў два разы.


Валерый МАРЫНІЧАЎ, старшыня праўлення Мінаблспажыўсаюза:

— Гэта адзін з першых магазінаў, які адкрыўся ў Мінскай вобласці і ў Беларусі. Плануем такія і ў іншых райцэнтрах. Увогуле ж, у цэнтральным рэгіёне налічваецца 1652 гандлёвыя аб'екты, 71 з іх размяшчаюцца ў сельскіх населеных пунктах. У сельскай мясцовасці самая вялікая ўдзельная вага спажыўкааперацыі, таму там маштабныя праекты не так проста ажыццявіць. Але будзем імкнуцца да таго, каб жыхары маглі атрымліваць увесь асартымент паслуг і тавараў, якія ёсць у горадзе.

— Валерый Мікалаевіч, усё ж такі ці выжыве спажыўкааперацыя ў межах сучаснай жорсткай канкурэнцыі?

— Спажыўкааперацыя, на маю думку, была і будзе. Мы даўно на гэтым рынку. У наступным годзе адзначым 80-годдзе нашай сістэмы. Узрост сведчыць сам за сябе. Вядома, цяпер канкурэнцыя вялікая, але яна больш датычыцца райцэнтраў, гарадоў, буйных пасёлкаў. А пайсці ў дробныя вёскі з насельніцтвам да 50 чалавек не так шмат ахвотных. І гэтую работу мы бралі і будзем браць на сябе. Нават тыя населеныя пункты, дзе няма стацыянарных аб'ектаў гандлю, абслугоўваем аўтамагазінамі тры разы на тыдзень. І ў далейшым не адмовімся ад іх абслугоўвання.

— З 1 студзеня 2018 года ўступіць у сілу Указ Прэзідэнта №345. Дакумент скіраваны на развіццё гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання ў сельскай мясцовасці і малых населеных пунктах і дае падатковыя і іншыя прэферэнцыі. Не баіцеся, што туды хлынуць прадпрымальнікі і гэта ўзмоцніць канкурэнцыю?

— Мы не баімся канкурэнцыі. Кожны раз думаем пра тое, як павінны ўдасканальвацца, па якім шляху, у якіх напрамках рухацца. Нават калі ў прадпрымальніка не з'явіцца жадання прыйсці ў вёску, мы будзем ажыццяўляць гандаль, бо разумеем, што пакінуць вясковых жыхароў не маем права. А калі прыйдзе больш дастойная замена, мы гатовы ўступіць месца. Адзінае, хацелася б, каб канкурэнцыя была добрасумленная і ўмовы для ўсіх былі аднолькавыя.

Жыццё не стаіць на месцы, прыходзяць новыя віды гандлю. Таму і мы вымушаны не адставаць, прымяняць увесь комплекс мер, каб не страціць пакупнікоў, прапаноўваць акцыі, зніжкі. Часта арганізуем выязны гандаль, выкарыстоўваем і такую магчымасць, як кірмашы. Толькі сёлета больш за дваццаць разоў у іх удзельнічалі і дадаткова рэалізавалі тавараў на 10 млн рублёў. Стараемся прадстаўляць і ўласную прадукцыю. Акрамя гандлю, у нас ёсць прамысловыя прадпрыемствы па выпуску напояў, мінеральнай вады, мясных вырабаў, каўбас, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, кансерваў з агародніны. Вядзём нарыхтоўчую дзейнасць. Толькі сёлета насельніцтву за здадзеную прадукцыю выплацілі каля 5 млн рублёў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Замест «Спаткання» — «Лепім самі»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.