Калі вы не адмаўляеце сабе ў кубку духмянага чаю кожны дзень, за зіму ў вас назапасіцца нядрэнная колькасць заваркі, якую можна будзе выкарыстоўваць на ўчастку ў наступным сезоне.
Чайная заварка — універсальны прадукт для агарода. Яе можна выкарыстоўваць і для падрыхтоўкі зямлі да пасадкі, і для вырошчвання расады, і для падкорму раслін, і для іх мульчыравання. Раскажам, як зрабіць гэта правільна.
Самы просты спосаб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць спітую чайную заварку — дадаваць яе ў кампоставую кучу. Чай узбагаціць кампост карыснымі для раслін элементамі. У прыватнасці, спітая заварка — натуральная крыніца азоту.
Акрамя таго, лісце чаю за кошт дубільных рэчываў, якія ў ім змяшчаюцца, актывізуюць працэсы раскладання, а гэта значыць, што кампост перапрэе хутчэй.
Перад тым як дадаць чайнае лісце ў кампоставую кучу, абавязкова пераканайцеся, што пакецік і бірка не ўтрымліваюць сінтэтычных элементаў, якія не перапрацоўваюцца мікраарганізмамі. Такія матэрыялы звычайна гладкія навобмацак, і зблытаць іх з паперай складана. Калі чайны пакецік штучны, перад кампаставаннем выдаліце яго.
Выкарыстоўваць чайнае лісце як экалагічна бяспечнае ўгнаенне можна ў любой фазе росту раслін. Уносіць такія чайныя падкормкі вельмі проста — дастаткова прыкапаць іх у верхнім пласце глебы ў прыствольных кругах. Паступова раскладаючыся, угнаенне будзе насычаць глебу азотам.
Вялікі плюс такога ўгнаення ў тым, што яно валодае пралангаваным дзеяннем і аддае элементы паступова.
Калі вы плануеце ўносіць заварку пад пасадку, папярэдне яе рэкамендуецца высушыць. Высушаны спіты чай можна засыпаць проста ў лункі.
Калі вы п'яце чай з цукрам, перад выкарыстаннем такой заваркі, яе неабходна прамыць. У адваротным выпадку, на «салодзенькае» спаўзуцца мурашы.
Таксама выкарыстанымі гарбатнымі пакецікамі нядрэнна праціраць пакаёвыя расліны. Так вы не толькі акуратна ачысціце лісце ад пылу, але і падкорміце кветкі.
Выкарыстаныя гарбатныя пакецікі цалкам могуць паслужыць годнай альтэрнатывай тарфяным таблеткам для вырошчвання расады.
Дастаткова ўскрыць верх пакеціка, дасыпаць зверху пласт універсальнага глебагрунту для расады і пасеяць туды насенне. Калі з'явяцца ўсходы, і сеянцы дасягнуць фазы пікіроўкі, іх можна перасаджваць у збанкі або адкрыты грунт проста ў чайным пакеціку.
Заварка будзе служыць добрым угнаеннем. Акрамя таго, такая перасадка не пашкодзіць карані маладой расліны. Для некаторых культур (напрыклад, для перцу) гэта сапраўднае выратаванне, бо яны хваравіта рэагуюць на пікіроўку.
Спіты чай (асабліва ліставы) — даступны, танны і экалагічны сродак для паляпшэння структуры глебы. Заварка робіць глебагрунт больш друзлым, а значыць, паветра- і вільгацепранікальным.
Рэкамендуецца дадаваць лісце гарбаты з разліку 0,5 кг на 1 квадратны метр. Калі вы чайны «фанат», за зіму цалкам рэальна назапасіць спітай заваркі хоць бы на адну-другую градку або кветнік.
Чайнае лісце будзе затрымліваць вільгаць і, паступова раскладаючыся, падтрымліваць «жыццё» ў верхнім слоі глебы.
Акрамя таго, чайная мульча прыгнятае рост пустазелля — палоць градкі давядзецца радзей.
Ірына ТАМКОВІЧ
Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Каментары