Вы тут

Беларусь павінна аказацца цэнтрам прыцягнення для таленавітых людзей


Учора на нарадзе ў Палацы Незалежнасці вырашалі, як будзе рэалізоўвацца ідэя ІТ-краіны ў Беларусі. Праект дэкрэта «Аб развіцці лічбавай эканомікі» прапануе па гэтым кірунку шэраг крокаў. Што немалаважна, рэалізацыя дакумента не патрабуе выдзялення дадатковага фінансавання — у тым ліку і з бюджэту краіны. У той жа час гэты заканадаўчы акт, як запэўніваюць яго распрацоўшчыкі, у стане зрабіць Беларусь рэгіянальным лідарам Усходняй Еўропы ў будаўніцтве лічбавай эканомікі.


Цэнтр прыцягнення

Жыццё вельмі хутка развіваецца, адпаведна, трэба ўмець у гэтым арыентавацца. Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на пачатку нарады нагадаў, што яшчэ вясной было прынята рашэнне аб стварэнні ІТ-краіны:

— Назва гэта ўмоўная, але ўсім сутнасць зразумелая. Мы павінны прыняць новую, як яе называюць, лічбавую рэальнасць і максімальна выкарыстоўваць усе магчымасці, якія яна адкрывае перад Беларуссю. Менавіта таму з'явіўся — з вашай падачы, і распрацаваны не з вашым удзелам, а вамі з удзелам дзяржаўных служачых, чыноўнікаў, урада праект дэкрэта.

Як адзначыў Прэзідэнт, краіна ўжо цвёрда вызначылася: лічбавая трансфармацыя эканомікі з'яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў.

Кіраўнік краіны заявіў: айчыннай ІТ-сферы неабходна надаць новы імпульс для развіцця, каб здольныя людзі маглі тут у поўнай меры рэалізаваць свае магчымасці. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь павінна аказацца рэальным цэнтрам прыцягнення для таленавітых людзей, паспяховых кампаній і міжнародных карпарацый.

— Наша краіна мае ўсе шанцы стаць як мінімум на гэтым этапе рэгіянальным лідарам у развіцці самых перадавых кірункаў — штучнага інтэлекту, вялікіх даных, тэхналогіі блокчэйн. Павінен сказаць, што гэта ўжо не ад мяне і не ад дзяржавы залежыць, гэта будзе залежаць толькі ад вас, — звярнуўся кіраўнік краіны да прысутных на нарадзе спецыялістаў ІТ-сферы.

Формула адказнасці

Прэзідэнт краіны запэўніў, што ён ніколі не быў прыхільнікам бюракратыі, адпаведна, ні ў якім разе не стане тармазіць развіццё сферы. Аднак тыя, хто працуе ў галіне, не павінны забываць пра сваю адказнасць перад дзяржавай:

— Формула адна: калі нехта хоча нават на гэтай новай хвалі стаць багатым, набіць кішэні, — я не супраць. Калі ласка — ваша справа, дзейнічайце. Але толькі не забывайце, што ў вас ёсць дзяржава, якая не згубіла сваю ролю. Усе разумныя, талковыя людзі разумеюць цяпер, што такое стабільнасць і парадак. І да гэтага берага кожны імкнецца прычаліць. Мы гатовы такі прычал арганізаваць, нават больш — гавань. Вы павінны стаць добрымі гаспадарамі ў гэтай гавані, даць магчымасць зарабіць. Але дзяржава мае неабходнасць у сіле, таму яе трэба падтрымліваць. Я да таго, што, зарабляючы для сябе, не забывайце, калі ласка, пра тое, што жывяце ў канкрэтнай дзяржаве.

Што да праекта дэкрэта, то Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: ні адзін, нават самы лепшы нарматыўны акт, не зможа вырашыць усе пытанні. Тым больш што нават у свеце сёння няма адказаў на многія выклікі, народжаныя імклівым развіццём тэхналогій.

Біткойн па-беларуску

Неабходнасць прыняцця названага дэкрэта відавочная. Пакуль асобныя краіны яшчэ думаюць, свет ужо перайшоў у эпоху лічбавай эканомікі. Гэта прывяло да з'яўлення новых — лічбавых — тавараў і новых бізнес-мадэляў, што цалкам змяняюць узаемаадносіны прадаўца, або вытворцы, з пакупніком. З'явіліся і новыя лічбавыя тэхналогіі, у прыватнасці блокчэйн, у якіх наша краіна мае шанц стаць сусветным лідарам. Праект дэкрэта, дарэчы, на гэта разлічвае.

Па прагнозах, у найбліжэйшы час гэтая тэхналогія зможа здзейсніць рэвалюцыю ў свеце фінансаў (так званыя крыптавалюты, уключаючы найбольш вядомыя з іх — біткойн і эфірыум), інвестыцый, у сферы права і судовай дзейнасці (смарт-кантракты). Такім чынам, праект дэкрэта можа ў разы павялічыць канкурэнтныя перавагі нашай краіны. Як, зноў жа, запэўніваюць распрацоўшчыкі, мы зможам заняць месца ў шэрагу першых краін свету, што аказалі юрыдычную падтрымку блокчэйну. Акрамя таго, мы можам аказацца першай краінай у свеце, якая ўвядзе ў грамадзянскі абарот смарт-кантракты.

Што да іншых навацый, якія прадугледжвае праект дэкрэта, то гэта прадаўжэнне спецыяльнага рэжыму Парка высокіх тэхналогій да 2049 года. Таксама праект дакумента прадугледжвае пашырэнне відаў дзейнасці рэзідэнтаў ПВТ — гэта дзейнасць у галіне тэхналогій штучнага інтэлекту, інтэрнэту рэчаў, беспілотных аўтамабіляў, вялікіх даных, аказанне маркетынгавых паслуг у ІТ-сферы... Дакумент плануе і спрашчэнне шэрагу юрыдычных працэдур.

Для даведкі:

Блокчэйн — дэцэнтралізаваная размеркаваная база даных, інфармацыя з якой дублюецца і захоўваецца на прыладах усіх яе карыстальнікаў без выключэння. Такім чынам, няспраўнасць аднаго з сервераў не паўплывае на працаздольнасць гэтай базы даных — у адрозненне ад цэнтралізаванай базы.

У тэму

Васіль Мацюшэўскі, першы намеснік прэм'ер-міністра:

— Мы кажам не толькі пра ІТ-галіну. Дэкрэт кажа і пра штучны інтэлект, і пра робатызацыю, і пра нейкія біятэхналагічныя магчымыя варыянты развіцця — гэта ўсё такая цэлая глабальна новая эканоміка. Гэта адзін аспект. Другі — стварэнне ўмоў для трансфармацыі традыцыйных галін. Для нас гэта вельмі важна, таму што нам трэба не толькі захаваць нашы канкурэнтныя перавагі, але і не згубіцца ў свеце, які імкліва змяняецца. Асобны аспект — пытанні адукацыі. Мы бачым, што выклікі, з якімі мы сутыкаемся, патрабуюць кардынальна новага падыходу ў галіне адукацыі. Тут некалькі ключавых аспектаў. Першае, прыйшоў час, калі чалавек павінен ведаць як мінімум адну замежную мову. Другая задача — якасць адукацыі, якую мы павінны атрымліваць у прафесійным плане. На жаль, мы крыху адстаём у тым, што датычыцца падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне традыцыйнай ІТ-індустрыі.

Усевалад Янчэўскі, дырэктар Парка высокіх тэхналогій:

— Яшчэ вясной кіраўнік дзяржавы гаварыў пра тое, што Беларусь ідзе да стварэння ІT-краіны. Па яго даручэнні на працягу года распрацоўваўся праект дэкрэта з рабочай назвай «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Гэта сапраўды вельмі шырокі, фундаментальны, сур'ёзны, маштабны дакумент. Яго даволі шмат разоў у СМІ называлі рэвалюцыйным. У дадзеным выпадку гэта не перабольшанне, гэта сапраўды так. У гэтым дакуменце закладзены рэчы, рэвалюцыйныя не толькі для Беларусі, не толькі для нашых суседзяў, але па некаторых напрамках, заканадаўстве Беларусь можа апярэдзіць нават многія развітыя краіны, якія для нас саміх часта з'яўляліся і з'яўляюцца прыкладамі ў тэхналагічным развіцці.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: ІТ — гэта па-нашаму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».