Вы тут

«Калі жонкі ўжо даўно выгрызлі пячонкі...»


За што купіў, за тое прадаю. Гэта цяпер не ў модзе, але ж...

Кажуць, Перамогу святкавалі ўсе і паўсюль. Ну яшчэ б — пасля гэткай вайны...

Пры штабе Ракасоўскага таксама банкет адбыўся. Распачаў яго сам маршал тостам:

— За таварыша Сталіна! За вялікага палкаводца, за арганізатара...

— А я піць не буду, — пачулася раптам з кута.

— Як гэта вы не будзеце?! — не паверыў вушам сваім маршал і двойчы Герой, памкнуўшыся ў бок адшчапенца. — Чаму?

— А ў мяне пакуль не наліта, — ціха прамовіў той...

Пры чым тут хлопцы ў лодцы?

Ды ні пры чым — на першы погляд, але ж калі прыглядзецца ды ўключыць фантазію...


Якраз гэта і робяць нашы чытачы: доўга ўглядаюцца ў здымак (кіньце вочкам на верхні), потым — прыдумваюць подпісы... Як вам, напрыклад, вось гэты, настальгічны, ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў:

Снег зямельку ўкрывае

Белай коўдрай,

цёплым лістам.

А на здымку —

праплывае

Лодка, поўная турыстаў...

Я на хлопцаў пазіраю

І пра лета ўспамінаю.

Гэта, згадзіцеся, добры занятак. За такім — як бачыш, зіма праляціць. І зноў наступіць лета.

Зрэшты, не: спачатку будзе вясна, можа, нават з разлівам, як некалі:

Падышла рака да хаты,

Дык Пахом наш —

за лапату...

У лодку пасадзіў

суседзяў,

Хоць без вёсел,

але ж «едзе»,

Трохі шляху ўжо агораў...

Дзякуй дзядзьку

валанцёру!

Кажа гэтае слова спадар Іван Астроўскі з Мінска. Яго жонка, спадарыня Ніна, у нечым з мужам згаджаецца, у нечым — не. Ну, сапраўды:

Як ні моста, ні дарогі —

Прападзеш без дапамогі:

А таму ўсе ў паводку

Выглядалі ў далі лодку.

Яе гналі два няўмекі,

Бо ніякай жа бяспекі!..

Хто з бяды вось так

ратуе,

Той сабою рызыкуе.

Ну яшчэ б: столькі пасажыраў на борце... Да таго ж не дробненькіх...

У пошце між тым ёсць радкі і пра іх: у прыватнасці — ад спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:

Ратаваў зайцоў Мазай,

Добры дзед быў,

не гультай.

Лодка поўнаю плыла —

Дно ў рэчцы не скрабла...

Бо кампанія ў Мазая

Не такая ўжо і цяжкая...

І Мацей, каб плыў удвух,

То матор бы не заглух!

З ім, з гэтым маторам, як лічыць спадарыня Гудачкова, праблемы часта здараюцца:

Федзя лодку

змайстраваў,

На «агледзіны» сазваў.

Хлопцы радасна:

«Жывём...

Мы да дзевак

паплывём!»

Ды ля берага ракі

Дружна селі «маракі»

...Тут заўсёдная

прычына:

«Сапсавалася машына».

Што затым было, ведае спадар Мікола Кісель з Мінска:

Рулявы загнаў на глей?

З лодкі, хлопцы, і жывей:

Не ўтрымаў ваш човен

ношы,

Дык карміць вам зараз

вошай.

Мала хто, мусіць, ведае, што гэта за «звяры»? Таму — радок са слоўніка: «вош — дробнае насякомае, якое паразітуе на целе чалавека...» Іх карміць (як і блох ды клапоў) — значыць, трапіць у незайздросныя ўмовы...

Што крыўдна, — часам па сваёй жа віне:

Падурэць дзядзькі хацелі

Удзевяцёх у човен селі...

І нагамі налягалі,

І рыдлёўкай заграбалі...

Усё ўпустую: селі глуха.

Дзе дурнеюць,

там і скруха.

Што праўда, тое праўда (грэх не згадзіцца са спадарыняй Гудачковай). Хоць выключэнне з гэтага правіла таксама ёсць. І згадвае пра яго спадарыня Чыгрынава:

Запрасіўшы ўсіх на фэст,

Каласкі задалі тэст:

Каб не ехалі, не йшлі,

Не ляцелі, не плылі...

Далі рады мужыкі:

Завіталі ў Аўцюкі!

Ну што тут сказаць? Малайцы — і госці, і гаспадары (іх завуць каласкамі ды калінкамі)! Вартую справу зрабілі: падтрымалі фестываль беларускага гумару, бо самі, відаць, гумарысты. Ці не?

«Час ад часу на сайце прыродаахоўнай інспекцыі, — піша спадар Іван Сіманёнак з Пастаў, — сустракаюцца паведамленні пра зусім не жартоўныя штрафы ў дачыненні да «чорных капальнікаў» — шукальнікаў скарбаў. Але тыя не дужа на іх зважаюць, яны, як героі Джэка Лондана, плывуць насустрач удачы:

Пра барысаўскі

«кландайк»

Абвясціла плётка,

І аматары «за так»

Абляпілі лодку.

На бяспеку — напляваць

І на штраф драконаўскі,

Бо наперадзе, відаць,

Скарб напалеонаўскі!

Пра шукальнікаў яго і радкі спадарыні Іны Алісевіч з Уздзеншчыны:

«Даўно рамантыкі

звяліся»...

Сцвярджаць такое —

ці не грэх?

Па скарбы хлопцы

падаліся,

Адно — сабраліся

наспех».

Ці на смех?

Але ж самае галоўнае (то-бок рыдлёўкі) яны, заўважце, пабралі!

(Адзін з «капальнікаў» — не чорных, расказвалі, рубель аднойчы знайшоў (дома, у гародзе). Якія-ніякія грошы: узрадаваўся, палажыў яго ў кішэню. Разоў колькі капнуў, — бачыць, яшчэ адзін... І яшчэ... Разоў з 20 вось так нахіляўся, падымаў, цешыўся, што на жылу натрапіў: нехта рассыпаў! А потым насцярожыўся: нешта ж не звіняць гэтыя рублі? Ён руку ў кішэню, а там... дзірка).

Пра яе ж, калі ўдумацца, і радкі сужэнцаў Астроўскіх:

Дзед Максім

і дзед Талаш

Возяць моладзь

на кірмаш,

Год працуюць і другі,

Бізнес маюць — неблагі,

Пакрываюцца выдаткі...

І ні гуку пра падаткі...

А значыць, рана ці позна накрыецца іхняя «лавачка». Як, дарэчы, і ў іншых прадпрымальнікаў. Пра аднаго — піша спадар Віктар Сабалеўскі з Узды:

Хоць ты гвалтам тут

крычы —

Ніхто плаваць не вучыў,

Бо басейна ў нас няма

І задоўгая зіма...

Што дзядку без розніцы:

Ён па нас не позніцца,

Грошы — вёсламі грабе,

І, вядома ж, пад сябе.

Што крыўдна (паводле тых жа сужэнцаў Астроўскіх), парушаючы правілы бяспекі:

Дзед Максім і дзед Пахом

Абслугоўваюць паром,

І каб «зверху» мець даход,

Шмат каго

вязуць у брод...

Гэта — бізнес?

Не, афёра!

Во дзе трэба

кантралёраў!

І з усімі адсюль наступствамі, пра якія, глянуўшы на здымак, напісала спадарыня Вера Жук з Гродна:

Не шкадуе бог багатых,

Ім таксама шле бяду:

Грэблі грошыкі лапатай,

А цяпер грабуць ваду.

Крызіс — нічога не скажаш. І ў іх таксама. Каб падчас яго выжыць, людзям трэба перасесці з асабістага транспарту на грамадскі, адмовіцца ад абедаў у кавярнях (перакус можна браць у слоічках), прадукты купляць па акцыях, адзенне — на распродажах, у кіно хадзіць раз на месяц...

Слушнае пытанне: «А калі нехта вось гэтак і да крызісу жыў, то што?»

Няма адказу. Ёсць хіба канстатацыя факта: «Грошы, як кісларод: многа іх — галава пачынае кружыцца, мала — задыхаешся». І тады ўжо хоць-нехаць шукаеш выйсце.

Адно з іх убачыў на здымку спадар Мікалай Старых з Гомеля:

Як у нашага суседа

Спадзяюцца ўсе

на дзеда:

«Дзеда, грошай трохі

дай...»,

«Дзед, на лодцы

пакатай...»

...Пройдзе час, і хтосьці,

можа,

Тому дзеду дапаможа?

Хацелася б верыць...

Выйсце другое — ад спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны:

Плачуць жонкі-Пенелопы,

Бо сказалі мужыкі:

— Пададзімся й мы

ў Еўропу,

Як мігранты, напрасткі...

Грэблі ціха, аднатонна:

Не чуваць ніводзін гук!..

Абышлі ўсе кардоны!

Але іх... «злавіў»

Кляшчук.

Значыць, не ўдаўся пераход? Вернуцца мужы?

Што вернуцца, вядома ж, добра. Што без еўрапейскіх заробкаў — дрэнна. Але ж хоць жывыя-здаровыя, а маглі б (паводле спадара Сабалеўскага) і не:

То не бежанцы-арабы,

Не кітайцы к нам плывуць —

Старшыня паслаў

прараба

«Кантрабанду

правярнуць»:

Вельмі танны спірт

расейскі

Хтось на фуры зноў

прывёз...

Разальюцца потым рэкі

Ад жаночых горкіх слёз.

А, магчыма, і ўжо разліліся? Мо, па іх гэты човен і плыве?.. Яшчэ і таму, што слёзы праліваюцца, дзе трэба, а дзе і не трэба. (Анекдот да слова: «Дачушка, чаму ты не хочаш замуж за Васю?» — пытаецца маці. — «Дык ён жа руды...» — «Глупства, — адгукаецца бацька. — Ён з табой як ажэніцца, тут жа ссівее). А калі і пажыве... То міжволі пагодзішся са спадаром Мурашкам з Брэста:

Калі жонкі ўжо даўно

Выгрызлі пячонкі,

Уцякаюць мужыкі —

І наперагонкі.

Уцякаюць (гляньце на здымак) без вёслаў, без рэчаў, ды што там — нават без портак, толькі б хутчэй, толькі б далей. А ўжо там...

Там, як і варта чакаць, іх сустракаюць... іншыя жанкі, прычым — радасным:

Ах, якія хлопцы

Прыплылі на лодцы!

Гэткіх зроду не было!

Калі ласка, у сяло!

Шмат работы ў нас

на фермах

Ёсць дыхтоўныя дамы.

І дзяўчат, у шлюбе

верных,

У акрузе знойдзем мы.

Абяцае гэта спадарыня Зоя Янучок з вёскі Нагорнае Клецкага раёна. Прычым яе заўвага пра вернасць тут досыць дарэчная. «Уявіце сцэну, — прапануе спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — муж паехаў у камандзіроўку, да жонкі прыйшоў каханак, удваіх яны збіраюць на стол. «Можа б ты нажы навастрыў? — пытае гаспадыня. — А то ў майго бязмена вечна часу няма». «І мне ж таксама... І я дома не вастру, — з жахам думае мужчына. — А нажы між тым не тупыя. Значыць, жонцы іх нехта точыць?»

Гэта — так бы мовіць — перадгісторыя, празаічныя радкі ад спадара Валерыя. А ёсць яшчэ і паэтычныя — цэлы роздум на тэму:

Здымак...

Некалькі слоў з нагоды:

Мужы ў нас —

што той Адысей,

Абы не выхоўваць

дзяцей,

Бягуць ды шукаюць

прыгодаў.

Ад іх адвыкаюць жонкі:

І свой, і як быццам

чужы —

Прыедзе —

ды есць пячонкі:

«Хто вострыць нажы?

Кажы!..»

Адтуль, відаць, «жыць на нажах» — быць у варожых адносінах? Што, вядома ж, цяжка — хоць на працы, хоць у сям'і. Лепш было б — ладзіць. А вось як? «Інструкцыя» ад спадарыні Жук:

Не варта мужа пілаваць

Ды мозг яму выносіць...

І ля спадніц яго трымаць,

Калі ён волі просіць...

На рыбу хоча?

Хай плыве,

Ідзе на паляванне,

І недзе чарку хай глыне...

Абы «прыплыў»

да рання.

Гэтыя, у лодцы, трэба разумець, прыплываюць? Ці ўсё ж такі адплываюць? Тады адкуль? На думку спадарыні Абакунчык з Мінска, з... рэдакцыі газеты «Звязда»!

Сто гадоў...

Ці ж не нагода,

Каб сабралася на-ро-ду...

Нехта йшоў, а нехта —

ехаў...

Кампліменты поўным

мехам:

Як умелі — віншавалі,

Сто гадоў яшчэ жадалі!

Выпівалі, нешта елі

І дадому не хацелі.

Але ж паплылі (на жаль).

Чаму па вадзе? Не вам казаць, на вуліцах Мінска заторы, а Свіслач пакуль не загружана. Чаму нехта ў шапцы, а нехта без? Дык, напэўна ж, пілі шапковую. (Гэта, калі ў гасцях дужа добранька, так, што ад'язджаць не хочацца, тады шапку з галавы — і ў кут са словамі: «А-ай, халера з ім! Застаюся!»). Чаму на карме не моладзь, а людзі сталыя? Чаму з рыдлёўкамі і, мякка кажучы, раздзетыя?..

Адказы на гэтыя пытанні чытач можа, калі захоча, прыдумаць сам. Бо ўжо ж прыдумаў, што ў лодцы турысты, гумарысты, чорныя капальнікі, гора-ратавальнікі і прадпрымальнікі, шукальнікі работы і прыгод, пакрыўджаныя мужы, абы-якія ба́цькі, мігранты, новыя беларусы, перасяленцы ў вёску...

І нам застаецца хіба павітаць іх, усіх (тым жа дасціпным: «Ах, якія хлопцы...») ды, як заўжды напрыканцы, узгадаць мінулы конкурсны здымак. На ім (гл. нумар «Звязды» за 21 кастрычніка) жанчына ў бок запраўкі вяла дзвюх кароў...

Дык вось, на думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя подпісы да гэтага фота прапанавалі спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска, Вера Жук з Гродна і Іна Алісевіч з Уздзеншчыны.

Высокую адзнаку атрымалі і радкі спадароў Валерыя Гаўрыша з Чавусаў і Віктара Сабалеўскага.

Вось з гэтым, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» (на першы квартал 2018 года) накіроўваецца ў слаўны горад Узда.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Вы хацелі б, каб найстарэйшая беларуская газета прыходзіла і да вас? Тады дзейнічайце: афармляйце падпіску альбо ўважліва глядзіце на новы конкурсны здымак, думайце, складайце подпісы (дасціпныя і не больш за восем радкоў) і дасылайце іх у рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.