Вы тут

Сёння ў свеце 420 млн людзей жывуць з цукровым дыябетам


Сёння ў свеце 420 млн людзей жывуць з цукровым дыябетам. Паводле прагнозаў, у 2025 годзе гаворка будзе ісці пра 550 млн, а то і больш. Пры гэтым ад 50 да 80 працэнтаў хворых не ўсведамляюць сур'ёзнасць свайго захворвання, не атрымліваюць патрэбнага лячэння, якое перашкаджае развіццю незваротных ускладненняў.


У нашай краіне на дыспансерным уліку знаходзяцца звыш 303 тысяч пацыентаў з дыябетам (каля 17 тысяч — 1-га тыпу, каля 280 тысяч — 2-га тыпу, акрамя таго, ёсць хворыя і з іншымі спецыфічнымі тыпамі дыябету). Паводле слоў галоўнага пазаштатнага эндакрынолага Міністэрства аховы здароўя Беларусі Віктара ВАЛУЕВІЧА, на працягу апошніх пяці гадоў захварэлых штогод прыбывае на 8—10 працэнтаў. І звязана гэта ў першую чаргу з лішняй вагой і атлусценнем, якое сустракаецца ў дзяцей, падлеткаў, мужчын і жанчын. У любога, хто спажывае празмерную колькасць калорый і мала рухаецца, каб іх расходаваць.

Прафілактыка цукровага дыябету — гэта рацыянальнае харчаванне і фізічная нагрузка. Насцярожанымі павінны быць і тыя, хто працягла ўжывае некаторыя лекавыя прэпараты, ад якіх пачынае пакутаваць падстраўнікавая залоза.

У ідэале кожны здаровы чалавек павінен адзін ці два разы на год здаваць аналіз крыві на глюкозу. Трэба мець на ўвазе, што павышэнне паказчыка часам можа быць звязана з празмернай фізічнай нагрузкай або са стрэсавай сітуацыяй. Таму ўрач у любым выпадку прызначае даабследаванне. Бывае, што нехта ігнаруе скрынінгавыя абследаванні, а звяртаецца да ўрача, калі захворванне ўжо пачало развівацца — з'явіліся смага і сухасць у роце, дранцвеюць пальцы рук і ног.

Урачы адзначаюць, што многія, каму выстаўлены дыягназ, безадказна ставяцца да неабходнасці пачатку новага жыцця — пастаяннага кантролю цукру ў крыві, ужывання лекаў, прытрымлівання дыеты (зніжэння каларыйнасці ежы), павелічэння рухальнай актыўнасці, адмаўлення ад шкодных звычак. Усяму гэтаму навучаюць у школах дыябету, якія працуюць на базе шэрагу медустаноў

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Цукровага дыябету — усё больш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?