Каля трох тысяч чалавек, у большасці сваёй школьнікі і студэнты, днямі бліжэй пазнаёміліся з сучаснай беларускай арміяй. У межах тэлевізійнага музычнага праекта Міністэрства абароны «Айчыне служым!», прымеркаванага да 100-годдзя Узброеных Сіл, пра тонкасці вайсковай службы, актуальнасць такіх адвечных паняццяў, як любоў да Радзімы і захаванне традыцый, яны даведаліся не толькі праз мастацтва.
Вялікія чэргі каля экспазіцыйных стэндаў — склалася ўражанне, што тут бясплатна раздаюць гарачыя піражкі. На самай справе хлопчыкі і нават дзяўчаткі не адыходзілі ад стралковай зброі, якой карыстаюцца сённяшнія вайскоўцы. Падлеткам не цярпелася даведацца, на якую максімальную адлегласць разлічана куля, выпушчаная з аўтамата Калашнікава, колькі часу неабходна, каб асвоіць снайперскую вінтоўку Драгунова, і, увогуле, дзе сёння вучаць снайпераў.
Васьмікласнікі 55-й сталічнай сярэдняй школы былі ў захапленні ад... бронекамізэлек. Так і засыпалі пытаннямі вайскоўца, які прадстаўляў экіпіроўку сіл спецыяльных аперацый. «Цікава, з чаго яны зроблены, якой зброяй іх можна прабіць, з якой адлегласці, — тлумачыць сваю цікаўнасць Дзіма. — Увогуле, мне падабаецца ўсё, што звязана з ваеннай тэматыкай».
З аднакласнікам пагаджаецца і Ваня. Падобнае падлетак бачыць не ўпершыню: разам з бацькам яны частыя госці на гістарычных рэканструкцыях, якія ладзяцца на Лініі Сталіна, неаднойчы былі і ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На пытанне, ці плануюць звязаць сваё жыццё з арміяй, хлопцы ўпэўнена адказваюць: «А як жа! Калі не на прафесійнай аснове, то тэрміновую службу павінен адслужыць кожны сапраўдны мужчына!» Але перш той жа Дзіма паспрабуе налета паступіць у кадэцкае вучылішча.
Курсант факультэта ракетных войскаў і артылерыі Ваеннай акадэміі Кірыл Семяндзяеў, які на некалькі крокаў бліжэй на шляху да афіцэрскіх пагонаў, дасканала вывучаў прадстаўленыя ўзоры ваеннага адзення. «Думаю, у такой форме сучаснаму салдату будзе служыць камфортней», — перакананы юнак.
Невялікі натоўп і каля часовай карціннай галерэі. Маладыя людзі цікавяцца, хто адлюстраваны на палотнах (а гэта двойчы Героі Савецкага Саюза — ураджэнцы Беларусі), які подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны яны здзейснілі.
— Лепш адзін раз убачыць, чым сем разоў пачуць, — лічыць кіраўнік студыі ваенных мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай АПІЁК. — Колькі мы ні казалі б, але калі чалавек бачыць выдатнага дзеяча на палатне, хочаш не хочаш, у думках ён знаёміцца з яго біяграфіяй.
Непадалёк размясцілася перасоўная мастацкая майстэрня. У сваіх палотнах, якія ствараліся тут жа, школьнікі адлюстроўвалі армейскую тэматыку. Пяцікласніца Марыя Зіновенка, напрыклад, пісала нацюрморт. Сярод кветак і садавіны яна «паклала» каску і аўтамат. «Гэтым я хачу сказаць, што Вялікая Айчынная вайна скончылася, мы пра яе памятаем, але краіна квітнее, развіваецца, і мы хочам, каб так было і далей», — кажа дзяўчынка.
Як адзначае мастак-баталіст, уласнік прыватнай мастацкай майстэрні Уладзімір Сайко, гісторыя беларускага войска ў розныя часы з'яўляецца асноўнай тэмай дзейнасці студыі. «Батальны жывапіс цікавы дзецям, бо для іх гэта нешта новае, — перакананы мастак. — Мы даносім да аўдыторыі ідэю пра тое, што ёсць беларус-сейбіт, працавіты чалавек, які мае ў сабе вялікую энергію, моц, але, калі пачынаецца пэўны канфлікт, беларус заўсёды адстойвае сваю пазіцыю. Ён не ваяўнічы, але, калі трэба, зможа за сябе пастаяць».
— Мы пабылі ў многіх гарадах, і, паверце, праект «Айчыне служым!» вельмі палюбіўся гледачу, — заўважае мастацкі кіраўнік Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл, заслужаны артыст Беларусі палкоўнік Уладзімір ВАРАПАЕЎ. — Гэта калі б'юцца ва ўнісон сэрцы артыста і гледача, калі мы адзін аднаго разумеем, што ў нас адна мэта — клопат пра любімую Радзіму.
Дарэчы, учора артысты ансамбля выступілі з канцэртнай праграмай «Айчыне служым!» у Пружанах, а ўжо ў аўторак плануюць парадаваць жыхароў Барысава.
Вераніка КАНЮТА
Фота Дзяніса МАЛЫШЫЦА
Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.