Вы тут

Адвэнт: час падрыхтаваць сваё сэрца да свята


Сёлета Адвэнт пачаўся 3 снежня, і завяршыцца ён вігілійным вечарам 24 снежня. Пра тое, як падрыхтавацца да Каляд, “Звяздзе” расказаў выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, ксёндз-канонік Юрый САНЬКО.


– Айцец Юрый, калі ўзнікла традыцыя аб’яўляць у касцёлах Адвэнт?

– Слова “адвэнт” паходзіць ад лацінскага “adventus” – прыйсце. Гэтая назва прыйшла з Рымскай імперыі. Калі імператар збіраўся наведаць нейкую мясцовасць, то для яе жыхароў абвяшчаўся адвэнт. У час такога чакання людзі рыхтаваліся да прыезду Цэзара. Ёсць звесткі, што адвэнтам называлі і ўрачысты ўваход імператара ў Рым, а таксама цырымоніі наведвання ім святыні ў дзяржаўныя святы.

Калі гаварыць пра гісторыю касцёла, то першы ўспамін пра Адвэнт можна знайсці ў адным з дэкрэтаў сінода, які адбыўся ў іспанскай Сарагосе ў 380 годзе. У тыя часы Адвэнт ужо існаваў у іспанскім і гальскім касцёлах і працягваўся сорак дзён.

– У апошнія гады Адвэнт усё часцей называюць радасным чаканнем Божага Раства, а не постам. Што скажа Касцёл: ці лічацца гэтыя чатыры перадсвяточныя тыдні постам?

– Канешне, час перад Божым нараджэннем лічыцца постам, таму што пэўныя абмежаванні для вернікаў існуюць, як і ў Вялікі пост перад Пасхай. Адвэнт абвяшчаецца для таго, каб людзі папрацавалі над сабой, падрыхтавалі сэрцы да Раства Хрыстова. Проста ўжо становіцца традыцыяй, што перыяд Адвэнту называюць радасным чаканнем, таму што нараджэнне Езуса Хрыстуса – радасная падзея, але гэта не значыць, што мы павінны праводзіць перадкалядны час у забавах.

– Да чаго Касцёл заахвочвае вернікаў у гэтыя незвычайныя дні літургічнага году?

– Пажадана ўзяць для сябе нейкія пастановы, якія можна выканаць. У Вігілію, 24 снежня, мы падыйдзем да ясляў, дзе народзіцца маленькі Езус. З якімі дарамі мы да яго прыйдзем? З заклапочанасцю, засмучанасцю ці тым, што нагатавалі шмат смачнай ежы? Не, мы павінны прыйсці з канкрэтнымі дарамі, таму што нас будуць судзіць па нашых учынках. Таму Адвэнт – цудоўная магчымасць на некаторы час спыніцца ў завірусе штодзённасці, агледзецца, як мы жывём. Тым больш што Адвэнт прыпадае на канец года, калі ў нас шмат клопатаў на вучобе, на працы, дома.

У перадкалядны пост касцёл запрашае людзей удзельнічаць у розных набажэнствах. Будуць праводзіцца рэкалекцыі: у парафію на тры дні запрашаецца святар з іншага касцёла, і ён праводзіць святыя імшы, чытае пропаведзі, спавядае. Канешне, мы заахвочваем людзей часцей прыступаць да споведзі, каб яны з чыстым сэрцам перажывалі гэты час і былі гатовыя да надыходзячага свята. Таксама ў Адвэнт праводзяцца раратнія святыя імшы, якія любяць і дарослыя, і дзеці. Гэтае набажэнства адбываецца раніцай, каля сёмай гадзіны. Святар выходзіць у белым арнаце, нясецца вялікая свяча, якую называюць рараткай. На пачатку імшы адбываецца працэсія, падчас якой святло ў касцёле не запальваецца: цемру рассейвае агонь ліхтарыкаў, бляск якіх сімвалізуе нашыя сэрцы. Адзін ліхтарык наўрад ці асвяціў бы ўвесь касцёл, але мы збіраемся ўсе разам, і таму ад нашых агеньчыкаў вакол становіцца светла. У гэтую таямнічасць касцёл укладвае вялікі духоўны сэнс: вернікі прыходзяць раніцай, калі яшчэ цёмна, і разам з Марыяй чакаюць нараджэнне дзіцяткі Езуса.

На жаль, шмат цікавых традыцый ужо забылася, але ў некаторых парафіях і цяпер можна сустрэць так званыя андрэйкі – вечарыны для моладзі, якія ладзяцца перад адвэнтавым пастом. Робяцца яны для таго, каб моладзь разам, у парафіяльнай супольнасці, павесялілася, а потым засяродзілася на духоўнай падрыхтоўцы да свята.

Чалавек быў створаны, каб пазнаваць, і пазнаваць не толькі навакольнае асяроддзе, але таксама і другога чалавека, праз гэта – і Бога. Адвэнт – час радаснай падрыхтоўкі да Раства Хрыстова, і, зрабіўшы нейкі добры ўчынак для свайго бліжняга, мы дапамагаем яму таксама адчуць радасць.

– Ад чаго трэба ўстрымацца ў адвэнтавы пост?

– Ад паходаў на дыскатэкі і ўдзелу ў іншых забаўляльных мерапрыемствах. У гэты час лепш паменшыць гучнасць тэлевізара, а то і ўвогуле яго выключыць. Можна, напрыклад, пачытаць кнігу.

Дарэчы, хтосьці можа падумаць, калі Адвэнт – час радаснага чакання Божага Нараджэння, то, напэўна, можна і вяселле адыграць? Адразу скажу, што звычайна ў адвэнтавы і Вялікі пасты ў шлюбы не ўступаюць.

– Калі які-небудзь чалавек, які не з’яўляецца каталіком, зойдзе ў касцёл у час Адвэнту, па якіх прыкметах ён можа зразумець, што ў каталіцкіх вернікаў цяпер нейкі асаблівы перыяд?

– Звычайна ў перадкалядны пост у касцёлах можна бачыць вянок, які зроблены з яловых галінак. У яго ўплецены чатыры свечкі, якія сімвалізуюць чатыры тыдні Адвэнту. Кожная свечка запальваецца ў нядзелю. Нават для хрысціяніна, які рэгулярна прыходзіць на святую імшу, гэта таксама знак набліжэння Раства Хрыстова. Яшчэ з’яўляюцца пустыя яслі, дзе мы ўбачым фігурку Езуса Хрыстуса ў калядную ноч. Гэтая дэкарацыя нагадвае нам пра падзеі, якія адбыліся ў Бэтлееме больш за дзве тысячы гадоў назад, калі Дзева Марыя ў стайні нарадзіла маленькага Езуса, бо ім не знайшлося месца ў заездзе. Дзеці пішуць на папяровых сардэчках добрыя ўчынкі, якія яны зрабілі ў час Адвэнту, і кладуць іх у гэтыя яслі. Таксама святар у буднія дні апранаецца ў фіялетавы колер, колер пакуты, засяроджанасці на сваім жыцці. 

Мы бачым, як хутка перад навагоднімі святамі ўпрыгожыўся наш горад: на вуліцах з’явіліся елкі, пад дахамі крам заблішчэлі рознакаляровыя агеньчыкі. Але я жадаю кожнаму не згубіцца ва ўсёй гэтай прыгажосці, звярнуць увагу не толькі на тое, ці ёсць у нас святочныя ўборы, ці купілі мы прадукты на стол, ці павесілі на дзверы вяночак, але і на тое, ці падрыхтавалі мы свае сэрцы да свята, ці выканалі ўзятыя пастановы, каб радасць ад Божага Раства была сапраўды вялікай.

Анастасія ПЯЦЬКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.