Вы тут

Фільм “Жонка наглядчыка заапарка” з’явіўся ў беларускай агучцы


Карціна “Жонка наглядчыка заапарка” Нікі Каро, сусветная прэм’ера якой адбылася 7 сакавіка гэтага года, учора ўпершыню была паказана ў беларускай агучцы. Праект “Беларускія ўікэнды” зараджаўся на, можна сказаць, альтруістычных пачатках, а ўжо сёння паказвае свежы фільм з галівудскімі зоркамі ў галоўнай ролі і карыстаецца дапамогай шэрагу партнёраў.


Фільм быў агучаны на беларускую пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і кампаніі velcom. Ён заснаваны на рэальных падзеях, апісаных у кнізе, якая ў сваю чаргу ўзяла за аснову дзённік Антаніны Жабінскай – жонкі наглядчыка Варшаўскага заапарка, якая падчас Другой сусветнай вайны разам з мужам выратавала з гета і дала прытулак больш як тром сотням яўрэяў. Галоўную ролю ў фільме выканала Джэсіка Чэстэйн.

Далікатны аповед пра жахі вайны, якія транслююцца праз тое, што адбываецца з сям’ёй Жабінскіх, амаль не паказвае жорсткіх сцэн, затое адлюстроўвае каштоўнасць чалавечай велікадушнасці і храбрасці. Умела выкарыстаўшы яшчэ даваеннае знаёмства з уплывовым чыноўнікам Лутцам Хекам, Жабінскія змаглі наладзіць сістэму “вывазу” яўрэяў з гета, якія альбо праходзілі праз іх дом і адпраўляліся далей, альбо атрымлівалі ў гэтым доме пастаянны прыстанак.

Нягледзячы на такі жудасны гістарычны фон, карціна “Жонка наглядчыка заапарка” атрымалася надзвычай жыццясцвярджальнай праз пастаяннае акцэнтаванне ўвагі на тым, як адзін за адным персанажы, апроч галоўных, праяўляюць спагаду і дапамагаюць у выратаванні яўрэяў. Нават галоўная крыніца пагрозы Лутц Хек у апошні момант праяўляе сябе з гуманнага боку. Таму ў выніку карціна атрымалася нават сентыментальнай, што шырокаму гледачу, канешне, прыйдзецца даспадобы.

Ролі агучылі Ганна Хітрык і Святлана Цімохіна, Яўген Перлін і Сяргей Жбанкоў, Алесь Малчанаў і Зміцер Саладуха.

Прэм’ерны паказ адбыўся ў зале VOKA кінатэатра Velcom Cinema, а 8, 9 і 10 снежня карціну можна ўбачыць у кінатэатры “Масква”. 13 снежня да кіно на беларускай мове можна будзе далучыцца таксама ў “Бярэсці”, у кінатэатры “Беларусь”.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».