Вы тут

У Акадэміі кіравання абмеркавалі праблемы моладзі


Круглы стол «Моладзь суверэннай Беларусі: сацыякультурны і гістарычны аспекты» прайшоў на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.


Фота ecoyear.ru

У межах падрыхтоўкі да ІІ З'езда вучоных Беларусі ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел маладыя даследчыкі з усёй Беларусі, якія прадстаўляюць не толькі вядучыя навучальныя ўстановы краіны, але і розныя арганізацыі і прадпрыемствы. Яны абмеркавалі ролю моладзі ў развіцці сучаснай беларускай дзяржаўнасці, шляхі і спосабы падтрымкі маладых вучоных, павышэння прэстыжу навуковай дзейнасці. Удзельнікі агучылі характэрныя пытанні, якія ўзнікаюць падчас іх навуковай дзейнасці.

Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Марат Жылінскі звярнуў увагу, што маладыя людзі заўсёды вызначаюцца сваім азартам і жаданнем рызыкаваць. З гэтай прычыны шмат сучасных крэатыўных распрацовак ажыццяўляецца маладзёжным навуковым асяроддзем. А акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя дадаў, што сёння ў Інстытуце гісторыі акадэміі навук каля трэці вучоных складае моладзь да 35 гадоў. І такая сітуацыя характэрная для ўсіх гуманітарных дысцыплін.

У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць усе магчымасці для таго, каб займацца навукай. Існуюць і дадатковыя стымулы.

— Можна скарыстацца грантамі для маладых даследчыкаў, якія падтрымлівае Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, прэзідэнцкімі стыпендыямі. Міністэрства адукацыі, Нацыянальная акадэмія навук заключылі двухбаковыя пагадненні з еўрапейскімі навучальнымі ўстановамі, дзякуючы чаму можна атрымаць даследчыя стажыроўкі і павысіць свой узровень за мяжой. Сёння любы навуковец можа пры жаданні нядрэнна зарабляць.

Пры гэтым Ігар Марзалюк адзначыў, што аказваць дапамогу маладым вучоным неабходна і падтрымка ў гэтым адчуваецца і з боку кіраўніка дзяржавы і ўрада.

— Навука — галоўны рухавік беларускага грамадства. Каб у краіне развіваліся сучасныя біялагічныя і ІT-тэхналогіі, выхоўваліся інтэлектуальныя пакаленні, мы ўсе павінны працаваць на навуку. Пры гэтым існуе цесная сувязь з адукацыяй: бліскучых даследаванняў не можа быць без якасных ведаў. А таленавітыя даследчыкі заўсёды адкрываюць новыя гарызонты ў адукацыі.

У якасці экспертаў у рабоце круглага стала таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу і навуковыя работнікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Дарогу маладым

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».