Вы тут

Інтэрнэт-імідж педагога. Як не нарабіць памылак у сеціве?


Ці варта педагогам ствараць акаўнты ў сацыяльных сетках? Якім павінен быць профіль настаўніка: закрытым ці адкрытым? Што можна публікаваць на сваёй старонцы, а што не? Ці трэба дадаваць вучняў у «сябры»? Што можа дазволіць сабе настаўнік у камунікацыі са сваімі выхаванцамі ў інтэрнэце? Адказы на гэтыя пытанні шукаюць многія педагогі, у тым ліку і маладыя, якія завялі свае старонкі «УКантакце» яшчэ ў школьныя ці студэнцкія гады. У рамках міжнароднай выстаўкі-форуму «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» перад беларускімі педагогамі выступіла кандыдат псіхалагічных навук, пазаштатны супрацоўнік расійскага Фонду развіцця інтэрнэт, дацэнт Вікторыя ІЗМАГУРАВА, якая расказала пра «азы» адказных паводзін настаўнікаў у сацыяльных медыя.


Агенты інфасацыялізацыі

Вікторыя Ізмагурава: «Настаўнік заўсёды знаходзіцца «пад прыцэлам».

— У прынцыпе існуюць дзве лініі паводзін. Першая, калі педагог цэніць сваю ўнутраную прастору, а таму не выходзіць у сацыяльныя сеткі, або калі ён і мае свой акаўнт, але не дадае вучняў у «сябры». Другая лінія — педагог уключае ў кола інтэрнэт-«сяброў» сваіх выхаванцаў і кантактуе з імі ў сацыяльных сетках. Другая лінія паводзін адназначна больш прыярытэтная, — лічыць спецыяліст, — хоць яна і патрабуе ад педагога высокага ўзроўню інфармацыйнай культуры. Немагчыма забываць, што вы педагог, нават калі вы заходзіце на сваю ўласную старонку, робіце ў інтэрнэце нейкія публікацыі, — вы ўсё роўна застаяцеся педагогам. І так цяпер будзе заўсёды!

Вікторыя Ізмагурава расказала пра такі новы феномен, як інфасацыялізацыя. Уліванне моладзі ў соцыум адбываецца цяпер пераважна ў інтэрнэт-асяроддзі, таму ў сучасных педагогаў з'явілася новая задача — стаць для падрастаючага пакалення агентамі інфасацыялізацыі.

Інфармацыйная культура ўвогуле стала неад'емнай часткай агульнай культуры чалавека. Але што пад ёй маецца на ўвазе? «Найперш гэта здольнасць адбіраць якасную інфармацыю ў інтэрнэце, умець ацэньваць яе праўдзівасць, важнасць, а таксама ўменне мадэляваць свае паводзіны ў інтэрнэце, каб яны былі максімальна эфектыўнымі, канструктыўнымі і не закраналі нічыіх інтарэсаў, — тлумачыць спецыяліст. — А калі гаварыць пра інфармацыйную культуру педагога, то яна ўключае таксама здольнасць уплываць на інфармацыйную культуру вучня, фарміраваць яе. Пры гэтым настаўнік павінен сам добра валодаць інтэрнэт-тэхналогіямі плюс высокімі маральна-этычнымі якасцямі».

Калі педагог сёння не прадстаўлены ў інтэрнэт-асяроддзі, у вачах сваіх вучняў ён адразу страчвае ачкі. Лічбавае пакаленне гэтага не можа зразумець. Таму настаўніку трэба ісці ў сацыяльныя сеткі — туды, дзе праводзяць па некалькі гадзін у дзень яго падапечныя.

Лабараторыя Касперскага правяла даследаванне, якое ўстанавіла, што 90 працэнтаў расійскіх педагогаў выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі ў асабістых мэтах. 73 працэнты дадаюць вучняў у «сябры». Адкрыты акаўнт з іх маюць 67 працэнтаў. А 25 працэнтаў тых, хто сябруе з вучнямі ў сеціве, не праводзяць на гэтых пляцоўках ніякай педагагічнай работы. Дзецям, між іншым, патрабуецца нейкі арыенцір, эталон паводзін.

Стасункі ў сацыяльных сетках маюць шмат адметнасцяў, якія настаўніку заўсёды трэба мець на ўвазе. Нябачнасць суб'ектаў камунікацыі, ананімнасць і слабая рэгламентаванасць паводзін у інтэрнэце ствараюць у дзяцей уражанне ўседазволенасці, калі ім здаецца, што сціраюцца межы паміж статусамі, што не трэба захоўваць правілы субардынацыі, яны пераходзяць на слэнг. «Інтэрнэт — гэта абсалютная свабода без абмежаванняў і забарон» — так лічаць вельмі многія падлеткі і накіроўваюцца туды, дзе іх ніхто не кантралюе. Да таго ж частка карыстальнікаў любіць ствараць віртуальныя асобы — гэта калі ў сеціве адыгрываецца пэўны жыццёвы сцэнарый, важны для канкрэтнага чалавека. Тое, што ён ніколі не дазволіць сабе ў рэальным жыцці, з лёгкасцю дазваляе сабе ў інтэрнэце. Віртуальны лад жыцця аказваецца больш важны за рэальнасць.

Спам не вітаецца

Вікторыя Ізмагурава расказала пра асноўныя правілы прафесійнай этыкі, якія педагогам рэкамендуецца выконваць, калі яны заходзяць у сацыяльныя сеткі. Галоўны прынцып — неабходнасць прытрымлівацца тых жа стандартаў паводзін, што і ў рэальным жыцці. «Вобраз настаўніка ў класе, школе і ў сацыяльных сетках павінен супадаць. Гэта вельмі важна для фарміравання даверу паміж ім і навучэнцамі. Таму беражыце сваю рэпутацыю. Для педагога недапушчальнае выкарыстанне ненарматыўнай лексікі, сумнеўных фатаграфій і тэкстаў у інтэрнэце, — падкрэслівае псіхолаг. — Здараецца, што чалавек у эмацыянальна прыгнечаным стане ці, наадварот, падчас моцнага ўзрушэння піша дзіўныя тэксты, што настаўніку катэгарычна забаронена рабіць. Моцная эмоцыя — не падстава падзяліцца ёй з усім светам».

Памятайце, што ў сацсетках вы размаўляеце з людзьмі. Маецца на ўвазе, што ў інтэрнэт-перапісках трэба кіравацца прынцыпам «Ці сказаў бы я тое самае чалавеку ў твар?».

Зрэшты, прынцыпы інфармацыйнай этыкі агульныя для ўсіх, а не толькі для педагогаў. Гэта захоўванне права на прыватную перапіску. Выкладваць перапіску з іншым чалавекам у агульны доступ ці перасылаць яе іншаму «сябру» па сацыяльнай сетцы недапушчальна.

Трэба паважаць час і магчымасці іншых, таму не рэкамендуецца «спаміць»: распаўсюджваць «вірусны» кантэнт, фэйкавыя навіны, прыхаваную рэкламу і іншае інтэрнэт-смецце. Увогуле распаўсюджванне непатрэбнай інфармацыі прыводзіць да таго, што да яе перастаюць сур'ёзна ставіцца, і гэта правакуе зніжэнне аўтарытэту таго чалавека, які яе рассылае.

Нельга прасіць перапосціць інфармацыю, размешчаную на вашай старонцы. Гэта элементарная сеткавая этыка: калі чалавек зацікавіцца, ён сам добраахвотна зробіць рэпост.

Не рэкамендуецца таксама адзначаць сяброў на здымках без іх дазволу, размяшчаць фота і віншаванні на чужых старонках без дазволу іх гаспадароў, злоўжываць хэштэгамі.

Прыкметай дрэннага тону лічыцца і празмернае захапленне сэлфі. Больш таго, псіхіятры ўжо адносяць гэту быццам бы бяскрыўдную «забаву» да псіхічных расстройстваў. Таксама не рэкамендуецца часта выкладваць фота з месцаў, якія вы наведалі, таму што такім чынам вы транслюеце ў сетках анлайн сваё прыватнае жыццё.

Самапрэзентацыя ў сеціве

Педагогам ні ў якім разе нельга ўмешвацца ў публічныя канфлікты. Усё напісанае застаецца ў сеціве, таму праз пэўны час словы і каментарыі могуць вырваць з кантэксту і накіраваць супраць настаўніка. Не спрабуйце пераспрачаць троля і памятайце, што вы можаце няправільна зразумець праз экран эмоцыі і інтанацыі іншых людзей, як і іншыя людзі могуць памыліцца ў вашых.

Пісаць у сетках педагог павінен правільна і без скарачэнняў, таму што ўсяму, што ён робіць, удзяляецца асаблівая ўвага. Настаўнік заўсёды знаходзіцца «пад прыцэлам».

Яшчэ адно правіла — дапамагайце іншым там, дзе гэта можна зрабіць. Трэба ўдзельнічаць у розных сеткавых суполках, у тым ліку прафесійных, арганізоўваць групы па інтарэсах.

Калі ў сацыяльных сетках настаўнік сябруе са сваімі вучнямі, то варта ў наладах прыбраць магчымасць бачыць спіс сяброў на старонцы іншым карыстальнікам. Калі настаўнік са сваімі вучнямі стварае групу, то яна павінна быць закрытай, каб далучыцца да яе можна было толькі па запрашэнні членаў гэтай суполкі.

Публікаваць фота дзяцей без іх згоды забараняецца. Выключэнне — групавое фота, калі твары відаць толькі здалёку.

Навучальнае ўзаемадзеянне з дзецьмі, абмен з імі актуальнай інфармацыяй павінны быць не толькі ў школе, але і ў анлайн-прасторы, — падкрэслівае Вікторыя Ізмагурава. — Вось толькі сфера ўплыву педагога тут пашыраецца, бо ў інтэрнэце дзеці сутыкаюцца зусім з іншымі рызыкамі, і настаўнік павінен быць гатовы ім дапамагчы.

Пэўны час таму праводзілася даследаванне, якое ўстанавіла, што на першае месца па значнасці атрыманай інфармацыі школьнікі ставяць бацькоў, на другое месца — інтэрнэт, а настаўнікі займаюць толькі трэцюю пазіцыю. Таму ролевы рэпертуар педагогам сёння раяць пашырыць і ўвесці ў яго ролю навігатара ў медыясвеце. Настаўнік павінен дапамагаць вучням адбіраць якасны кантэнт і фарміраваць нормы ацэньвання інфармацыі.

— Удзел педагога ў інтэрнэт-жыцці вучняў патрабуе вялікай адказнасці, ён фактычна пазбаўлены прыватнага жыцця ў сацыяльных сетках. Гэта трэба зразумець і прыняць, — канстатуе Вікторыя Ізмагурава. — Асабістая старонка — гэта яго самапрэзентацыя ў інтэрнэце, таму вельмі важна правільна кіраваць гэтым рэсурсам.

У кожнай сеткі — свой статус

— Імідж педагога — у яго руках, — упэўнена намеснік старшыні Таварыства беларускай школы, рэдактар партала nastaunіk.іnfo Тамара МАЦКЕВІЧ. — Розныя сацыяльныя сеткі маюць розны сацыяльны статус. Калі ваша асноўная персанальная старонка знаходзіцца ў «Аднакласніках», то вы, хутчэй за ўсё, у вачах вашых вучняў належыце да ніжэйшага класу. Дзеці называюць гэтую сетку «аднаглазнікі».

Беларускія вучні і студэнты па звычцы жывуць «УКантакце». Калі вы малады настаўнік і вучні вас лічаць за свайго, можаце завесці акаўнт там.

Беларускі сегмент «Фэйсбука» прынята лічыць інтэлектуальным, ён «заселены» інтэлігенцыяй і ўмоўным сярэднім класам. Там, у адрозненне ад «Аднакласнікаў», не прынята штодня дзяліцца рэцэптамі пірагоў, графаманскімі вершамі, цудадзейнымі іконамі, букетамі і настальгіраваць па дарэмна пражытай маладосці... Хоць пры перасяленні з «Аднакласнікаў» іх «жыхары» часам пераносяць у «Фэйсбук» і старыя звычкі. Настаўнікі, напрыклад, вельмі любяць дзяліцца неглыбокімі артыкуламі з сумнеўных сайтаў, створанымі для віруснай рэкламы, усялякімі абвесткамі пра дапамогу і спачуванне «няшчасным людзям», якіх яны асабіста не ведаюць.

Да таго ж у «Фэйсбуку» дзейнічае шмат пляцовак для прафесійных стасункаў педагогаў, можна далучыцца да груп па інтарэсах, падпісацца на старонку любых выданняў з любой краіны: ад «Настаўніцкай газеты» да Washіngton Post.

Калі вы маеце старонку на Google+, то адразу трапляеце ў лік «прасунутых прафесіяналаў». Вашы вучні будуць ведаць, што вы карыстаецеся ўсімі сучаснымі google-сэрвісамі для навучання, захоўвання інфармацыі, абмену прафесійнымі (і не толькі) матэрыяламі, у тым ліку і ўласным каналам YouTube.

Калі вы любіце фатаграфаваць, то вам падыходзіць «Інстаграм». Прысутнасць у гэтай сетцы (як і наяўнасць хобі) дадасць шмат бонусаў у вачах школьнікаў. «Інстаграм», бадай, самая прэстыжная сетка ў маладога пакалення.

А ці не завесці настаўнікам два акаўнты: адзін публічны, а другі — для родных і сяброў, каб «захаваць прыватнае жыццё», пацікавіліся мы ў Тамары Мацкевіч. «Тут кожны вырашае сам, — адказала яна. — Аднак дзеці добра адчуваюць двайное жыццё. Яны альбо не будуць паважаць вас, альбо, яшчэ горш, пяроймуць такую мадэль паводзін. Гэта можа занадта дорага каштаваць і непрымальна для педагога».

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Інтэрнэт-імідж педагога

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.