Вы тут

Нараканне на наканаванне


Нараканне на наканаванне

Джон Ленан нарадзіўся ў ноч, калі над Ліверпулем лёталі нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Яго бацькі хутка разышліся, і выхаваннем будучага музыкі займалася цётка са сваім мужам. Толькі падлеткам Джон пачаў стасавацца з маці. Яны зблізіліся. Калі Ленану было сямнаццаць, маці памерла. Яе збіла машына. Пол Макартні таксама рана згубіў маці. Тая памерла ад раку. Гэтыя абставіны сталі дадатковымі вузламі, якімі лёс звязаў два таленты. Так ім было наканавана: страціць, каб атрымаць. Страціць, каб мы атрымалі найлепшы аўтарскі саюз у гісторыі сучаснай музыкі. Лёс.

Вы наракаеце на лёс. Кожны з вас. Не раз і не два. Усё жыццё. Чытаючы біяграфіі знакамітасцей (у лепшым выпадку), вы заўважаеце, што ў іх усё так склалася. Вы адзначаеце гэтыя «складкі» тлустымі чырвонымі крыжыкамі. Вось… Вось гэта ноч… Вось гэта ўжо доказ. Гэта доказ з неба, што нарадзіўся не абы-хто. Што гэты чалавек стане Чалавекам. Лёс!

Лёс вызначаецца датай нараджэння, імем, рыскамі на руках. Умоўнай зоркай, якую нейкі запальвальнік зорак прысвяціў табе.

Хлопчык нарадзіўся быццам здаровым, але быццам. Хутка ён трапіў у бальніцу. Там дактары паважна паціскалі плячыма, міргалі вачыма. Хлопчыку рабілася ўсё горш і горш. Хлопчык трапіў у рэанімацыю. Адкуль яго выцягнуў лёс. Выпадковы ўрач выпадкова не ў сваё дзяжурства зазірнуў у выпадковую картку не свайго хворага, і выпадкова гэты ўрач пабачыў тое, што да яго чамусьці не пабачылі. Ён быў раз’юшаны, ён узяўся лячыць хлопчыка сам, — і я выжыў. Лёс? Лёс — гэта сума дзіўных выпадковасцей, неспадзяванасцей, супадзенняў? Так? Быццам. А што лічыць выпадковасцю? Тое, што кваліфікаваныя ўрачы не могуць правільна паставіць дыягназ? А што лічыць супадзеннем? Тое, што прыкладна ў гэты час на другім канцы Беларусі памылка ўрача забіла жанчыну, дачка якой праз колькі гадоў стала маім лепшым сябрам?

Паважаныя людзі. Мае чытачы. Я спадзяюся, вы разумееце, што ў кожнага з нас ёсць штосьці агульнае. Першая кніга, першы фільм, імя першай дзяўчыны, песня, пад якую танцавалі першы танец, узоры на дыване, традыцыйныя рэплікі настаўніцы/выкладчыцы. Вы ж разумееце гэта? Вы разумееце, што на Зямлі жывуць мільярды людзей. Вы разумееце, што пры такой колькасці шукаць супадзенні лягчэй за ўсё. Гэтым займаюцца розныя псеўданавукоўцы, якія праводзяць паралелі паміж біяграфіямі вядомых людзей. Знаходзяць тры-чатыры кропкі перасячэння двух жыццяў і «адкрываюць Амерыку». Адкрываюць так упэўнена, што вы ківаеце і я ківаў, бо гэта ж сапраўды Амерыка. Джон Ленан. Пол Макартні. У юнацкім узросце засталіся без маці. Што гэта? Лёс? Кіўніце.

Рынга Стар быў вельмі хваравітым у дзяцінстве. Скончыў пачатковую школу, а далей вучыцца не атрымалася. Год з адной хваробай, два з другой. Пра якую адукацыю тут весці гаворку? Прыйшлося ў пятнаццаць гадоў забыцца на наяўнасць розных ВНУ, ці што там у іх у Брытаніі, і ісці працаваць сцюардам на паром. Але лёс мацнейшы за абставіны. Калі чалавеку прапісана дзесьці там у невядомасці стаць знакамітасцю, веліччу, імем, то ён стане.

Вы наракаеце на лёс. Вы паўтараеце пра «врождённые таланты», пра «повезло». Вы зноўку шкадуеце сябе са сваімі залатымі медалямі і чырвонымі дыпломамі, альбо без медалёў і дыпломаў. Камусьці дадзена ад нараджэння — паўтараеце вы. Паўтараеце і паўтараеце. Нам не пашанцавала. Ленану пашанцавала? Макартні? Стару? Пашанцавала. Яны ж такія таленавітыя.

Калі мяне называюць таленавітым, я ўспрымаю гэта як абразу. Мне хочацца задушыць гэтага разумнага чалавека. Гэтую лянівую істоту, якая ўмее толькі разяўляць рот і шкадаваць сябе. Таленавіты? Я жыву літаратурай дзесьці ўжо пятнаццаць адоў. Кожную хвіліну, кожнае імгненне. Я думаю. Я сінтэзую/аналізую. Я смакую словы, мацаю словы, слухаю словы, разглядаю словы, іду па словах. Кожнае імгненне! Гэта не талент. Гэта праца. Я працую. Працую. Працую. Як працаваў Джон, Пол, Рынга. Няспынна. Літаратура — гэта частка мяне. Інакш мне не стаць часткай літаратуры. Я іду-іду-іду і яшчэ дзясяткі гадоў, да самай сваёй смерці, я буду ісці. І, магчыма, маю біяграфію хтосьці напіша, а хтосьці прачытае. Прачытае пра рэанімацыю. І пазначыць падарунак лёсу тлустым чырвоным крыжыкам. А пасля яшчэ паставіць крыжык, і яшчэ адзін. Чытачы будуць чытаць гэтыя крыжыкі і ківаць. Вось як жа яму пашанцавала! Як яму «повеЗЛО»!

Лёс вызначаецца датай нараджэння, імем, рыскамі на руках. Умоўнай зоркай, якую нейкі запальвальнік зорак прысвяціў табе.

Паважаныя людзі. Мае чытачы. Я спадзяюся, што вы разумееце адну дробязь. Вы моцныя. У вас ёсць сілы на ўсё. У вас ёсць сілы. Вы можаце ўстаць і ісці. Гэтага дастаткова, каб прыйсці. Ісці. Проста ісці. Ёсць ці няма сцяжынкі пад нагамі — не мае значэння. Ісці праз прорву, у прорву, па прорве. Ісці. Крок за крокам. Кропля за кроплей. Атам за атамам. Ісці. Ёсць лёс ці няма лёсу — не мае значэння. Бо вы ўсё роўна яго сустваральнікі. Вы большасць таго, што з вамі адбываецца. Вы большасць таго, што з вамі адбудзецца. Вы кожны дзень перапісваеце сваё мінулае, а абавязаны перапісаць будучыню. Узяць сёння, у гэты вось самы момант пэндзаль свайго жыцця і маляваць самі. Самі маляваць сваё жыццё. Не наракаць на Бога, які даў аднаму, а другому не даў. Што ён даў? Што? Каму? Як? Можа, трэба браць самому? Можа, трэба жыць самому, калі хочаш жыць?

29 лістапада 2001 года памёр Джордж Харысан. Звычайны чалавек. Яго бацькі былі звычайнымі людзьмі. Бацька — кіроўца аўтобуса. Маці — прадаўшчыца. Адна сястра. Два брата. Звычайная школа, дзе вышэй на два класы вучыўся звычайны хлопчык Джон Ленан, з якім у Джорджа атрымалася пазнаёміцца праз свайго сябра Пола. Гэты звычайны чалавек памёр ад звычайнага раку звычайнага мозга. Яго звычайныя сябры Пол і Рынга былі з ім у яго звычайныя апошнія дні. У дачкі звычайнага Рынга ў гэты час быў рак гартані, і Джордж хоць сам не мог нават устаць, падрадзіўся з’ездзіць з сябрам, маральна падтрымаць. Звычайны Пол пагадзіўся, каб у яго звычайным доме на Бэверлі-Хілз прайшлі звычайныя апошнія дні Джорджа.

А вы такія ўсе незвычайныя. Вы выключныя. Вы неверагодныя. Вы фенаменальныя. Але ж такі лёс, што вам даводзіцца жыць у шэрасці. Шэрым жыццём. Такім шэрым. Такі лёс. Лёс такі. Што ж вы можаце зрабіць? Сярод вас няма Джона Ленана. Над вамі не праляталі нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Сярод вас няма Пола Маккартні. Вы карыстаецеся правай рукой у большасці выпадкаў. Сярод вас няма Рынга Стара… Сярод вас няма Джорджа Харысана… Сярод вас нікога няма. Вы незвычайныя. Вы стогны зайздрасці і дыханне вечнай пустэчы. Вечнае нараканне на наканаванне.

Я звычайны чалавек. Жыву ў звычайным горадзе Мінску. Са сваім звычайным шчасцем. Чытаю звычайныя кнігі. «Шум і ярасць» Фолкнера, «Бляшаны барабан» Граса. Слухаю звычайную музыку. «Nine eleven», «God is an astronaut». Кармлю галак. Кідаю дроцікі. Звычайным ранкам на звычайным трамваі еду на звычайную працу. Усё звычайна. Але гэтую звычайнасць я напаўняю фарбамі. Усё напаўняю фарбамі. Самымі цёплымі яркімі фарбамі. А ў вольны час я ствараю свой лёс.

Лёс вызначаецца датай нараджэння, імем, рыскамі на руках. Умоўнай зоркай, якую нейкі запальвальнік зорак прысвяціў табе. Мне. І яна належыць мне, а не я — ёй.

__

The Beatles — …Ты сапраўды не ведаеш The Beatles? Напэўна, такі ў цябе лёс.

Дзмітрый Шулюк

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?