Вы тут

ІІ З'езд вучоных пройдзе ў Мінску 12—13 снежня


Цэлы шэраг нарматыўных прававых дакументаў, як плануецца, будзе прыняты да ІІ З'езда вучоных, які пройдзе ў Мінску 12—13 снежня. Сярод іх і самы доўгачаканы — указ кіраўніка дзяржавы аб удасканаленні аплаты працы работнікаў бюджэтных навуковых арганізацый.


— Першы з'езд вучоных прайшоў у нашай краіне дзесяць гадоў таму. За гэты час шмат чаго змянілася, таму сёння важна падвесці вынікі і вызначыць далейшыя задачы, якія я асабіста ахарактарызаваў бы як дастаткова амбіцыйныя, і гэта цалкам натуральна, паколькі Беларусь мае магутны навуковы патэнцыял і развіваецца ў кантэксце сучаснай навуковай думкі, — падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ падчас прэс-канферэнцыі з нагоды меркаванай падзеі.

Першы намеснік старшыні Прэзідыума Акадэміі навук Сяргей ЧЫЖЫК дадаў:

— Апошнія дзесяць гадоў былі часам бурнага развіцця тэхналогій у свеце. Актыўна ўвайшлі ў наша жыццё інтэрнэт рэчаў, інфармацыйныя тэхналогіі, змяняецца структура энергаспажывання ва ўсім свеце. Мы бачым зусім іншы транспарт. І задача з'езда — абагульніць гэтыя навінкі і вызначыць прыярытэты, каб не адстаць ад іншых.

Каля 2600 дэлегатаў возьмуць удзел у з'ездзе, 500 з іх — замежныя госці.

Уладзімір Гусакоў паведаміў, што на базе навуковых арганізацый Акадэміі навук дзейнічае 16 міжнародных цэнтраў і лабараторый па распрацоўцы і адаптацыі перадавых тэхналогій і іх прасоўванні на замежныя рынкі: «Такім чынам, нам ёсць што паказаць замежным калегам і без перабольшання ёсць чым іх здзівіць, а паколькі беларуская навука ўжо мае вельмі сур'ёзныя прарыўныя распрацоўкі па розных напрамках, непасрэдна да з'езда мы падрыхтавалі спецыяльны зборнік «Брэнды Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

— Сёння навука ва ўсім свеце мае выразны практыка-арыентаваны характар, і наша краіна не выключэнне. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі — гэта магутная навукова-вытворчая карпарацыя. Важна разумець, што бюджэтныя сродкі складаюць толькі трэцюю частку ад неабходных фінансавых рэсурсаў, а ўсё астатняе нашым інстытутам і цэнтрам трэба зарабляць самім, таму мы актыўна ўдзельнічаем ва ўсіх дзяржаўных, саюзных праграмах, інавацыйных праектах міністэрстваў, ведамстваў і прадпрыемстваў, — дадаў старшыня Прэзідыума Акадэміі навук. — Таксама прыцягваем замежныя гранты, супрацоўнічаем з замежнымі навуковымі цэнтрамі. Без залішняй сціпласці магу сказаць, што ўзровень нашых спецыялістаў вельмі высокі, і мы пастаянна атрымліваем заказы на правядзенне даследаванняў і распрацовак не толькі ад беларускіх заказчыкаў, але і ад замежных партнёраў.

За апошнія пяць гадоў, дзякуючы намаганням вучоных акадэміі, было створана прыкладна тры дзясяткі вытворчасцяў інавацыйнай прадукцыі.

— Разам з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях мы распрацавалі да з'езда шэраг нарматыўных актаў, якія датычацца змянення ўмоў работы вучонага, — паведаміў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Аляксандр КІЛЬЧЭЎСКІ. — У яго з'явіцца больш правоў для рызыкі. Раней мы не заўсёды маглі дазволіць сабе рызыкаваць, таму што трэба было вяртаць сродкі ў бюджэт, калі распрацоўка аказвалася неэфектыўнай.

Плануецца, што галоўным дакументам, які будзе прадстаўлены на з'ездзе, стане Стратэгія развіцця навукі на 2018—2040 гады — свайго роду план работы для ўсёй навуковай галіны на некалькі дзесяцігоддзяў наперад.

У тэму

Па інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі займаліся летась у нашай краіне 16,9 тысячы даследчыкаў у 431 арганізацыі. Узрост кожнага чацвёртага з іх (23,5%) не перавышаў 30 гадоў. Кожны пяты даследчык меў навуковую ступень.

Як і ў папярэднія гады, у прафесійнай структуры навуковых кадраў пераважалі спецыялісты ў галіне тэхнічных навук, удзельная вага якіх склала 59,6% ад агульнай колькасці даследчыкаў. Крыху больш за 20 працэнтаў былі занятыя ў галіне прыродазнаўчых навук і 7% — у галіне сацыяльна-эканамічных і грамадскіх навук.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Брэнды, здольныя здзівіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?