Вы тут

Як праект «Кліма-Іст...» дапамагае палепшыць экалагічную сітуацыю


Як арганізацыя «балотнай гаспадаркі» дапамагае не толькі палепшыць экалагічную сітуацыю і адаптавацца да змены клімату, але і павялічыць эканамічны патэнцыял рэгіёнаў.

Праект «Кліма-Іст: захаванне і ўстойлівае кіраванне тарфянікамі ў Рэспубліцы Беларусь дзеля скарачэння выкідаў вугляроду і адаптацыі балотных экасістэм да змены клімату» фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Балоты — гэта не толькі прыроднае багацце нашай краіны, але і тэрыторыі вялікай адказнасці, бо з'яўляюцца аднымі з самых уразлівых экасістэм на планеце. Парушэнне гідралагічнага рэжыму, а таксама спыненне выкарыстання гэтых біятопаў чалавекам для ручной касьбы і выпасу жывёлы прывялі да зарастання адкрытых прастораў драўнінна-хмызняковай расліннасцю і трыснягом. Гэты працэс закрануў да 500 тысяч га натуральных балот і нізінных пойменных лугоў, у тым ліку і на пілотных тэрыторыях праекта — заказніках «Спораўскі» і «Званец». Каб наблізіць іх да першапачатковага выгляду, падтрымаць біялагічную разнастайнасць і зменшыць выкіды парніковых газаў, і была арганізавана «балотная гаспадарка». Сутнасць апошняй, па словах кіраўніка праекта «Кліма-Іст» Уладзіміра Калтунова, — у выдаленні часткі натуральнай расліннасці і выкарыстанні яе ў энергетычных, будаўнічых, сельскагаспадарчых і іншых мэтах.

Падчас рэалізацыі праекта ў заказніках «Спораўскі» і «Званец» на плошчы 3893 га арганізавана зразанне хмызнякоў, трыснягу і касьба травы. Усе работы праводзіліся ў пэўны час і з дапамогай спецыялізаванай, закупленай для праекта тэхнікі, каб не нашкодзіць іншым раслінам і жывёлам. У выніку нарыхтавана 4062 тоны расліннай біямасы: травяністая пайшла на сена, сянаж і сілас, дранка і дровы выкарыстоўваліся як паліва, а здробленыя ліставыя пароды — у якасці мульчы.

На тэрыторыі заказніка «Званец» на плошчы каля 5 тысяч га ўпершыню ў краіне было праведзена кіруемае выпальванне сухой расліннасці. Як адзначыў навуковы каардынатар праекта Міхаіл Максіменкаў, гэта мерапрыемства адрозніваецца ад звычайнага выпальвання строгім прытрымліваннем шэрагу правілаў, што дазваляе правесці яго з мінімальнай шкодай прыродзе. У выніку быў знішчаны трыснёг на плошчы 3,3 тысячы га і аздароўленыя месцапражыванні вяртлявай чаротаўкі на плошчы 2,6 тысячы га. Усяго ж шчыльнасць папуляцый гэтай птушкі на мадэльных участках заказніка «Званец» у параўнанні з пачаткам праекта вырасла ў 1,5—2 разы, у заказніку «Спораўскі» — у 1,2—1,5 раза.

Каб палепшыць экалагічны стан тэрыторыі і знізіць рызыку пажараў, на тэрыторыі заказніка «Званец» спецыялісты правялі таксама аднаўленне і аптымізацыю гідралагічнага рэжыму.

Нягледзячы на станоўчыя вынікі праекта, спецыялісты ўпэўнены: без працягу гэтай дзейнасці стан балот і іх жыхарoў зноў пачне пагаршацца — станоўчы эфект пасля праведзеных мерапрыемстваў захоўваецца на працягу 2—3 гадоў. Акрамя таго, падтрыманне балот заказнікаў у натуральным стане дазволіць у доўгачасовай перспектыве дэпаніраваць 9,359 млн тон вугляроду і захаваць зыходныя запасы вугляроду ў іх на ўзроўні 360 т/га.

— Дзякуючы рэалізацыі гэтага і аналагічных праектаў, бачны станоўчая дынаміка і перспектывы работы для захавання біялагічнай разнастайнасці натуральных нізінных балот, — адзначыла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна. — І гэту работу трэба працягваць — мяркуецца, што вынікі праекта могуць быць адлюстраваны ў нацыянальных праграмных дакументах.

Па словах кіраўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, у пілотных раёнах дасягнуты значныя эканамічныя, экалагічныя і энергетычныя вынікі. Так, напрыклад, былі створаны 33 працоўныя «зялёныя» месцы, 6 з іх — пастаянныя. Цяпер асноўная задача — зрабіць гэтыя вынікі ўстойлівымі і распаўсюдзіць іх на больш значныя тэрыторыі. Згодзен з ёй і пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Людзі на балоце — дабрабыт прыродзе

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.