Вы тут

Якую шкоду расліннаму свету наносяць супрацьгалалёдныя рэагенты?


Зімовы сезон — адзін з самых складаных перыядаў для аўтамабілістаў. Перапады тэмператур і ападкі пагаршаюць бачнасць і счапленне з дарогай, павышаюць рызыку аварыйных сітуацый. Каб вырашыць гэтыя праблемы, дарожныя і камунальныя службы апрацоўваюць дарогі і вуліцы спецыяльнымі рэагентамі. Але, дапамагаючы аўтамабілістам, хімічныя рэчывы могуць забрудзіць наваколле і прынесці шкоду раслінам.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Лёд пад кантролем

Для зімняга ўтрымання аўтамабільных дарог агульнага карыстання (рэспубліканскіх і мясцовых у Беларусі) выкарыстоўваецца тэхнічная соль (хлорысты натрый, NaCl) у чыстым выглядзе і яе сумесі з пяском у розных прапорцыях. Соль, якая прымяняецца на дарогах краіны, — галітавыя адходы калійнай вытворчасці. Яна расплаўляе ледзяное ці тонкае снежнае покрыва на дарожным пакрыцці, а пясок дапамагае аўтамабілям разбурыць снежна-ледзяныя адкладанні.

Як расказаў начальнік упраўлення бяспекі і ўтрымання аўтамабільных дарог Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута «БелдарНДІ» Сяргей Кабак, у адрозненне ад краін Заходняй Еўропы і Скандынавіі, клімат Беларусі зімой больш разнастайны. За зіму фіксуецца да 80—100 выпадкаў пераходу тэмпературы цераз 0 °С, што павышае колькасць галалёдных з'яў і выклікае неабходнасць выкарыстання супрацьгалалёдных матэрыялаў. Нормы іх расходу разлічваюцца ў залежнасці ад тэмпературы паветра, віду, таўшчыні і шчыльнасці снежна-ледзяных адкладанняў. Так, напрыклад, да зімняга сезона 2017—2018 гадоў арганізацыі рэспубліканскай дарожнай гаспадаркі нарыхтавалі больш за 330 тысяч тон пясчана-саляной сумесі, а таксама каля 100 тысяч тон чыстай солі.

Уздоўж рэспубліканскіх дарог размешчаны 185 дарожна-вымяральных станцый, якія даюць аператыўную інфармацыю пра ўмовы надвор'я і стан дарожнага палатна на канкрэтным участку. Сёння дарожныя службы ўсё часцей выкарыстоўваюць прэвентыўныя апрацоўкі, якія дазваляюць прадухіліць утварэнне галалёду.

Што ж датычыцца вуліц гарадоў і іншых населеных пунктаў, то яны не адносяцца да дарог агульнага карыстання. І планаванне дарожнай дзейнасці на іх ажыццяўляецца мясцовымі ўладамі. Так, напрыклад, за станам вулічнай сеткі сталіцы і МКАД сочаць прадпрыемствы гарадскога «Гаррамаўтадара». Пры гэтым, па словах Сяргея Кабака, некаторыя нарматыўныя дакументы, распрацаваныя БелдарНДІ для аўтамабільных дарог, не могуць брацца за аснову для ўтрымання вуліц населеных пунктаў — з-за розніцы ўмоў (інтэнсіўнасці руху, кліматычных характарыстык і інш.).

Шкода дрэвам і глебе

Выкарыстанне солі ў якасці супрацьгалалёднага рэагенту, асабліва з перавышэннем гранічных нормаў і ў спалучэнні з іншымі негатыўнымі фактарамі, непазбежна вядзе да аслаблення і дэградацыі прыдарожных экасістэм, расказаў загадчык сектара маніторынга расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Аляксандр Суднік.

Турбулентныя патокі паветра, што ствараюцца транспартам, які рухаецца, садзейнічаюць распаўсюджанню водна-салявых аэразоляў уверх і іх асяданню на ігліцы і парастках дрэў (вышыня пашкоджання крон дрэў у сярэднім дасягае 15—17 м над узроўнем палатна дарогі). Соль выклікае абязводжванне і пашкоджванне раслін, у іх могуць ўзнікнуць салявы апёк, адставанне ў росце і развіцці, заўчаснае ападанне лісця. Найбольшы негатыўны ўплыў адчуваюць дрэвы, якія растуць на ўзлесках, а таксама маладняк і падлесак у непасрэднай блізкасці (3—20 м) ад аўтадарог.

— Рэагенты пашкоджваюць не лісце, а вегетатыўныя пупышкі дрэў, што растуць каля аўтадарог, — расказаў Аляксандр Суднік. — Гэта прыводзіць да ўтварэння «разетачнасці» вегетацыйных парасткаў. Хларыды выклікаюць парушэнні ў розных сістэмах жыццядзейнасці раслін, у выніку дрэвы і хмызнякі аслабляюцца і нават гінуць.

Супрацьгалалёдныя рэагенты забруджваюць не толькі дрэвы, але і глебы. Хларыды мяняюць іх кіслотнасць, ускладняецца паступленне ў расліны вады і пажыўных рэчываў. Акрамя засалення прыдарожных глебаў, назіраецца і такі новы працэс, як фарміраванне саланцаватасці.

Ці ёсць альтэрнатыва?

Пакуль соль застаецца найбольш распаўсюджаным супрацьгалалёдным матэрыялам у Еўропе. У многіх краінах выкарыстоўваюцца солі хларыдаў у чыстым выглядзе, а таксама ў выглядзе расолаў ці ў складзе пясчана-саляных сумесяў. Тым не менш узрастанне патрабаванняў экалагічнай бяспекі і каразійнае дзеянне соляў на элементы дарог і аўтамабільны транспарт абмяжоўваюць вобласць іх прымянення.

— Ёсць шэраг матэрыялаў, каразійна не актыўных і больш экалагічна бяспечных (напрыклад, апрацоўка пакрыцця спіртам), аднак іх кошт на некалькі парадкаў вышэйшы. Так, у асобных краінах выкарыстоўваюць ацэтаты магнію і кальцыю, яны не каразіруюць метал, аднак іх здольнасць плавіць лёд ніжэйшая, меншы і рабочы тэмпературны дыяпазон, а кошт — нашмат большы, — адзначыў Сяргей Кабак.

Перспектыўнай тэхналогіяй лічыцца выкарыстанне саляных раствораў. Згодна з замежнымі даследаваннямі ўвільготненая соль лепш замацоўваецца на дарожнай паверхні з зімовай слізкасцю і больш эфектыўная, чым сухая. Гэта робіць ніжэйшай верагоднасць выкіду супрацьгалалёднага матэрыялу з праезнай часткі, значыць, зніжаюцца і экалагічныя рызыкі. Такія тэхналогіі, паралельна з іншымі метадамі, выкарыстоўваюць у Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Германіі, Аўстрыі, Ісландыі і інш. Асноўная цяжкасць пераходу на прымяненне раствораў солі ў Беларусі — у адсутнасці неабходнага абсталявання.

Але ці можна ўвогуле адмовіцца ад выкарыстання супрацьгалалёдных рэагентаў і замест гэтага проста больш часта прыбіраць снег з вуліц? Сяргей Кабак упэўнены: гэта моцна павялічыць колькасць уборачнай тэхнікі на вуліцах або частату яе праездаў і зменшыць хуткасць на дарогах населеных пунктаў.

— На жаль, у найбліжэйшай перспектыве альтэрнатыўнай замены супрацьгалалёдных матэрыялаў на аснове хлорыстага натрыю няма з-за цаны апошняга, а таксама яго павышанай здольнасці плавіць лёд, — падкрэсліў Сяргей Уладзіміравіч.

Па словах Аляксандра Судніка, праблема не толькі ў выкарыстанні непасрэдна натрыю хлору, але і ў аб'ёмах, якія высыпаюцца на нашы дарогі і вуліцы. Соль выкарыстоўваецца ў нашай краіне з 1960-х гадоў. Але яе колькасць у агульнай масе супрацьгалалёдных рэагентаў раней складала толькі 10%. У апошнія ж гады перайшлі практычна на чыстую соль, і такое ігнараванне нормаў пасыпак прыводзіць да гібелі насаджэнняў уздоўж дарог.

— Калі па нарматывах аб'ём унясення супрацьгалалёдных рэагентаў на МКАД не павінен перавышаць 5 тысяч тон за зімні перыяд, то колькасць рэагентаў перавышала гранічную норму ў 1,3—2,2 раза, — адзначыў навуковец. — У нарматыўным дакуменце, зацверджаным у 2000 годзе, было ўстаноўлена, што «колькасць размяркоўваемай за зімовы перыяд тэхнічнай солі не павінна перавышаць 2 кг/м2 пакрыцця». Але ў 2009 годзе прыняты новы тэхнічны нарматыўна-прававы акт, дзе нормы ўнясення супрацьгалалёдных рэагентаў невызначаныя, і гэтым карыстаюцца тыя, хто гэтыя нормы свядома перавышае.

У многіх заходнееўрапейскіх гарадах, а таксама ў Маскве, практыкуецца выкарыстанне пясчана-саляных сумесяў на аснове хларыду кальцыю (CaCl2). Вышыня падняцця турбулентнымі патокамі водна-салявых аэразоляў на яго аснове значна меншая — 0,5—1 м, і пікі забруджвання прыходзяцца на тэрыторыю непасрэдна каля аўтадарогі. У Фінлядыі, напрыклад, выкарыстоўваюць гранітную крошку, якую пасля зімы збіраюць.

Менш солі, больш устойлівых дрэў

Паколькі ў найбліжэйшай перспектыве ад выкарыстання солі ў якасці рэагентаў наша краіна, на жаль, не зможа адмовіцца, сёння трэба працаваць у кірунку павышэння стану лясных біяцэнозаў і ахоўных насаджэнняў, лічыць Аляксандр Суднік. Для гэтага вучоныя Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча цесна супрацоўнічаюць са спецыялістамі лабараторыі бяспекі руху БелдарНДІ ў распрацоўцы і ўдасканаленні нарматыўных дакументаў, якія датычацца зімняга ўтрымання аўтамабільных дарог.

Спецыялісты таксама распрацавалі рэкамендацыі па павышэнні ўстойлівасці прыдарожных насаджэнняў. Сярод іх:

— прывядзенне аб'ёму прымянення галіту ў якасці супрацьгалалёднага рэагенту ў адпаведнасць з нарматывамі і прытрымліванне існуючых патрабаванняў па ўтрыманні аўтадарог;

— ужыванне альтэрнатыўных, менш агрэсіўных у адносінах да прыроднай расліннасці, супрацьгалалёдных рэагентаў;

— трансфармацыя адносна малаўстойлівых чыстых і аднаўзроставых дрэвастояў у больш устойлівыя змяшаныя і рознаўзроставыя;

— захаванне і ўвядзенне парод дрэў, устойлівых да тэхнагенных выкідаў і засалення глебаў;

— правядзенне пошукавых работ па рашэнні праблемы ўсыхання драўняных насаджэнняў;

— выкарыстанне ва ўзлесках на найбольш небяспечных участках аўтамагістраляў ахоўных экранаў ці 1—2 шэрагаў штучных дрэў для абароны лясных масіваў ад уздзеяння саляных завісяў і інш.

Дакументы, якімі кіруюцца дарожныя службы падчас зімовага абслугоўвання дарог:

 СТБ 1291—2016 «Дарогі аўтамабільныя і вуліцы. Патрабаванні да эксплуатацыйнага стану, дапушчальнага па ўмовах забеспячэння бяспекі дарожнага руху».

 СТБ 1158—2013 «Матэрыялы супрацьгалалёдныя для зімовага ўтрымання аўтамабільных дарог. Агульныя тэхнічныя ўмовы».

 ТКП 100—2011 «Парадак арганізацыі і правядзення работ па зімовым утрыманні аўтамабільных дарог».

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Небяспечны «іней»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.