Вы тут

Павел Баркоўскі: Гэта вялікі міф, што беларусы — талерантныя


На адным з кангрэсаў, прысвечаных надзённым пытанням беларускай рэчаіснасці, давялося пачуць выступленне пра паліткарэктнасць і ўпершыню задумацца, што гэта пытанне, хоць яго і можна лічыць часткай выключна заходняга дыскурсу, можа датычыцца нашай краіны таксама. Мы паслухалі і прыйшлі да высновы, што і сапраўды паліткарэктнасць, а дакладней, яе недахоп, а то і ўвогуле адсутнасць, — у тым ліку наша праблема. Аб гэтым ужо больш падрабязна пагаварылі з тым самым выступоўцам — філосафам, выкладчыкам БДУ і каардынатарам «Беларускай філасофскай прасторы» Паўлам БАРКОЎСКІМ.


— Павел, мне здаецца, дагэтуль паліткарэктнасць, што ўжо доўгі час знаходзіцца на хвалі абмеркавання, — у большай ступені «заходняя штучка». Наколькі гэтая хваля дасягнула Беларусі і ці з'яўляецца праблема паліткарэктнасці праблемай беларускага грамадства?

— Паліткарэктнасць, якая сапраўды ў нашым усведамленні больш звязаная з Захадам, нам часта падаецца як кшталт новай цэнзуры ці дваядумства, калі чалавек разважае адным чынам, а мусіць выказвацца нейкім іншым. Гэта нагадвае савецкія часы, калі практыка грамадскага дваядумства існавала паўсюдна, таму пра паліткарэктнасць мы збольшага разважаем як пра заходні трэнд і лічым, прынамсі, на ўзроўні палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, што для нас гэта не з'яўляецца праблемай. У нас мала грамадскіх арганізацый, якія б ставілі сабе за мэту выступіць за больш паліткарэктны дыскурс у публічнай прасторы. У заходніх краінах гэта стала элементам агульнай палітычнай праграмы, то-бок прасоўваецца на ўзроўні пануючых уладных груп. Хаця там цяпер існуе крыху іншы перакос: тое, што называюць феноменам Трампа, паказвае на тое, што маятнік скіраваўся ў іншы бок. Дональд Трамп пазіцыянуе сябе як чалавек, што нібыта гаворыць людзям праўду, якую іншыя палітыкі ад народа хаваюць. Там паліткарэктнасць — дзяржаўная ідэя, у людзей узнікае адчуванне, што ім яе спрабуюць навязаць, хаця пачыналася яна калісьці як грамадскі актывізм і пэўная інтэлектуальная тэорыя.

— Мы толькі думаем, што гэта праблема для нас неактуальная?

— На маю думку, наша грамадства мае праблемы з паліткарэктнасцю: беларусам уласціва публічна прамаўляць нешта ў ветліва-нейтральным тоне, а дома ці самому сабе дазваляць куды больш негатыўна афарбаваныя выказванні. Апошняе хутчэй і будзе выказваннем сапраўднай пазіцыі.

— У нашым грамадстве няма выразнай, нават у СМІ, дыскусіі пра паліткарэктнасць. На чым вы будуеце сваю, так бы мовіць, канцэпцыю пра тое, што ў нас з гэтым праблемы?

— У нашым грамадстве ўсталяваўся своеасаблівы тып камунікацыі: ён транслюецца зверху ўніз і з'яўляецца данінай савецкай манеры, разлічанай на аўтарытарна-дырэктыўны стыль, калі начальнік у размове з падначаленым дазваляе сабе непаліткарэктныя выказванні, бо ён нібыта галоўны, лепш ведае і таму для яго дапушчальная крытыка, нават вельмі рэзкая. Праз гэта транслюецца рыторыка не талерантнай, а нібыта шчырай камунікацыі: бацькі крытычныя да дзяцей, дактары — да сваіх пацыентаў і гэтак далей. І калі сёння мы сутыкаемся з адносна новымі для беларусаў з'явамі, стаўленне да іх вельмі часта выразна негатыўнае, таму што апроч традыцыйных катэгорый, праз якія мы думаем пра свет, у нас няма магчымасцяў па-іншаму нешта ўсвядоміць. Напрыклад, вегетарыянства многія разглядаюць ледзь не як псіхічнае захворванне.

— У такім выпадку, што мы маем на ўвазе пад паліткарэктнасцю? Яна застаецца на ўзроўні вонкавых зносін альбо ўключае ў сябе таксама талерантнасць ва ўсведамленні?

— Гэта комплексная практыка, і датычыцца яна не толькі гаворкі. Бо якая ідэалогія стаіць за паліткарэктнасцю на Захадзе? Тое, як чалавек думае, праяўляецца ў мове. Адпаведна, калі чалавек пагардліва выказваецца ў бок некага, ён не можа па-іншаму да яго адносіцца ў рэальнасці. Калі мы хочам нешта змяніць, змяняць трэба таксама на ўзроўні мазгоў, а значыць, трэба хаця б на бачнай частцы стасункаў прапаноўваць адпаведныя моўныя падыходы да рэчаіснасці, якія б не мелі негатыўнай і абразлівай афарбаванасці. І праз змяненні ў мове змяняць рэальнасць.

— Сам працэс падбірання больш ветлівага слова ў адносінах да тых жа людзей з абмежаванымі магчымасцямі — гэта ўжо акцэнтаванне ўвагі на адрознасці гэтага чалавека. А калі ты акцэнтуеш увагу на адрознасці, ты ўжо быццам прымаеш чалавека не за роўнага сабе.

— Адрознасці можна ўспрымаць па-рознаму. Мы з вамі таксама адрозныя, але гэта не замінае нам камунікаваць, а часам нават дапамагае. Калі вы размаўляеце з іншым чалавекам і ягоны стан не з'яўляецца нагодай, каб падкрэсліць яго як факт няроўнасці — я нешта магу, а ты не можаш, — тады падбор адпаведнага слова будзе проста спосабам больш далікатнай камунікацыі. Тым больш вы будзеце да свайго суразмоўцы звяртацца па імені, а не як да «чалавека з абмежаванымі магчымасцямі».

— Вы можаце прыгадаць шаблоны лексічных адзінак, з якімі ў нас ёсць праблемы?

— Канфлікт ва Украіне нарадзіў словы кшталту «ватнік» і «вышыватнік». У бок дзяцей, як адзнаку патрыярхальнай культуры, можна пачуць мянушкі «сапляк» ці нешта накшталт гэтага. «Дурні, няўмехі і ёлупні» — гэта формы начальніцкай крытыкі. Нават знакаміты так званы дэкрэт пра дармаедаў, магчыма, выклікаў грамадскае абурэнне найбольш праз гэту нефармальную назву. Людзі, якія страцілі або не могуць знайсці працу не па сваёй волі, не адчуваюць сябе дармаедамі, у сэнсе абібокаў ці тых, хто вісіць на шыі ў грамадства, таму лічаць гэта для сябе абразай. Магчыма, калі б гэты дэкрэт у грамадстве называлі ў іншай фармулёўцы, такога вялікага розгаласу ён бы не атрымаў.

— Выходзіць, калі ў нас няма яскравай дыскусіі вакол тэмы паліткарэктнасці, значыць, і з талерантнасцю ў нас не ўсё добра?

— Так, гэта вялікі міф, што беларусы — талерантныя. Пасля распаду Савецкага Саюза мы зрабілі яго ледзьве не нацыянальным брэндам, але наша талерантнасць збольшага базуецца на стэрэатыпе, што беларусы — лагодны і памяркоўны народ, які пасля доўгіх вякоў цярпімасці гатовы прымаць любыя формы жыцця. Насамрэч у беларусаў пануюць кансерватыўна-традыцыйныя ўяўленні, якія перашкаджаюць прымаць адрозныя неўнармаваныя формы мыслення ці паводзін. Гэта адчуваецца, калі мы абразліва адзываемся пра людзей, якія не адпавядаюць нашым стэрэатыпам. Іншая справа, што ў якасці грамадскай праблемы гэта пакуль не ўспрымаецца, бо праблема павінна быць сфармуляваная самім грамадствам ці, прынамсі, грамадскімі арганізацыямі. Паказальная сітуацыя з гей-парадамі, якія мелі месца ў Мінску ў мінулыя гады: цікава, што шмат хто з палітыкаў з супрацьлеглых лагераў аднолькава адмоўна паставіўся да гэтай ідэі і выказваў сваю пазіцыю публічна. Таму стаўленне да гэтай праблемы нельга патлумачыць чыста ідэалагічнымі прычынамі, прыкладам.

— Якія сацыяльныя колы больш за ўсіх «церпяць» у беларускім грамадстве?

— Сітуацыя ў Беларусі прыблізна адпавядае агульнай сусветнай: безумоўна, гэта людзі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі ці людзі з прыкметамі фізічнага калецтва альбо, як паліткарэктна зараз кажуць на Захадзе, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта ў тым ліку і жанчыны, якія церпяць ад дамашняга гвалту і проста зневажальна-апякунскіх мянушак, бо беларускае грамадства да сёння досыць патрыярхальнае. Напрыклад, калі нехта называе сваю жанчыну бабай, мы разумеем, што гэта ўжо не даніна традыцыі, а зневажальнае слова, якое паказвае, што па патрыярхальнай логіцы мы не заўсёды гатовыя не паблажліва ставіцца да сваіх партнёрак ці жонак, да іх разумовых здольнасцяў або сацыяльнага статусу.

— А што наконт стаўлення да замежнікаў альбо падзялення па рэлігійнай прыкмеце?

— Тут я магу абапірацца амаль што толькі на ўласныя ўражанні, але што датычыць замежнікаў, сітуацыя шмат у чым неўнармаваная. З аднаго боку, праяўляюцца патрыярхальна-кансерватыўныя настроі беларусаў: замежнікі, што вонкава адрозніваюцца ад нас, выклікаюць павышаную цікавасць і насцярожанасць. Для сучасных пакаленняў гэта, відаць, пачалося з «дзяцей алімпіяды» — часоў, калі жыхары афрыканскіх краін былі частымі гасцямі ў Савецкім Саюзе, і працягваецца да сёння ў форме прыхаванай ксенафобіі. Традыцыйна падазронае стаўленне да жыхароў азіяцкіх краін. Мне вядомы выпадак, калі людзі ледзь не пачалі прымаць нейкія захады, калі даведаліся, што ў іх доме арандаваў кватэру сірыец. Я не кажу, што гэта агульная сітуацыя, але дакладна мы не гатовыя наўпрост прымаць тых жа мігрантаў. Нават да ўкраінскіх перасяленцаў, хаця яны да нас найбольш блізкія, стаўленне досыць амбівалентнае на ўзроўні масавых стэрэатыпаў, маўляў, яны хітрыя, гультаяватыя, любяць падседзець беларуса і так далей. З рэлігіяй у нас крыху прасцей, хаця мае калегі, якія займаюцца сацыялагічнымі даследаваннямі, сустракаюцца з тым, што існуюць часам не канфлікты, але досыць напружаныя адносіны паміж праваслаўнымі і каталікамі, праваслаўнымі і ўніятамі, праваслаўнымі і пратэстантамі. Праўда, на фоне іншых краін у нас у гэтым плане спакойна.

— Як прыклад непаліткарэктнасці можна ўзгадаць слова «жыд»... Як мы ставімся да яўрэяў?

— Гэтае слова апошнім часам стала прадметам грамадскай палемікі, прычым не з ксенафобскіх пазіцый, а з пазіцый літаратурнай нормы, бо частка беларускамоўнай публікі выкарыстоўвае слова «жыд» як традыцыйнае, якое не мае зневажальнага характару, а частка адчувае ўплыў рускай мовы, дзе гэтае слова стала адназначна дыфаматыўным эпітэтам. Натуральна, з пункту гледжання паліткарэктнасці, лепш у такім разе карыстацца такім азначэннем, якое не выклікае абурэння ў паасобных прадстаўнікоў гэтай нацыі, нягледзячы на ўсе магчымыя рэзоны.

— Мне прыйшло ў галаву, што ў нашым грамадстве ёсць унікальныя суб'екты, калі можна так сказаць, паліткарэктнасці: рускамоўныя і беларускамоўныя.

— Гэта, напэўна, вельмі драматычна, што моўнае пытанне ў нас дагэтуль палітызавалася. Сёння можна сустрэць як з боку свядома рускамоўнага абразлівыя выказванні ў бок беларускамоўнага, так і наадварот. Канешне, гэта таксама не плюс нашай талерантнасці. Але паступова, мне здаецца, тэндэнцыя змяняецца, і колькасць людзей, якія, калі і не ўжываюць дзве мовы запар, то хаця б талерантна ставяцца да іншай, павялічваецца. На ўсіх узроўнях — ад чыноўнікаў да спецыялістаў розных прафесій, нават у прыватных стасунках. Радыкальнага непрыняцця, як на пачатку 1990-х, калі супрацьстаялі «былыя савецкія людзі» і «новыя беларускія нацыяналісты», больш няма, хаця сімвалічныя рэшткі былых «войнаў» яшчэ застаюцца і лакальныя «бойкі» пакуль, на жаль, вядуцца.

— У параўнанні з Еўропай, дзе на хвалі крызісу з бежанцамі людзі пачалі выступаць супраць перасяленцаў, мы, напэўна, выглядаем добра.

— Праз Беларусь таксама праходзяць міграцыйныя шляхі, і нядаўняя сітуацыя з чачэнцамі, што вымушаны былі доўгі час жыць на вакзале ў Брэсце, — толькі адна з вяршыняў айсберга. Да тых, каго беларусы, як і нашы суседзі з Усходу, называюць «чорнымі», стаўленне рознае. Калі справа датычыцца канкурэнцыі ў працы, натуральна, беларусы выказваюцца менш талерантна. А звычайна мясцовыя жыхары часта паўтараюць агульную рыторыку наконт пагрозы з боку людзей неславянскай знешнасці з іх небяспечнай рэлігіяй.

— Калі адсутнасць паліткарэктнасці лічыць праблемай, то праблему трэба вырашаць і пачынаць, напэўна, варта не з вонкавых стасункаў, не з лексікі, а са свядомасці.

— Насамрэч няма вонкавага ці ўнутранага, бо нашы свядомасць і мова цесна паяднаныя. Калі мы хочам нешта змяніць, трэба рабіць гэта на абодвух узроўнях. Калі на захадзе паліткарэктнасць свядома прасоўваецца праз усе грамадскія інстытуты, чалавек на ўсіх узроўнях камунікацыі прызвычайваецца да не агрэсіўнага, а хаця б нейтральнага прамаўлення. Калі ён замест «калека» пачынае гаварыць «чалавек з абмежаванымі магчымасцямі», ён змяняе сваё стаўленне і на ўзроўні думак.

— Вы ж казалі, што для беларуса гэта нармальна: публічна выказвацца адным чынам, а дома — іншым.

— У беларуса ёсць культура ветлівасці, якая заклікае да нейтральнага тону ў камунікацыі і патрабуе, каб некаторыя словы, напрыклад «інвалід», вы не казалі ў твар. Затое за спінай маглі б сабе гэта лёгка дазволіць. А культура паліткарэктнасці не баіцца прамаўляць гэтыя рэчы публічна, але спрабуе даваць ім іншыя імёны, якія б не дазвалялі разгарэцца пагардліваму стаўленню да чалавека. Праз гэта яна вучыць людзей не баяцца гаварыць на далікатныя тэмы, асноўная ж праблема беларусаў у тым, што мы баімся балючых пытанняў і далікатных тэм, мы іх замоўчваем. Усё ж, напрыклад, нетрадыцыйнай арыентацыі для нас нібыта не існуе. Ці існуе выключна як прыкрая паталогія, якую нельга дараваць іншаму чалавеку, і таму мы альбо маўчым, альбо абражаем.

— І наступствы гэтага...

— Па-першае, падвойная мараль, калі ты думаеш адно, а кажаш іншае. Па-другое, кожная праблема рана ці позна выходзіць вонкі, пытанне толькі, у якіх формах. Чым больш мы ў сабе кансервуем прыхаваныя праблемы, тым, магчыма, большым рэхам яны нам адгукнуцца ў будучыні. Гэта потым можа стаць прычынай куды большай грамадскай спрэчкі і больш значнага грамадскага супрацьстаяння, чым тое адбываецца ў заходніх краінах зараз.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».