Вы тут

Інгіерд Гюннашдоттэр — забытае імя шведскай літаратуры


Інгіерд Гюннашдоттэр — забытае імя шведскай літаратуры

На вялікі жаль, часта з розных прычын імёны таленавітых людзей губляюцца ў стагоддзях, і сучасныя даследчыкі зрэдку зважаюць на іх. У шведскай літаратуры такой амаль забытай асобай з’яўляецца таленавітая сялянка Інгіерд Гюннашдоттэр. Да нас дайшло вобмаль звестак з яе біяграфіі. Яна нарадзілася ў самым пачатку XVII стагоддзя (у 1601 ці 1602 годзе) у правінцыі Вестэргётланд. Яе талент праяўляўся ў тым, што яна ведала вялізную колькасць балад (не меней за 300 твораў). Гэта зацікавіла збіральнікаў шведскіх балад, і ў 1678 годзе да Інгіерд Гюннашдоттэр прыехаў даследчык Эрых Спарман. Але на той час кабеце было ўжо амаль 80 гадоў, і з-за стану здароўя, а таксама нежадання супрацоўнічаць Спарману ўдалося запісаць з яе слоў толькі 57 балад. І можна было б сказаць, што яна з’яўлялася толькі выканаўцай народных твораў, каб не адно «але». Сюжэты балад Гюннашдоттэр унікальныя і болей нідзе ў Швецыі не сустракаліся. Зразумела, яна не ўсведамляла сябе аўтарам сваіх твораў, але  гэтым самым аўтарам была. А ўлічваючы сучасныя падыходы да вызначэння балады як твора не фальклорнага жанру, а літаратурнага (з удакладненнем, што балада — жанр не проста літаратуры, а вуснай літаратуры), мы маем рэдкі выпадак, калі «народная» творчасць мае канкрэтнага аўтара. Памерла ж Інгіерд Гюннашдоттэр у 1686 годзе.

Увазе чытачоў прапанаваны пераклады дзвюх балад Інгіерд Гюннашдоттэр. Шведскамоўныя тэксты датуюцца 1678 годам. Яны адмыслова не адаптаваныя, каб чытачы маглі ўбачыць, што ўяўляла з сябе шведская мова ў XVII стагоддзі. Беларускамоўны пераклад суправаджаецца неабходнымі каментарамі культуралагічнага і гістарычнага кшталту.

Гэр Пэдэр і дачка цверга

Быў гэта гэр Пэдэр. Ён смела

У ружавы гай паскакаў,

Ды там на бяду сваю сцежак

У час ён нядобры шукаў.

Ён здольны на ўсё за каханне.

 

Ды выбраў юнак той дарогу,

Што з ніткай ядвабнай была.

Быў гэта гэр Пэдэр, і нітка

Яго да гары прывяла.

 

Тут выйшла з гары дачка цверга,

І крэсла падставілі ёй.

Бы золата чырвань на сонцы —

Так ззяла дзяўчына красой.

 

«Спаткання з каханай нявестай

Я болей не ў моцы чакаць.

Калі з ёй не ўбачуся сёння,

Дык лепей мне смерці спазнаць».

 

«Спаткання з нявестай чакаеш?

Дык можаш наведаць яе.

Усё, што дарыў ёй, ты возьмеш

І прыйдзеш назад да мяне».

 

Быў гэта гэр Пэдэр, і злосна

Угору ён меч свой узняў,

Адсёк галаву ён пачвары,

Затым ёй дзясніцу адцяў

Ён здольны на ўсё за каханне.

Каментар. Унікальнасць балады «Гэр Пэдэр і дачка цверга» заключаецца ў тым, што гэта адзіная шведская балада, якая апавядае пра цвергаў (гномаў). Пры перакладзе мэтай было захаваць не толькі змест твора, але і структурныя асаблівасці (у баладзе тройчы паўтараецца радок Däth war herren Peder ‘Быў гэта гэр Пэдэр’).

Зачараваны рыцар

Да пеўняў быў ноччу народжаны я.

— Так далёка мой шлях пралягае.

Да золку памерла матуля мая.

— Саму яе гора чакае.

 

Мой бацька краіну тады абыйшоў

І горшую мачыху мне ён знайшоў.

 

Іголкай мяне зрабіла,

Каб жыць мне было няміла.

 

У ножык ператварыла,

Каб гора мяне зламіла.

 

Нажніцамі абярнула,

Каб сталасць мяне мінула.

 

Зрабіла мяне шэрым воўкам пасля,

Каб зверам самотным у лесе жыў я.

 

Сказала, што мне не вярнуцца дамоў,

Аж покуль не вып’ю я братаву кроў.

 

Ля сцежкі я вырашыў легчы,

Дзе мачыхі конь меў прабегчы.

 

Пад мостам затым я стаіўся,

Дзе мачыхі конь прыпыніўся.

 

Я ўсю сваю моц абрынуў

І мачыху з коня скінуў.

 

З адчаем прыйшлося дастаці

Мне з ейнага цела дзіцяці.

 

Адразу, як выпіў я братаву кроў.

— Так далёка мой шлях пралягае.

Стаў рыцарам слаўным і гожым я зноў. —

Саму яе гора чакае.

Каментар. Вельмі складаная рытмічна балада. Твор напісаны амфібрахіем, але розніцца колькасць складоў у радку (ад 8 да 11), праз што пяць двухрадкоўяў заканчваецца націскным складам, сем — ненаціскным. Карацейшыя двухрадкоўі паскараюць рытміку твора, што дапамагае паказаць, з якой хуткасцю адбываліся ператварэнні галоўнага героя, а таксама тую рашучасць, з якой ён вырашыў вярнуць сабе чалавечае аблічча. Падчас перакладу ўсе гэтыя асаблівасці захаваліся.

Сучаснаму чытачу балада можа падацца надзвычай жорсткай, але для шведаў XVII стагоддзя ў творы няма нічога незвычайнага. У Швецыі з яе бязмежнымі лясамі, дзе галоўным драпежнікам заўжды быў воўк, мелі шырокае распаўсюджанне легенды пра ваўкалакаў.

Даследчыца Элла Устэдт вылучае ў шведскай традыцыі тры тыпы ваўкалакаў. Першы тып — людзі, якія ператварылі сябе ў пярэваратняў самастойна пры дапамозе вядзьмарства. Другі тып — людзі, ператвораныя ў пярэваратняў не па ўласным жаданні, а чалавекам, дасведчаным у вядзьмарстве. Гэты тып ваўкалакаў захоўвае свой нораў і небяспечны для людзей. Трэці тып — чалавек, ператвораны ў пярэваратня праз тое, што маці да яго нараджэння пры дапамозе вядзьмарства хацела забяспечыць сабе бязбольныя роды. Гэты тып ваўкалака пераўвасабляецца толькі ў пэўны час, як правіла, па начах, і надзвычай небяспечны для людзей, у першую чаргу для жанчын, і асабліва цяжарных. Лічылася, што пярэваратні гэтага тыпу могуць пазбавіцца праклёну, калі з’ядуць ненароджанае дзіця. Такім чынам, у дадзенай баладзе гаворка ідзе менавіта пра ваўкалака трэцяга тыпу, што і тлумачыць яго ўчынак у завяршальных радках твора.

Яўген ПАПАКУЛЬ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».