Вы тут

Героі з іншых вымярэнняў


Пачуццё ветру, літаратура і беларуская экзістэнцыя


Кадр з фільма «Фрагменты. Кампазіцыі» (рэж. А. Лобач).

Кіно ствараецца не дзеля таго, каб знаходзіць рашэнні праблем ці адказваць на простыя пытанні. Напэўна, наадварот. Часам менавіта кінематограф — той рухавік, які звяртае ўвагу гледача на схаваныя, непрыкметныя, вельмі простыя, але недаацэненыя рэчы, падзеі ды людзей. Дакументальнае кіно Беларусі ў гэтым сэнсе ўяўляе сабой скарбніцу лёсаў, пра якія мы не ведаем, падзей, на якія забыліся, краін, якія ніколі не бачылі. І адметна, што рэжысёры, якія звяртаюцца да гэтых тэм, вельмі маладыя і сапраўды зацікаўленыя: магчыма, у гэтым патрыятызме, у гэтай патрэбе здымаць пра нас, і схаваны поспех айчыннай дакументалістыкі.

У пошуках сэнсаў

«Лістапад» сёлета прапанаваў менавіта такое кіно: не заўсёды бездакорнае, але вельмі якаснае, безумоўна, неадназначнае і дакладна эмацыянальна блізкае. Згодна з выбарам журы, лепшым дакументальным фільмам стаў «Вакол Беларусі на роварах з маторамі» — кіно з назвай, якая наўрад ці можа моцна зацікавіць з першага погляду. Тым не менш «любоў з першага погляду» — гэта наўрад ці наогул пра дакументальнае кіно: многія з такіх стужак становяцца каштоўнымі толькі пасля прагляду. Што тычыцца падарожжа па Беларусі, якое знята зусім не на прафесійную камеру, нарадзілася, як кажуць, на мантажным стале, але гэта вельмі кранальная стужка, і вось чаму: па-першае, адзін з яе герояў Раман Свечнікаў прыйшоў да разумення, што трэба вывучыць і зразумець сваю краіну толькі пасля таго, як аб’ездзіў увесь свет; па-другое, хлопцы ў фільме паказалі Беларусь не ў глянцавым варыянце, а як рэальную дзяржаву, дзе ёсць свае здабыткі і праблемы; патрэцяе, падарожжа стала своеасаблівым пунктам адліку, з якога ў стваральнікаў фільма пачынаецца абсалютна новае жыццё — у краіне, якую яны ўбачылі без прыўкрас. «Вакол Беларусі...» — стужка, якая надае нейкую незвычайную моц і выклікае жаданне праехаць па яе тэрыторыі, сустрэцца з тымі ж самымі каларытнымі людзьмі, якія сталі для герояў «праваднікамі» ў свет сапраўднай краіны, экзістэнцыяльных момантаў і рэальных пачуццяў.

 Заўважна, што падарожнічаць па Беларусі рэжысёры-дакументалісты любяць, але часцей гэта вандроўкі не геаграфічнага кшталту, а па яе літаратурнай гісторыі, рэлігійнай ды нават бытавой. Калі б не дакументальнае кіно, ці ведалі б мы пра існаванне чалавека, які пешшу ходзіць у іншы горад на матчы любімай футбольнай каманды? Ці пра відэаблогера-фермера са статкам авечак? Наўрад ці. За што сапраўды варта падзякаваць беларускім аўтарам — яны не бяруць тэмы, якія ляжаць на паверхні, а шукаюць герояў з іншых вымярэнняў. Гэта своеасаблівая дакументалістыка памежжа.

Як лічыце, навошта ісці пешшу кудысьці, калі можна проста даехаць? Магчыма, з-за пачуцця дарогі, якое выклікае эйфарыю, ці з-за сустрэч з цікавымі людзьмі на шляху. А можа, таму што так робяць сапраўдныя фанаты? Герой фільма Андрэя Кудзіненкі «Фанат» — знакаміты Вася-пешаход, які хварэе за «Дынама-Брэст» ужо больш як дзесяцігоддзе і схадзіў пешшу амаль на ўсе матчы любімай каманды. Яго не пужае надвор’е, а 600 кіламетраў для фаната — зусім невялікая дыстанцыя. Словам, гэтыя падарожжы сталі для хлопца сэнсам жыцця, як ён сам кажа, бо закахаўся ў футбол. І гэтая любоў Васі стала ўзаемнай: каманда нават прысвячае фанату свае перамогі. Андрэй Кудзіненка ў сваёй стужцы не толькі раскрыў для гледачоў цікавую асобу, не толькі прайшоў з ім дарогу да чарговага горада, але і трапна заўважыў, што галоўнае ў жыцці ўсё ж пытанне сэнсу: Вася, які, нягледзячы на сваю інваліднасць, пра якую не здагадаешся, знайшоў не проста сэнс, а місію. Яна не прэтэндуе на вызначэнне «гераічны ўчынак», не патрабуе нават увагі — галоўнае, што пешаходу добра і яго любімая каманда атрымлівае падтрымку.

Верыць і спяваць

Пра геройства іншага кшталту распавядае ў «Цары гары» Андрэй Куціла: яго персанажы Сямён, Ірына і іх маленькі сын жывуць на хутары, маюць статак авечак, з якога і жывуць. Але сям’я ўжо не можа справіцца з такой сур’ёзнай адказнасцю ў выглядзе вялікага статку — ні фінансава, ні фізічна. Спадзявацца даводзіцца толькі на Бога, у якога яны вераць. Што вырашае рабіць Сямён? Напрыклад, завесці відэаблог «Цар гары» (зараз на яго падпісаныя каля 90 чалавек), разважаць у ім пра жыццё, жартаваць ды не пагаджацца з рэчаіснасцю. Наогул, Сямён жыве так, як нясе яго цячэнне, у той час як жонка Ірына хвалюецца за будучыню сям’і і маленькага сына. Фільм — яркая энцыклапедыя сямейнага і вясковага жыцця, дзе ёсць месца для спрэчак, жартаў і прыняцця складаных рашэнняў. Цікава назіраць за тым, што ў чарговы раз выкіне Сямён, як яго жонка скажа, што прыйшоў час станавіцца дарослым, як яны бясконца будуць падкідваць у паветры манеты — каб вырашыць, што рабіць далей.

Асаблівае месца ў дакументальным кіно адведзена і гераіням жанчынам: стужку «Край жанчын» Аляксея Палуяна і «Васіліну» Аўгіні Манцэвіч аб’ядноўвае менавіта гэтая тэма. Гераіні — вясковыя жанчыны, якія не згубілі ўнутранай маладосці, энергіі і цеплыні пачуццяў. «Край жанчын» — гэта падарожжа ў свет, дзе засталіся адны жанчыны, і гэта не выдуманае месца, а беларуская вёска. Самотныя і адарваныя ад вялікай зямлі, яны шукаюць суцяшэння ў сяброўстве і беларускім фальклоры, любяць успомніць маладосць, з задавальненнем дзеляцца думкамі пра каханне і не шкадуюць уласных гісторый (дарэчы, тое ж знойдзеце і ў «Васіліне»). У стужцы Аляксея Палуяна ёсць яшчэ адна вельмі каштоўная рэч — запіс жаночых спеваў, такі важны для будучых пакаленняў і фалькларыстаў, бо ў беларускай народнай песні схаваныя таямніцы нашай гісторыі, а ў жаночым голасе вясковай жанчыны — тая тужлівасць, якая больш за ўсё ўласцівая нашай музыцы, а магчыма, і душы.

Героямі дакументальных фільмаў становяцца людзі, якія памятаюць і яшчэ могуць штосьці распавесці. Тое ж сталася і з фільмам Ягора Сурскага «Вернікі». Усе яны з’яднаныя рэлігіяй, шмат зрабілі для яе існавання ў сваіх родных мясцінах. Напрыклад, адзін з герояў самастойна пабудаваў царкву, куды яго аднавяскоўцы ходзяць і сёння, іншы дапамог вярнуць закрыты касцёл вернікам. Героі Ягора Сурскага — вернікі, якія сапраўды маюць што распавесці: ці ведалі вы, што падчас вайны касцёл Антонія Падуанскага ў Паставах меў купал, які немцы знялі, каб зрабіць з метала зброю? І гэта толькі адна з гісторый, страшна ўявіць, колькі такіх ёсць у Беларусі! Героі карціны сваё жыццё паклалі на змаганне за рэлігію, але яны не прымушаюць гледача рабіць тое ж самае, прапануюць паразважаць на тэму веры наогул. Ці можна знайсці, у што верыць, і нават прыдумаць уласную рэлігію, якая б рухала чалавека па жыцці?

Кампазіцыі жыцця

На «Лістападзе» паказалі і стужкі «Беларусьфільма»: «Агмень» Юрыя Цімафеева (тут аўтар закранае праблему паступовага вымірання беларускай вёскі, адсутнасці моладзі і самотнасці тутэйшых, якім даводзіцца займаць сябе аматарскімі тэатрамі ды музеямі) і «Янку Купалу» Віктара Аслюка (рэжысёр задае героям лёгкія пытанні пра нашага песняра, якія становяцца для іх няёмкімі, высвятляе, ці добра ж самі беларусы ведаюць Купалу, ці разумеюць яго творчасць). Дарэчы, літаратурная тэма прагучала на «Лістападзе» двойчы: «Зніклая паэзія» Ільі Бажко ўзгадвае тых літаратараў, якіх мы калісьці страцілі: каля ста прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі расстралялі ў 1937 годзе, але рэабілітавалі іх імёны праз некалькі гадоў, нягледзячы на што цяпер гэтых людзей амаль не ведаюць.

Пошукам адказаў на пытанне самаіндыфікацыі занятая арт-група Chronotop у стужцы «А хто я?» (і мы самі павінны адказаць на гэтае пытанне, хоць пасля прагляду фільма яно падасца не такім ужо і лёгкім); пра незвычайнае тэатральнае жыццё, дзе акцёры — людзі з асаблівасцямі, распавядае Раман Раманаў у «Сіле матылькоў». Рэжысёр параўноўвае тэатр менавіта са святлом, на якое ляцяць матылькі. І гэтае святло тэатру — адзінае, дзе незвычайныя акцёры могуць адчуць сябе неабмежаванымі і жыць па ўласных законах.

Экскурсію па дакументальным кіно Беларусі завершым філасофскай і рамантычнай стужкай Арцёма Лобача «Фрагменты. Кампазіцыі»: калі ўзгадаць, што такое кампазіцыя, то адказы прыйдуць у выглядзе слоў «з’яднанне ў цэлае». Кампазіцыі Лобача складаюцца з розных і непадобных рэчаў: пакуль у небе ляцяць самалёты, людзі жывуць звычайнымі жыццямі, ходзяць у крамы, ездзяць на роварах, вуліцы змяняюць адны крокі на другія. Гэтае кіно — мазаіка з усяго прыгожага і незвычайнага, што можна ўбачыць у свеце: тут і Беларусь, і гукі дажджу, і горнае возера, пакой з кнігамі, цалкам загорнуты ў зеляніну, агромністыя марскія хвалі, на якіх спрабуе ўтрымацца сёрфінгіст, інтэрнаты, дзе чужыя жыцці таксама становяцца адной кампазіцыяй. Цэласнай, прыгожай і прывабнай, як беларускае дакументальнае кіно.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».