Вы тут

Усебеларускі з'езд 1917 года паказаў каштоўнасці, важныя і цяпер


Так сказана ў прывітанні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое ён адрасаваў гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі «Падзеі 1917 года ў гістарычным лёсе Беларусі». Само мерапрыемства адбылося ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Прывітанне ва ўрачыстай абстаноўцы зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

«Падзеі 1917 года спрыялі імкненню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэння Беларусі, якая ішла знізу, ад ініцыятывы народных мас, выявілася ў скліканні І Усебеларускага з'езда, — гаворыцца ў вітальным слове Прэзідэнта. — Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасці, значныя для нас да цяперашняга дня: сваю дзяржаву, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідары могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасці».

Прэзідэнт назваў і другі ўрок беларускай дзяржаўнасці. «Толькі адзінства ўсіх нас, усяго нашага беларускага народа з'яўляецца гарантам выбару і захавання самастойнага шляху развіцця», — адзначаецца ў прывітанні.

На Усебеларускім з'ездзе ў 1917 годзе выразна прагучала фундаментальная ідэя — стварэнне свайго ўніверсітэта. «Сёння мы яшчэ больш разумеем, што без адукацыі, без навукі не зможам умацаваць незалежнасць нашай дзяржавы. Бо асноўная яе мэта — стварэнне не толькі матэрыяльных, але і духоўных асноў для развіцця Чалавека», — адзначыў у прывітанні Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Максіма Рыжанкова, навукоўцы і спецыялісты адкрываюць зусім розныя бакі падзей 1917 года, калі закладваліся асновы беларускай дзяржаўнасці. «Але яны адзіныя ў меркаванні, што абраны тады шлях быў правільным», — дадаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

— Гэта сапраўды інтэгральная падзея, якая адбылася і адбываецца ў сапраўдны момант, — такое меркаванне выказаў рэктар БДУ Андрэй Кароль. — Ідэя непарыўнай сувязі вядучага ўніверсітэта краіны і існаванне беларускай дзяржаўнасці паказалі сваю жыццяздольнасць пры самых розных стыхіях. Сёння мы стаім перад неабходнасцю даць адказ на пытанне: а куды далей імкнецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт? Тым больш напярэдадні свайго стагоддзя.

На яго думку, дадзеная канферэнцыя аб'яднала мноства розных спецыялістаў з самых розных сфер: гэта і гісторыя, і права, і іншыя галіны. «Асаблівую ўвагу я ўдзяляю вынікам канферэнцыі, паколькі гэта павінны быць пэўныя рэкамендацыі, якія зафіксаваныя і ў форме канкрэтных прапаноў, і ў форме рэальных механізмаў», — дадаў Андрэй Кароль.

Пагадзіўся з рэктарам БДУ і прафесар Аляксандр Каханоўскі, дэкан гістарычнага факультэта БДУ. Ён выказаў упэўненасць у тым, што матэрыялы, якія з'явяцца па выніках мерапрыемства, стануць асновай для будучых даследаванняў. «Перад гісторыкамі стаяць задачы па больш глыбокім асэнсаванні тых падзей», — адзначыў прафесар.

— Сапраўды, для Беларусі 1917 год быў асаблівы. Беларусь увогуле была ў вельмі складанай сітуацыі — фронт, розныя нацыянальныя рухі, — сказаў дырэктар Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ Пётр Брыгадзін. — І ў гэтым становішчы беларусы зрабілі свой выбар. Ніхто не гаварыў пра самастойную Беларусь, усе казалі пра аўтаномію. Але ж гэта адбылося. І сёння, калі мы разглядаем 1917-ы, то гэта не толькі рэвалюцыі, гэта быў час самавызначэння, аб чым нам трэба памятаць. Трэба гаварыць пра тых людзей, якія зрабілі той выбар.

Дарэчы, больш за 120 навукоўцаў прынялі ўдзел у канферэнцыі. Мерапрыемства атрымалася міжнародным, паколькі сабраліся ўдзельнікі як з Беларусі, так і з Расіі, Польшчы і Чэхіі. Акрамя непасрэднага вывучэння падзей 1917 года, яны ацанілі сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні, абмеркавалі сферу дзяржаўна-прававых палажэнняў: што памянялася ў ёй падчас рэвалюцыі, а таксама ў паслярэвалюцыйны перыяд.

Каментарый у тэму

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Гэта была першая спроба артыкуляцыі беларускай нацыянальнай ідэі менавіта ў палітычным плане, стварэнне ўласнай дзяржаўнасці. Гэта вельмі важны нюанс.

Па словах Ігара Марзалюка, сімвалізм канферэнцыі «Падзеі 1917 года ў гістарычным лёсе Беларусі» заключаецца яшчэ і ў тым, што менавіта сто гадоў таму, у снежні 1917 года, на І Усебеларускім з'ездзе Беларусь была як ніколі адзіная.

Георгій Атаманаў, старшыня Пастаяннай камісіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў мандатнай, па галоснасці, самакіраванні, правапарадку
і міжнародных сувязях, другі сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі:

— Камуністы прынялі самы непасрэдны ўдзел у станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Паглядзіце, як развіваліся падзеі з сакавіка 1917 года. Міліцыя створана кім была? Першы гарадскі Савет дэпутатаў хто стварыў? А далей падзеі пачалі развівацца, зыходзячы з тых умоў, якія склаліся ў гісторыі нашай краіны. Ужо 30 снежня 1918 года ў Смаленску была абвешчаная БССР, а 1 студзеня была абвешчаная Камуністычная партыя Беларусі. Гэта надзвычай складаны перыяд — і трэба паказваць гэты час так, якім ён быў на самай справе.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Не забываючы падзеі мінулага

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.