Вы тут

Абараніць людзей з інваліднасцю ад дыскрымінацыі ў любой сферы жыцця


У нашай краіне звыш паўмільёна людзей з рознай ступенню інваліднасці, і колькасць іх пастаянна расце. Гэтыя людзі маюць патрэбу ва ўвазе не толькі дзяржавы, але і ўсяго грамадства. Нам трэба зрабіць усё, каб яны не саромеліся сваёй інваліднасці і не адчувалі сябе ізгоямі.


Адна з найважнейшых умоў адчування сябе паўнавартаснай асобай — магчымасць рэалізавацца, і ў першую чаргу гэта датычыцца прафесійнага плана. «Для людзей з інваліднасцю гэта вельмі важна», — упэўнены намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак. Ён адзначыў, што ў нашай краіне на сёння — больш за 180 тысяч інвалідаў працаздольнага ўзросту, і кожны трэці з іх працуе. Паводле слоў намесніка міністра, у Беларусі распрацаваны шэраг механізмаў дзяржаўнай падтрымкі інвалідаў у плане працаўладкавання. Напрыклад, у ліку іншых мер устаноўлена бронь на працаўладкаванне людзей з інваліднасцю на мясцовым выканаўчым і распарадчым узроўнях. «Штогод у органы дзяржаўнай службы занятасці звяртаюцца ў сярэднім 4,5 тысячы чалавек з інваліднасцю, — адзначыў Аляксандр Румак. — І ім аказваецца садзейнічанне».

У гэтых людзей ёсць магчымасць прайсці прафесійнае навучанне і адкрыць сваю справу. А ў спецыялізаваным адукацыйна-рэабілітацыйным цэнтры — падраздзяленні Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра ў Мінску для іх маецца магчымасць перанавучання, у тым ліку для інвалідаў-калясачнікаў. Яны могуць атрымаць прафесію аператара ПЭВМ, спецыяліста па рамонце абутку, для дзяўчат распрацавана праграма па навучанні манікюру.

Цяпер рыхтуюцца змены ў Працоўны кодэкс, якія прадугледжваюць рэгуляванне дыстанцыйных форм работы. Гэтае новаўвядзенне будзе вельмі карысным у тым ліку і для людзей з інваліднасцю.

У цэлым, як лічыць Аляксандр Румак, сведчаннем таго, што сацыяльная абарона людзей з інваліднасцю — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, з'яўляецца той факт, што ў Дзяржаўнай праграме «Сацыяльная абарона і садзейнічанне занятасці на 2016—2020 гады» з пяці падпраграм тры прысвечаныя праблемам інвалідаў. У цяперашні час ідзе вялікая праца па падрыхтоўцы новых законапраектаў, якія абаранялі б людзей з інваліднасцю ад дыскрымінацыі ў любой сферы жыцця.

А намеснік дырэктара па навуковай рабоце «РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі» Дзіяна КАЗАКЕВІЧ адзначыла, што медыкамі зараз распрацоўваецца новая мадэль устанаўлення інваліднасці. Паводле слоў спецыяліста, магчыма, у найбліжэйшай будучыні акрамя ўстанаўлення адной з трох груп інваліднасці дадаткова будзе праводзіцца ацэнка працэнта ступені страты працаздольнасці.

Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прайсці навучанне і адкрыць сваю справу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.