Вы тут

Выбіраем дэпазіт, дзе будзем трымаць свае зберажэнні


Куды ўкласці «кроўныя», каб зарабіць, — над гэтым пытаннем задумваецца большасць людзей, незалежна ад колькасці нулёў на іх банкаўскім рахунку. Варыянтаў мноства, але яны залежаць ад сумы вашых назапашванняў. Самы першы варыянт, які прыходзіць у галаву большасці і даступны ўсім, — адкрыць дэпазіт. Але не ўсё так проста, бо тэндэнцыі мяняюцца. Давайце разбяромся, якія бываюць банкаўскія ўклады і колькі можна на гэтым зарабіць.


Дзяржава гарантуе

Самы зразумелы, просты і менш рызыкоўны спосаб інвеставаць грошы — адкрыць банкаўскі ўклад. Яго бясспрэчны плюс у тым, што гарантыі вяртання грошай пры любых абставінах дае не толькі банк, але і дзяржава. Варта задумацца аб адкрыцці дэпазіту, калі вы назапасілі суму, якую не збіраецеся расходаваць у найбліжэйшы час, а наадварот — хочаце захаваць і прымножыць. Вядома, максімальна прымножыць. Банкі прапануюць розныя ўмовы па ўкладах, і іх прыбытковасць залежыць і ад таго, які менавіта дэпазіт вы выбераце. Вось на што варта звярнуць увагу.

Дакладны тэрмін удвая даражэйшы

Уклады дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі — адзыўныя і безадзыўныя. Нескладана здагадацца, што яны адрозніваюцца магчымасцю датэрмінова забраць свае грошы. Адзыўны дэпазіт афармляецца на пэўны тэрмін, але пры жаданні вы можаце ў любы момант забраць свае грошы, цалкам ці часткова. Калі вы здымаеце грошы датэрмінова, то моц набываюць іншыя правілы: працэнты налічваюцца і выплачваюцца за фактычны час захоўвання сродкаў па стаўцы, якая ніжэйшая за асноўную.

Безадзыўныя ўклады, наадварот, чакаюць свайго часу. Вы ўносіце грошы на дэпазіт і забіраеце іх толькі па заканчэнні таго тэрміну, які пазначаны ў дагаворы. Сітуацыі бываюць розныя, і ў форс-мажорных абставінах банк можа пайсці вам насустрач і раней датэрмінова вярнуць грошы, але для гэтага патрэбныя важкія падставы. Банк абавязкова разгледзіць ваша пажаданне, але дасць згоду толькі ў тым выпадку, калі палічыць вашыя аргументы вельмі сур'ёзнымі. Стаўкі па безадзыўных дэпазітах заўсёды прывабнейшыя і вышэйшыя. Давайце параўнаем: гадавая стаўка банка адзыўнага ўкладу на 5 месяцаў — 5%, безадзыўнага — ужо 10%. Адрозненні будуць заўсёды, незалежна ад тэрміну, на які вы кладзяце свае грошы ў банк.

Доўгатэрміновы заўсёды лепш

Яшчэ дэпазіты адрозніваюцца тэрмінамі: вы можаце выбраць уклад на адзін месяц, тры, пяць, сем, дзевяць месяцаў ці год. Вядома, можна адкрыць дэпазіт больш чым на адзін год, але складана рабіць эканамічныя прагнозы на доўгі час. Адпаведна, банкі прапануюць кароткатэрміновыя (да 3 месяцаў), сярэднетэрміновыя — (да 1 года) і доўгатэрміновыя (больш за 1 год) дэпазіты. Памер стаўкі напрамую залежыць ад тэрміну: чым даўжэй вашы грошы знаходзяцца ў банку, тым больш вы атрымаеце. Давайце прасочым, як змяняецца працэнтная стаўка. Возьмем безадзыўны дэпазіт на 5 месяцаў — 10%, 7 месяцаў — 11%, 9 месяцаў — 11,5%, на 12 месяцаў — 11,7%. (Мы тут прыводзім прыклады па максімальных працэнтах.)

Для ахвотных адкрыць доўгатэрміновы ўклад ёсць дадатковая перавага — не трэба плаціць падатак на ўклады ў памеры 13%. Гэта адносіцца да ўсіх, хто адкрывае доўгі безадзыўны ўклад на год ці больш — у беларускіх рублях, на два гады або больш — у валюце. Так што, калі хочаце зэканоміць на падатку, то лепш перадаць грошы ў банк на доўгі тэрмін.

Яшчэ адзін важны нюанс, на які варта звяртаць увагу, — ці дазваляе банк папаўняць уклад, г. зн. ці можна ўносіць на дэпазітны рахунак дадатковыя грошы на працягу тэрміну дзеяння дагавора. Калі такая магчымасць прадугледжана — для вас гэта выдатны спосаб назапасіць і яшчэ больш прымножыць свае зберажэнні.

Рублёвы вышэйшы, але ёсць нюансы

Традыцыйна ўклады дзеляцца і па тыпе валюты: можна адкрыць рублёвы або валютны дэпазіт, натуральна, стаўкі па першым заўсёды вышэйшыя. Напрыклад, максімальная стаўка, якую можна знайсці на ўклад у беларускіх рублях, — 11,7% гадавых. Гэта безадзыўны дэпазіт тэрмінам на 12 месяцаў. Калі грошы вы назапашваеце на працягу года для мэтавай пакупкі ў айчыннай валюце, то лепш збіраць неабходную суму ў рублях.

Зусім іншы варыянт атрымліваецца, калі вы збіраецеся летам за мяжу або ўжо доўгі час збіраеце грошы на нерухомасць. У гэтым выпадку вам, мабыць, лепш выбраць валютны ўклад, тут ваш выбар залежыць ад дзейнай на сёння доларавай інфляцыі. Працэнты па валютным укладзе невялікія — да 2%, але ёсць варыянты.

«Прасунутым» карыстальнікам глабальнага сеціва фінансісты часам робяць даволі нядрэнныя прапановы, дзе даходнасць крыху большая. Напрыклад, банкі сёння прапануюць тэрміновы банкаўскі ўклад, які адкрывае для кліентаў магчымасць кіравання ўласнымі зберажэннямі праз інтэрнэт з выкарыстаннем сваёй банкаўскай плацежнай карткі. Сярод пераваг падобнай прапановы будзе адкрыццё і кіраванне ўкладам без наведвання структурнага падраздзялення банка. Вяртанне ўкладу пры надыходзе тэрміну ажыццяўляецца шляхам пераводу рэшткаў грашовых сродкаў з налічанымі працэнтамі на банкаўскую картку. Па гэтай сістэме пры выкананні пэўных умоў прадугледжана налічэнне і прэміяльных працэнтаў, а агульны даход можа скласці да 2,5% гадавых. Па падобнай схеме банк дае большы даход кліенту, бо абслугоўванне такіх укладаў фінансавай установе абыходзіцца значна танней, чым пры звычайных дэпазітах.

Знізілася даходнасць і па валютных аблігацыях. Яшчэ летась каштоўныя паперы ў валюце прыносілі іх уладальнікам нядрэнны даход. Уласныя валютныя аблігацыі сістэмных банкаў краіны прадугледжвалі спачатку 5,5%, а потым 5% гадавых. Сёння падобных каштоўных папер з такой даходнасцю ўжо няма. Цяпер існуюць толькі валютныя аблігацыі на прад'яўніка ў некалькіх банках, але ўжо пад 3,5% гадавых. Праўда, на фінансавым рынку з'явіліся бездакументарныя каштоўныя паперы і інтэрнэт-аблігацыі ў валюце і, зноў-такі, пад 3,5% гадавых. Аднак у насельніцтва яны пакуль вялікай папулярнасцю не карыстаюцца. Людзей сёння палохае той факт, што па гэтых каштоўных паперах у іх на руках ніякіх папяровых дакументаў не застаецца. А калі няма гэтай самай паперы, то і ў кліентаў часам узнікае ўражанне, што гарантыя вяртання іх грошай не зусім відавочная.

Яшчэ пры выбары дэпазіту ёсць сэнс разабрацца, як банк будзе выплачваць працэнты па ўкладзе. Ёсць паняцце «капіталізацыя працэнтаў», яшчэ яго называюць «працэнты на працэнты». Калі ва ўмовах укладу значыцца, што існуе штомесячная капіталізацыя працэнтаў, то гэта значыць, што па заканчэнні месяца захоўвання налічаныя працэнты за адпаведны перыяд далучаюцца да сумы дэпазіту. А ў наступным месяцы працэнты налічваюцца ўжо на ўсю суму, якая ляжыць на вашым рахунку. Даход па дэпазіце з капіталізацыяй працэнтаў будзе вышэйшы, яшчэ большы ён будзе, калі працэнты выплачваюцца двойчы ў месяц.

Валютныя закрываюць, рублёвыя — папаўняюць

У кастрычніку ў Беларусі намінальна працягнулі расці рублёвыя ўклады, а колькасць дэпазітаў у валюце па-ранейшаму зніжаецца. Пра гэта сведчыць кастрычніцкая статыстыка Нацбанка па грашова-крэдытным рынку. За кастрычнік дэпазіты ў беларускіх рублях выраслі на 29,7 мільёна рублёў (за верасень — на 39,5 мільёна). На пачатак лістапада іх сума склала 3,31 мільярда рублёў.

Валютныя дэпазіты ў кастрычніку працягнулі скарачацца, за месяц яны ўпалі на 23,8 мільёна долараў (за верасень — на 39,3 мільёна) і склалі на пачатак кастрычніка 6 мільярдаў 766,7 мільёна «баксаў». Нагадаем, беларусы ў кастрычніку павялічылі продаж наяўнай валюты на 2,7% у параўнанні з вераснем да 647 млн долараў. Купля валюты вырасла больш значна — на 14,8%, да 468 млн долараў. Пры гэтым ужо дваццаць адзін месяц насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом наяўнай валюты.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Захаваць і зарабіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».