Вы тут

У Гродне дэманструюцца навагоднія экспанаты з тэхнічным ухілам


Арыгінальныя навагоднія кампазіцыі змайстравалі школьнікі і навучэнцы каледжаў Гродзенскай вобласці. У ход пайшлі старыя грампласцінкі, мікрасхемы, дэталі ад веласіпедаў і аўто. Найлепшыя экспанаты трапяць на заключны этап конкурсу «ТэхнаЁлка» ў Мінску.


У ліку відавочных прэтэндэнтаў — ёлка з прапелерам, якая лятае. У зале яе не запускаюць, а вось на дварэ ўжо прайшлі выпрабаванні. Ёлка лятае пры дапамозе радыёкіруючай прылады. Яе змайстравалі ў Бераставіцкім цэнтры творчасці.

Прадстаўлена і некалькі «музычных» ёлак. У сярэдзіне адной з іх зіхаціць шар, адкуль пры руху даносяцца гукі званочкаў. Аўтамабільная магнітола забяспечвае музычнае суправаджэнне іншага экспаната, прадстаўленага навучэнцамі Гродзенскага электратэхнічнага каледжа.

Ёсць мадэлі, можа, не такія «наварочаныя», але вельмі арыгінальныя. Вока чапляецца за ёлку з плоскім контурам, на якой паўсюдна прасвідраваны дзіркі для маленькіх лямпачак. Здаецца, што зіхацяць навагоднія шары. Дарэчы, большасць прыгажунь аформлена каляровымі агеньчыкамі.

Некаторыя ёлкі зроблены з сэнсам. Напрыклад, навучэнцы Ваўкавыскага аграрнага каледжа знайшлі ключы ад ведаў, якія дапамаглі стварыць сімвалічную кампазіцыю. А яшчэ тут можна ўбачыць, які шлях праходзіць святло, каб запаліць агеньчык на ёлцы. У Гродзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогіі і дызайну гэты працэс паказалі пры дапамозе міні-АЭС. Ёсць тут і турбіна, і генератар, і рэактар. Варта толькі ўключыць тумблер, як станцыя дасць энергію для святочнай ілюмінацыі святлодыёднай ёлачкі.

Усе больш модным становіцца рэтра. Дызайнам з бліскучых дыскаў ужо мала каго здзівіш, а вось ёлка з вініламі — выклікае захапленне. Тым больш калі яна ў рост чалавека.

— Мы бачым, што многія рэчы атрымліваюць «другое жыццё», — зазначае загадчык аддзела Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Людміла Рэер. — Тут знайшлі ўвасабленне і нейкія будаўнічыя адходы, і старая тэхніка. Вось гэта акуратная ёлачка зроблена з металічнай сеткі, а стаіць яна на аўтамабільным рулі, з дапамогай якога круціцца.

Навучэнцы будаўнічага ліцэя зрабілі навагоднюю прыгажуню з мантажнай пены. Будаўнічую ідэю ўвасобілі і прадстаўнікі Гродзенскага політэхнічнага каледжа. Яны, акрамя пены-снега, дапоўнілі ёлку сняжынкамі з цвікоў і макетамі шматпавярховікаў. А з Зэльвы прывезлі аб'ёмную ёлку, сабраную са старых металічных свяцільнікаў.

— У конкурсе «ТэхнаЁлка» некалькі намінацый, у тым ліку і на арыгінальнае тэхнічнае рашэнне сімвала будучага года, — тлумачыць Людміла Рэер. — Металічныя і драўляныя сабакі не толькі здзіўляюць сваёй канструкцыяй, але могуць рухацца і нават размаўляць.

І сапраўды, адзін з такіх экспанатаў паўтарае гукі, якія чуе наўкол. Міла выглядае сабака, для вырабу якога выкарыстаны дзіцячы веласіпед, Толькі тут можна ўбачыць грознага тэхна-пса з аўтамабільных дэталяў, таксу са спружыны альбо бульдогаў з балтоў і гаек.

Творам стылю «мадэрн» можна назваць пано з шурупамі і цвікамі, якія ствараюць выяву сабакі і пафарбаваны пазалотай. Такая «карціна» падыдзе да стыльнага інтэр'ера. Дарэчы, многія экспанаты могуць стаць дапаўненнем, а можа нават і цэнтральным аб'ектам як жылога памяшкання, так і офіса. Ну хто адмовіўся б ад ёлкі ў выглядзе лёгкай драўлянай паліцы з навагоднім афармленнем? Ці ад ёлкі-шарманкі, якая зіхаціць агнямі, калі пакруціць за ручку? Магчыма, камусьці больш спадабаецца ёлка-дог, альбо ёлка-падсвечнік. Арыгінальныя экспанаты наводзяць на думку ўключыць фантазію і праявіць свае здольнасці ў вырабе навагодняй прыгажуні. Магчыма, не кожны здолее змайстраваць металічныя яловыя лапкі ці сняжынкі з цвікоў. Ёсць варыянты больш даступныя. Напрыклад, зрабіць кулькі з марожаным у форме ёлкі альбо выразаць ёлку з пенапласту і ўпрыгожыць яе агеньчыкамі. Дарэчы, тэхнічных рашэнняў безліч, аб чым сведчаць і экспанаты юных гродзенцаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ёлка з прапелерам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?