Вы тут

Што ў сталіцы зроблена да прыходу зімы


Змена сезонаў заўсёды сапраўднае выпрабаванне для камунальных службаў. А халодную пару года і ўвогуле можна назваць самым суровым, у прамым і пераносным сэнсе слова, перыядам. Што робіцца для таго, каб мінчане перажылі яго максімальна спакойна, расказалі прадстаўнікі камунальнай сферы сталіцы.


Зараз праходзіць нарыхтоўка пясчана-салянай і пяшчанай сумесі для апрацоўкі дарог. Новыя рэагенты сёлета ўжывацца не будуць. Што датычыцца прыборкі двароў ад снегу, то па-ранейшаму ў выпадку моцных завей камунальнікі разлічваюць на дапамогу жыхароў горада. І нездарма — мінчане становяцца ўсё больш актыўнымі і адказнымі ў гэтым плане.

— Падобная дапамога ўжо не носіць негатыўнага характару. Людзі разумеюць, што чым раней і якасней мы сумеснымі намаганнямі ачысцім дваровую тэрыторыю, тым лепш будзе для ўсіх. З'яўляецца больш адказных людзей, якіх мы называем старшымі па доме ці пад'ездзе, якія самі абсталёўваюць месцы, дзе можна захоўваць агульны прыборачны інструмент, — адзначыла намеснік генеральнага дырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Галіна ГІЛЕВІЧ.

Адным з самых набалелых пытанняў застаецца ўцяпленне фасадаў. У дамах, дзе работы бягучага характару не даюць выніку, уцяпленне будзе праводзіцца ў перыяд капітальнага рамонту. Але не на ўвесь фасад, як раней, а кропкава: у канкрэтных месцах, дзе праступае вільгаць. Мяркуецца, што ў будучыні работы па цеплавой мадэрнізацыі дома будуць аплачваць яго жыхары, цяпер прапрацоўваецца магчымасць уносіць патрэбную суму ў растэрміноўку або браць крэдыт на гэтыя патрэбы.

Працягваюць рыхтаваць да холаду і снегу і зялёныя насаджэнні. Пра найбольш схільныя да ўздзеяння шкодных фактараў — высаджаныя ўздоўж цэнтральных магістраляў і кальцавой аўтадарогі — клапоцяцца асабліва. Ствалы абгортваюць спанбондам, а карані хаваюць пад спецыяльную плёнку, якую ўвесну будуць выдаляць разам з верхнім пластом глебы. Вядзецца работа і на перспектыву — ужо пачалася падрыхтоўка да будучага цёплага перыяду. Напрыклад, па выбары асартыменту кветак. Са студзеня будуць праводзіцца тэндары на закупку насення.

— Тэндэнцыі ландшафтнага азелянення змяняюцца ў бок натуральнасці, каб былі зёлкавыя травы, мнагалетнікі. Можа быць, не ўсе мінчане гатовыя бачыць высокія травы, яны больш прывыклі да яркага цвіцення. Таму мы будзем паступова ствараць куткі з такімі раслінамі, каб паказаць: гэта таксама добра і прыгожа, не ўсё павінна быць яркім і квітнеючым, — расказала кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзялёнбуд» Анжаліка ПУЗАНКОВА.

Калі вяртацца да цяперашняга часу, то для ачысткі вуліц у «Мінскзялёнбуда» ёсць 68 снегаачышчальных машын, 76 самазвалаў, трактары з пагрузчыкамі, акрамя таго, выстаўлена 1 460 скрынь для пяску і пясчана-саляной сумесі.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ахутаць дрэвы і ўцяпліць сцены ў крэдыт

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.