Вы тут

Чым абумоўлены імклівы рост краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы?


З Бруселя адна за адной прыходзяць аптымістычныя эканамічныя навіны. Еurоstаt апублікаваў звесткі за трэці квартал: эканоміка Старога Свету вырасла ў ліпені — верасні на 2,5% у гадавым вылічэнні. Вядома, аднаўленне адбываецца нераўнамерна. Найбольш хуткія тэмпы — у цэнтральнай частцы кантынента і на ўсходзе. Там яны значна пераўзыходзяць як сярэднееўрапейскія паказчыкі, так і прагнозы спецыялістаў. Эканомікі Польшчы і Чэхіі выраслі на 5%, Латвіі — на 6,2%, Славакіі і Літвы — на 3,4%, а Румыніі — на рэкордныя 8,6%. Чым падсілкоўваюцца «тыгры» Старога Свету?


«Хуткі» год

Цэнтральныя і паўднёва-ўсходнія еўрапейскія эканомікі на шляху да самага «хуткага» года за апошнія дзесяць гадоў, прагназуе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕBRD). 18 краін рэгіёна, сем з якіх уваходзяць у зону адзінай еўрапейскай валюты, перажылі пасля крызісу рэзкі спад, які ўзмацніўся дзякуючы праблемам еўразоны з дзярждоўгам краін-удзельніц і слабымі банкамі. У выніку большую частку мінулага дзесяцігоддзя планаванае і чаканае збліжэнне ва ўзроўнях даходаў краін Усходняй і Заходняй Еўропы прыпынілася. Зараз жа, піша Wаll Strееt Jоurnаl, маюцца сігналы, што яно аднавілася.

У адрозненне ад асобных краін Заходняй Еўропы і ЗША, тлумачыць старшы эканаміст ЕBRD Сяргей Гур'еў, рэгіён не адчуў адтоку працоўных з сярэднімі даходамі ў месцы з больш высокімі заробкамі. «У нашым рэгіёне ўсё адбываецца некалькі інакш, — расказаў эксперт WSJ. — Асабліва гэта адносіцца да тых яго частак, дзе маюцца дэмаграфічныя праблемы і адбываюцца масавыя ад'езды маладых і кваліфікаваных рабочых у іншыя краіны». Насельніцтва многіх краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы хутка старэе. ЕBRD папярэджвае: дэфіцыт кваліфікаванай рабочай сілы ўжо ў найбліжэйшай будучыні можа пачаць запавольваць рост эканомікі. У Еўрапейскім банку рэканструкцыі і развіцця таксама чакаюць росту інфляцыі ў рэгіёне, якая застаецца ніжэйшай за ўзроўні, зададзеныя мясцовымі цэнтрабанкамі. Так, галоўны румынскі банк — Nаtіоnаl Bаnk оf Rоmаnіа — другі месяц запар падняў працэнтныя стаўкі. Аднак цэнтрабанкі іншых краін рэгіёна асцярожнічаюць і чакаюць рэакцыі на рашэнне Еўрапейскага цэнтрабанка значна скараціць са студзеня 2018 года праграму куплі дзяржаблігацый.

Паскарэнне эканамічнага росту рэгіёна, асабліва моцна пацярпелага ад крызісу і яго наступстваў, — яшчэ адна прыкмета таго, што гэты год, хутчэй за ўсё, перавысіць прагнозы і чаканні і для глабальнай эканомікі ў цэлым.

Аднак ЕBRD папярэджвае, што развіццё сусветнай эканомікі нясе пагрозы для рэгіёна: «Мы прагназуем шматлікія рызыкі, уключаючы ўзмацненне геапалітычнага напружання, пастаянныя пагрозы бяспекі, рост папулярнасці і аўтарытэту папулістаў і антыглабалістычных поглядаў у развітых краінах і высокую ступень канцэнтрацыі крыніц глабальнага росту. Прычым амаль палова іх прыйдзецца на Кітай». У ЕBRD, які, дарэчы, інвесціруе сродкі ў 37 краін, пачынаючы ад Марока на Захадзе і заканчваючы Манголіяй на Усходзе, таксама лічаць, што 2017 год будзе станоўчым не толькі ў Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропе. Банк, напрыклад, рэзка падняў прагноз па Турцыі.

Заробкі і попыт

Аналітыкі тлумачаць надзвычай імклівы (па еўрапейскіх мерках) рост усходнееўрапейскіх эканомік павелічэннем заробкаў і павышэннем попыту на тавары і прадукцыю ад краін еўразоны. У першую чаргу вырас экспарт аўтамабіляў, электронікі. Нягледзячы на шэраг складанасцяў, якія ўзніклі пры ўступленні ў ЕС, тут добра развіта сельская гаспадарка. Добрую паслугу гэтым краінам робяць напрацоўкі іх сацыялістычнага мінулага.

Эканамісты адзначаюць і такі фактар, як наяўнасць нацыянальных валют: у той час як Латвія і Літва, Эстонія — у зоне еўра, Румынія, Венгрыя, Балгарыя, Чэхія, Польшча, а таксама Харватыя на еўра не перайшлі. Свае валюты дазваляюць праводзіць куды больш самастойную і гнуткую манетарную палітыку.

Высокі курс еўра здольны аказваць адмоўны ўплыў на экспарт. Традыцыйна цікавыя для турызму краіны ўсходу Еўропы прыцягваюць шматмільённых гасцей яшчэ і таннасцю, што не ў апошнюю чаргу забяспечваецца мясцовымі валютамі. Праўда, адзін са складнікаў росту ўсходнееўрапейскіх дзяржаў — павелічэнне ўнутранага попыту.

Паслабленне фіскальнай палітыкі і рэкордна нізкае беспрацоўе рэзка павысілі ўнутранае спажыванне. Атрыманае ў выніку гэтага рэзкае павелічэнне заробкаў дазволіла эканомікам дзяржаў рэгіёна абысці па гэтым паказчыку больш багатыя краіны кантынента. Напрыклад, рост эканомікі Германіі, для якой сёлетні год лепшы з 2011-га, склаў у трэцім квартале 0,8% у параўнанні з папярэднім кварталам. Аднаўленне эканомікі асабліва важна для рэгіёна, таму што апошняе дзесяцігоддзе аказалася для яго не менш цяжкім, чым для поўдня кантынента. Многія рэгіянальныя эканомікі напярэдадні глабальнага фінансавага крызісу перагрэліся падчас эканамічнага буму. Нечакана аказаўшыся ў 2008 годзе без замежных інвестыцый, улады гэтых краін былі вымушаныя праводзіць палітыку жорсткай эканоміі, якая загнала іх эканомікі ў яшчэ больш глыбокую рэцэсію і прымусіла надоўга забыцца пра мары зблізіцца з заходнееўрапейскімі краінамі па ўзроўні жыцця.

Цяпер становішча выпраўляецца, але вяртаецца і небяспека новага перагрэву эканомік рэгіёна, якія ўжо цяпер дзейнічаюць амаль на мяжы сваіх магчымасцяў. Аптымісты пярэчаць, што фактары, якія сведчаць пра перагрэў эканомікі, пакуль не аказаліся каля крытычнай адзнакі. Інфляцыя на ўсходзе кантынента застаецца паблізу мэтавых паказчыкаў і ў цэлым супадае з нізкай інфляцыяй на астатняй частцы Еўропы. Гэта ўвогуле не дзіўна, калі ўзгадаць, што большасць спажывецкіх тавараў усходнееўрапейскія краіны імпартуюць. Нават у Румыніі, па прагнозах мясцовага цэнтрабанка, у пачатку наступнага года чакаецца інфляцыя на ўзроўні 3,2%, пасля чаго яна пачне зніжацца. Зноў развіваецца крэдытаванне, але і яно яшчэ даволі далёка ад узроўняў, якія выклікаюць трывогу. Не відаць прыкмет і хуткага павелічэння знешніх запазычанняў, у аснове чаго ляжыць аднаўленне экспарту ў Заходнюю Еўропу.

Два выклікі

Тым не менш рэгіён сутыкнуўся, на думку Wаll Strееt Jоurnаl, з двума выклікамі, якія ўяўляюць пагрозу аднаўленню. Першы звязаны з дэмаграфіяй і адносіцца не толькі да ўсіх краін рэгіёна, але і да ўсяго Старога Свету. Ва ўсіх краінах Усходняй Еўропы высокія ўзроўні міграцыі працаздольнага насельніцтва. У апошнія чвэрць стагоддзя рэгіён пазбавіўся прыкладна 20 мільёнаў чалавек — 5,5 працэнта ўсіх жыхароў. Прычым пераважная частка работнікаў, хто з'ехаў на заробкі, — моладзь, якая мае добрую адукацыю. Напрыклад, колькасць працаздольнага насельніцтва Латвіі пасля 2000 года скарацілася прыблізна на чвэрць. У гады крызісу такая міграцыя дапамагала змагацца з беспрацоўем, але цяпер інвестары ў шэрагу краін рэгіёна скардзяцца на сур'ёзны дэфіцыт працоўнай сілы.

Адначасова ўзнікла небяспека не столькі рэзкага, колькі непрапарцыянальнага росту заробкаў. Пасля 2014-га яны выраслі, паводле дадзеных МВФ, на 4,5 працэнта пры павелічэнні прадукцыйнасці працы на два працэнты. Такі разрыў паміж гэтымі двума эканамічнымі паказчыкамі можа прывесці да зніжэння канкурэнтаздольнасці і празмернага росту спажывання паліва. Гэта ж, у сваю чаргу, можа прывесці да паўторнага перагрэву эканомік.

Другі выклік звязаны з палітыкай. Прагрэс рэгіёна ў павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва ў апошнія чвэрць стагоддзя адбыўся ў немалой ступені дзякуючы жорсткім палітычным рашэнням па павышэнні прадукцыйнасці працы, лібералізацыі рынкаў, прыватызацыі актываў, скарачэнні субсідый насельніцтву і барацьбе з карупцыяй. Аднак крызіс змяніў палітычную абстаноўку ў рэгіёне. У адных краінах улады пад моцным ціскам аслабілі фінансавую палітыку і павялічылі выдаткі на сацыяльныя патрэбы. Гэта стымулявала ўнутранае спажыванне, але ніяк не дапамагло росту прадукцыйнасці. У Румыніі, напрыклад, у другім квартале гэтага года дэфіцыт бюджэту склаў 4,1%. Гэта самы высокі паказчык у Еўрасаюзе, хоць у краіне самыя значныя тэмпы росту эканомікі на кантыненце. Такое становішча таксама павялічвае рызыку перагрэву эканомікі.

Яшчэ адна палітычная пагроза звязаная з тым, што папулісцкія ўрады не прымаюць жорсткія рашэнні, якія неабходныя для павелічэння колькасці працоўнай сілы і павышэння прадукцыйнасці.

Бывае і яшчэ горш, калі яны адмаўляюцца ад ранейшых дасягненняў. Эканамісты лічаць лепшым адказам на дэфіцыт працоўнай сілы правядзенне энергічнай палітыкі на рынку працы, якая будзе заахвочваць працаваць жанчын і старых, інтэграваць мігрантаў, павышаць стандарты адукацыі і паляпшаць сістэму аховы здароўя.

Румынія наперадзе

Мацней за ўсё гэтыя з'явы ўдараць па Румыніі, рост эканомікі якой замарудзіцца налета да 4,4%. Яшчэ зусім нядаўна гэтая краіна займала месца аўтсайдара, а зараз у Бруселя яна ў фаварытах. Еўракамісія рэзка крытыкавала Бухарэст за карупцыю і беднасць, патрабавала правядзення рэформаў і захавання правоў чалавека. Крытыка, зразумела, падзейнічала. Прынамсі, вынікі дзеянняў румынскіх уладаў навідавоку. Нягледзячы на тое, што большасць еўрапейцаў лічаць румынаў галоўнымі ўдзельнікамі працоўнай міграцыі на кантыненце, менавіта радзіма Дракулы цяпер знаходзіцца на першым месцы ў аб'яднанай Еўропе па тэмпах росту эканомікі. Калі ў 2015-м тэмпы росту румынскай эканомікі былі 3,9%, то летась — ужо 4,8%, а сёлета, паводле прагнозаў МВФ, — 5,5%. Для параўнання: сярэднія па ЕС адпаведныя лічбы складаюць 2,4%.

У Румыніі цяпер актыўна развіваюцца ўсе сектары эканомікі: сектар паслуг, вытворчасць, экспарт. Спажыванне летась дасягнула найвышэйшага паказчыка за дзесяцігоддзе — з моманту ўступлення краіны ў Еўрасаюз у 2007-м, а ў першай палове гэтага года павялічылася яшчэ на 8%. «Урад у 2015-м знізіў падаткі на спажыванне, — патлумачыў лонданскаму выданню Guаrdіаn галоўны эканаміст Rаіffеіsеn Bаnk Rоmаnіа і старшыня фіскальнага савета Румыніі Іонут Думітру. — Улады паменшылі ПДВ з 24% спачатку да 20%, а зараз і да 19%. Гэта стала моцным стымулам для росту спажывання. Акрамя таго, урад за апошнія чатыры гады падвоіў мінімальны памер аплаты працы. Моцна выраслі зарплаты і ў грамадскім сектары».

Тым не менш заробкі ў Румыніі застаюцца ніжэйшыя за сярэднееўрапейскія, што робіць яе прыцягальным месцам для аўтсорсінгу заходніх кампаній.

Па ўзроўні аплаты працы Румынія знаходзіцца ў ЕС на другім месцы ад канца пасля Балгарыі — 308 еўра ў месяц. Менавіта нізкія зарплаты спыняюць ад вяртання дадому дзясяткі тысяч румынаў, якія з'ехалі на пошукі працы ў іншыя еўрапейскія краіны. У выніку адтоку працоўнай сілы ў Румыніі летась быў зафіксаваны самы нізкі ў гісторыі ўзровень беспрацоўя — 5,9% (сярэдні ў ЕС — 8,6%). Па выніках гэтага года, адпаведны паказчык, паводле прагнозаў, знізіцца да 5,4%.

Найбольш высокія тэмпы паказвае высокатэхналагічны сектар. Нядрэнная дапамога для яго імклівага развіцця — моцная навуковая аснова, закладзеная яшчэ пры сацыялізме. Спецыялісты лічаць, што ІT-сектар, у якім занята каля паўтары сотні тысяч чалавек, павінен падвоіць сваю долю ў ВУП краіны і давесці яе да 2025 года да 12%. Паказальна, што па хуткасці інтэрнэту Румынія саступае толькі Сінгапуру, Ганконгу, Паўднёвай Карэі і Ісландыі. Заходнія кампаніі энергічна інвестуюць у румынскую эканоміку. Fоrd, напрыклад, за апошнія дзевяць гадоў уклаў звыш 1,2 млрд еўра і абвясціў аб планах наняць яшчэ каля тысячы чалавек для свайго завода ў Краёвай. Такім чынам, агульная колькасць работнікаў на румынскіх прадпрыемствах амерыканскага аўтагіганта дасягне 3700 чалавек. Пашыраюць вытворчасць у Румыніі і іншыя буйныя заходнія кампаніі, такія, напрыклад, як Sіеmеns, Bоsсh, Fіtbіt. Па памерах даходаў найбуйнейшай кампаніяй Румыніі застаецца аўтавытворца Dасіа, які належыць цяпер Rеnаult-Nіssаn — 4,47 мільярда еўра (па выніках мінулага года).

Развіццё румынскай эканомікі працягвае тармазіць рэпутацыя адной з самых карумпаваных краін у Еўропе. Прагрэс у барацьбе з карупцыяй, вядома, ёсць, але пазбавіцца іміджу, які склаўся за многія гады, нялёгка. Не спрыяе хуткаму развіццю эканомікі і слабая транспартная інфраструктура. Паводле апошняга даследавання Wоrld Есоnоmіс Fоrum Glоbаl Соmреtіtіvеnеss Rероrt, Румынія займае 128-е са 138 месцаў у рэйтынгу аўтадарог. Даўжыня сеткі аўтамагістраляў — усяго 747 км. Чыгунка таксама моцна састарэла.

Аднак, нягледзячы на шматлікія праблемы, перспектывы ў Румыніі станоўчыя. Спецыялісты лічаць, што прагрэс у эканоміцы працягнецца і, як мінімум, у найбліжэйшай будучыні. Паводле прагнозаў, налета тэмпы росту тут застануцца аднымі з самых высокіх у Еўропе. Краіна цалкам заслужана набывае рэпутацыю эканамічнага «тыгра». Дарэчы, ва Усходняй Еўропе амаль гэтак жа паспяховымі за апошнюю чвэрць стагоддзя сталі, напрыклад, Славенія і Чэхія. Цяпер, відаць, дайшла чарга і да бацькаўшчыны легендарнага Дракулы.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: «Тыгры» Старога Свету

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.