Вы тут

У краіне забяспечаць універсальны доступ да лячэння ВІЧ-інфекцыі


З новага года ў краіне забяспечаць універсальны доступ да лячэння ВІЧ-інфекцыі — яно будзе прадастаўляцца ўсім без выключэння. З 18,8 тысячы выяўленых ВІЧ-інфіцыраваных пакуль толькі каля 10 тысяч, у тым ліку дзяцей, атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію. Да канца наступнага года плануецца забяспечыць спецыфічным лячэннем усіх зарэгістраваных, якія трапілі на дыспансерны ўлік. 80 працэнтаў такіх лекаў — айчыннай вытворчасці. У хуткім часе перайсці на іх плануецца поўнасцю.


36 млн чалавек, інфіцыраваных ВІЧ, жыве сёння на планеце. Колькасць людзей, якія штогод заражаюцца, за апошнія 15 гадоў скарацілася з 3 да 2 млн, а колькасць новых выпадкаў заражэння дзяцей, народжаных ад ВІЧ-станоўчых маці, знізілася напалову. У Беларусі ж з 2011 па 2016 год адзначаўся актыўны прырост новых выпадкаў, і толькі сёлета за 10 месяцаў паказчыкі былі роўнымі тым, што мелі месца ў 2016-м. Новыя выпадкі сярод дзяцей не з'яўляюцца, а таму іх колькасць паступова зніжаецца.

— Ранняя дыягностыка спрыяе больш эфектыўнаму лячэнню, павышае якасць жыцця і зніжае рызыку перадачы інфекцыі іншым людзям, — кажа загадчыца аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ганна РУСАНОВІЧ. — Наша краіна актыўна рэалізуе стратэгію дасягнення мэт 90-90-90, паводле якой 90 працэнтаў ВІЧ-станоўчых павінны ведаць пра свой статус, 90 працэнтаў тых, хто ведае, павінны атрымліваць лячэнне, і 90 працэнтаў тых, хто праходзіць лячэнне, павінны мець зніжэнне віруснай нагрузкі. Пры такім раскладзе ў папуляцыі зніжаецца распаўсюджванне інфекцыі, чалавек становіцца практычна бяспечным для навакольных і можа весці звыклы лад жыцця. У межах гэтай кампаніі актыўна ўкараняецца саматэставанне — экспрэс-тэсты па сліне можна набыць у аптэчнай сетцы Гомельскай вобласці, Мінска і Салігорска.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Статус трэба ведаць

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.