Вы тут

Спрынт у жоўтым біпе


Менавіта ў такім статусе — лідара — пачне сённяшнюю гонку Надзея Скардзіна ў шведскім Эстэрсундзе.

У індывідуальнай гонцы на 15 км яна ўжо прадэманстравала сваю стабільную стральбу (на чатырох агнявых рубяжах не дапусціла ніводнага промаху) і выдатнае перасоўванне па дыстанцыі. Надзея ўпершыню ў кар'еры атрымала перамогу на этапах Кубка свету і прысвяціла яе маме.


— Была занадта сканцэнтраваная на стральбе, разумела, што вельмі доўга знаходжуся на рубяжы, але хацелася «нуль». Для мяне на кожным старце важна добра страляць. Важней трапляць, чым страляць хутка, — такі ў мяне стыль стральбы. І я, вядома, здзівілася, калі даведалася, што іду першай. Была вельмі шчаслівай! Гэта падарунак маёй маме на дзень нараджэння (28 лістапада), — расказала Надзея.

З перамогай біятланістку павіншаваў Прэзідэнт краіны. «Твой яркі поспех, дасягнуты дзякуючы працавітасці і волі да перамогі, падарыў усім беларусам выдатныя хвіліны радасці і гонару за сваю краіну. Гэта тваё першае золата на этапах Кубка свету, якое ўсяляе ў каманду надзею і ўпэўненасць у сваіх сілах у пачатку алімпійскага сезона», — гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзідэнт пажадаў Надзеі Скардзіна, яе калегам па зборнай і трэнерскаму штабу здароўя, поспеху і новых перамог.

Дар'я Домрачава ў індывідуальнай гонцы з трыма промахамі стала 14-й.

— Тры промахі — гэта зашмат, але сезон толькі пачаўся, таму нічога страшнага. Спадзяюся, далей будзе лепш. Для мяне было важна зразумець, што я знаходжуся ў добрай фізічнай форме. Тое, што я страляла ў гэтай гонцы стабільна, — плюс, але трэба будзе над гэтым папрацаваць. Таксама пазітыўны момант у тым, што я паказала чацвёрты час ходу па лыжні, — падкрэсліла Дар'я.

Сёння ў 19.45 адбудзецца жаночы спрынт, заўтра ў гэтым відзе праграмы выступяць мужчыны, завершыцца першы этап Кубка свету па біятлоне 3 снежня гонкамі пераследу.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?