Вы тут

Наступствы ўрбанізацыі, пра якія мы не думалі


Бабця Рая, якую паклалі ў адну з палат у панядзелак, ужо да серады далася ў знакі ўсяму аддзяленню. Дзевяностагадовая бабуля трапіла ў бальніцу з моцнай прастудай, але аказалася дужая ў нагах і руках і надзіва ўпартая. Ноччу яна выходзіла з палаты і ішла гуляць па калідоры, перабудзіўшы пры гэтым (прычым свядома, трасучы за ногі і патрабуючы «Уставай!») усіх сваіх суседак. Днём таксама, калі не згледзіш, бабка зноў была на калідоры і цікавала ва ўсе палаты, пужаючы пацыентаў, асабліва мужчын. Санітаркі цярпліва прыводзілі бабку на месца, садзілі на ложак, супакойвалі. Снатворнае яна браць адмаўлялася катэгарычна: маўляў, вы мяне хочаце атруціць. Увогуле даверу да незнаёмых людзей у яе не было ні каліва, таму ўсе свае рэчы: і прадукты, і адзенне, і абутак — склала ў адзін хатулёк і трымала на ложку каля падушкі, кожныя паўгадзіны абмацваючы, правяраючы, ці ўсё на месцы...


«Што за дзеці — збылі з рук бедную старую!» — кінуў у роспачы хтосьці з наведвальнікаў. Але яно насамрэч зусім не так. Да бабулі кожны дзень прыходзіла дачка — сама ўжо немаладая кабета. Прасіла прабачэння ў суседак па палаце за турботы. Ласкава ўпрошвала: «Паеш, мамачка», папраўляла скамечаную за бяссонную ноч пасцель, гладзіла маці па нязграбных напрацаваных руках. Бабуля супакойвалася, але не надоўга, раптам узвівалася, пачынала трывожна пытацца: «А грошы дзе? Ты прывезла мае грошы?!» — «Тут, мамачка, твае грошы», — ледзь не плачучы адказвала дачка, дастаючы з кішэні ў старой загорнутыя ў насоўку купюры. «Нікому не верыць, — скрушна тлумачыла выпадковым назіральнікам, — столькі год жыла адна ў амаль пустой вёсцы. Толькі сёлета ледзь угаварылі да нас перабрацца. Думала ехаць даглядаць яе сама ў родную хату, але дзе ж ты тут усё кінеш — муж, унукі... Яна і ў нас па кватэры па начах блудзіць, не можа зразумець, дзе яна, дадому просіцца...»

Сёння бабку Раю павінны выпісаць: прастуду ёй вылечылі. Дачка забярэ яе да сябе, і ўжо ў гарадской цёплай кватэры бабка будзе блукаць па начах, шукаць свае грошы, якія ляжаць у кішэні, прасіцца дадому, капрызіць без прычыны — старыя ж, яны часам як малыя дзеці. Дачка будзе разрывацца паміж сваёй любоўю да маці, абавязкам перад ёй і імкненнем зрабіць так, каб усё было як раней, каб муж быў спакойны і задаволены, каб самой адпачываць уначы пасля штодзённых клопатаў. Чым усё скончыцца — не ўгадаеш. Можа, бабка так і застанецца дажываць свой век з дзецьмі пад клапатлівай апекай дачкі і раздражнёным позіркам зяця. Можа, цярпення ў іх не хопіць і яны адправяць маці ў які інтэрнат або на сацыяльны ложак у бальніцы і будуць шукаць і не знаходзіць сабе апраўдання кожны дзень, кожную хвіліну. Можа, бабка сваёй упартасцю пераможа ўсіх і прымусіць завезці яе назад у родную хату. І там да яе будзе хадзіць сацыяльны работнік, і дачка паспрабуе супакоіць гэтым сваё сумленне, а яно не будзе супакойвацца... З упэўненасцю можна сказаць толькі адно: шчаслівых людзей (самых родных, якія любяць адно аднаго) у гэтай гісторыі — пры любым варыянце яе развіцця — ужо не будзе.

Гэта бяда і крыж менавіта гэтага пакалення беларусаў — тых, каму сёння пяцьдзясят—шэсцьдзясят. Непрыкаяныя састарэлыя бацькі. Першым заўсёды цяжка, а яны першыя вось так балюча адчуваюць на ўласным горкім досведзе наступствы масавага сыходу маладых вяскоўцаў у горад, які ў далёкіх ужо 70-х—80-х вельмі нават заахвочваўся. З вясковай хаты пасля школы з'язджалі ўсе дзеці, заставаліся толькі бацькі ды дзед або бабка. Менавіта тады зламалася нешта важнае ў нашай традыцыйнай сістэме грамадскага ладу. Парушылася повязь, пераемнасць пакаленняў, бо дагэтуль не было ніколі ў беларусаў так, каб з бацькамі (ці зусім побач з імі) не заставаўся жыць ніхто з дзяцей. І павучальная казка пра зэдлік — гэта менавіта наша, народная казка, на якой усе мы гадаваліся. (Памятаеце, яна пра малога хлопчыка, які, убачыўшы, як бацька пасадзіў свайго старога бацьку не за сямейны стол, а на зэдліку за печ, пачаў габляваць дошчачку. А калі бацька спытаўся, навошта, адказаў: «Буду, татка, рабіць табе зэдлік, ты ж хутка стары станеш, я цябе за печ пасаджу». Канешне, дзеда тут жа вывелі з-за печы і пасадзілі на пачэснае месца за сталом.)

У нас жа і дамы для састарэлых, і тыя самыя сацыяльныя ложкі, і дамы часовага знаходжання, дзе збіраюць на зіму адзінокіх немаладых людзей, з'явіліся зусім нядаўна, бо раней у іх проста не было патрэбы. Цяпер усё інакш, але казка пра зэдлік яшчэ сядзіць у нашых галовах, у свядомасці. І ў тым, што родны чалавек (які, як нярэдка бывае, наадрэз адмовіўся пераязджаць у горад да дзяцей «цэглу нюхаць») хоць і не побач, але ў доглядзе, няма ніякага суцяшэння. Калі ж бацька ці маці на пераезд усё ж пагаджаецца, усім даводзіцца прывыкаць і прыстасоўвацца, дзесьці ламаючы звычайны шматгадовы лад, амаль як чужым людзям, бо доўгія гады жылі не адной сям'ёй, а на адлегласці і бачыліся толькі на выхадныя. І нічога тут не папішаш, і ўніверсальнага выйсця, каб усім дарагім адно аднаму людзям было добра і спакойна, мы пакуль не знайшлі. Можа, таму з наступленнем халадоў у нашых вялікіх гарадах так шмат дарослых людзей з заклапочанымі і крыху вінаватымі тварамі?..

Нядаўна ў адной амерыканскай пісьменніцы прачытала адну прытчу. Арол з апошніх сіл пераносіў на спіне праз глыбокую цясніну свайго сына, які яшчэ не ўмеў лётаць. Калі небяспечнае падарожжа скончылася, арол спытаў у малога: «Ну, што, а калі я стану знямоглым, а ты будзеш дужай дарослай птушкай, ты панясеш мяне на сваіх плячах?» — «Не, бацька, — адказала птушаня. — Тады на плячах я буду несці свайго сына...»

Іншыя часы — іншыя казкі?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Свая ноша

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.