Анёл на Зямлі


Ніколі не забудуся, як у дзяцінстве згубіла малодшую сястру. Мама папрасіла мяне прыгледзець за Наташай, пакуль сама ўправіцца па гаспадарцы. Роля нянькі мне не вельмі падабалася, таму аддала малой свае любімыя цацкі і сказала ёй чакаць у пясочніцы. Сама ж пабегла да сяброў гуляць у хованкі. Ужо пачало змяркацца, калі я ўбачыла маму ў слязах: «Дзе Наташа? Яе нідзе няма...» Мы разам абышлі суседзяў, але ўсё безвынікова. Калі ж у роспачы вярнуліся дадому, раздаўся тэлефонны званок. Тэлефанавала бабуля Алесі (апошняя — аднагодка нашай Наташы), якая жыла на іншым канцы вёскі: «А вы сваю дачушку забіраць не збіраецеся?»


Сёння гэтую гісторыю ў нашай сям'і ўспамінаюць са смехам. А тады ж, паверце, было зусім не да яго.

Апошнія некалькі дзён у сацыяльных сетках мае знаёмыя актыўна перапошчваюць ролік амерыканскага блогера. Малады чалавек праверыў, ці лёгка выкрасці малечу з дзіцячай пляцоўкі.

Джо падыходзіў да маладых маці і казаў: «Я праводжу сацыяльны эксперымент. Як часта вы кажаце свайму дзіцяці, што нельга размаўляць з незнаёмцамі?» — «Прыкладна кожны дзень», «Часта», — адказвалі жанчыны. «А як вы думаеце, калі я зараз падыду да вашага дзіцяці з сабакам, малеча загаворыць са мной ці пабяжыць да вас?» — «Напэўна, пабяжыць да мяне», «Я ўпэўнена, што мая дачка не стане з вамі размаўляць, але паспрабуйце». І Джо паспрабаваў.

«Прывітанне!» — «Прывітанне!» — «Глядзі, які сабачка!» — «О, сабачка!» — «Ён табе падабаецца?» — «Так». — «Здагадайся, як яго завуць?» — «Данкін?» — «Амаль, яго завуць Донатс. Хочаш яго пагладзіць? У мяне ёсць яшчэ шмат сабак. Хочаш пайсці са мной і паглядзець на іх?» Пасля прыблізна такога дыялогу дзеці працягвалі незнаёмцу руку і пакідалі дзіцячую пляцоўку, нават не ўспомніўшы пра маму.

Рэакцыю матуль, якія назіралі за гэтым, уявіць нескладана. Яны падхопліваліся са сваіх лавачак і моцна абдымалі сваіх крывіначак. Усе яны дзякавалі блогеру за эксперымент, які прымусіў іх задумацца і, магчыма, папярэдзіць бяду ў будучым.

У каментарыях пад гэтым ролікам большасць піша пра тое, што бацькам трэба часцей размаўляць з дзецьмі пра бяспеку, разыгрываць розныя сітуацыі і на практыцы вучыць правілам паводзін на вуліцы. Несумненна. Але, на маю думку, гэтага недастаткова.

Улетку, гуляючы па дворыках Мінска, я часта бачыла маладых матуль з мабільнымі тэлефонамі каля вуха. Замест таго каб гуляць са сваім 4—5-гадовым дзіцем, яны захоплена размаўлялі з сяброўкамі. Аднойчы нават чула, як жанчына сказала сваёй 5-гадовай дачцэ: «Леначка, пагуляй тут адна пяць хвілінак, а я хуценька збегаю ў краму». Паводле слоў амерыканскага блогера, штодзень выкрадаюць больш за 700 дзяцей, гэта больш за чвэрць мільёна ў год. Вядома, Беларусь — не Амерыка. У нас адносна спакойна і мірна. Але хто гарантуе, што за гэтыя пяць хвілін да Леначкі не падыдзе дзядзька з сабачкам?..

За дзень да свайго нараджэння дзіця запыталася ў Бога:

— Кажуць, заўтра мяне пасылаюць на Зямлю. Чула, што там ёсць зло. Як жа я, такое малое, буду там жыць? Хто абароніць мяне?

— Я падару табе анёла, які будзе клапаціцца пра цябе, — адказаў Бог.

— А як завуць майго анёла?

— Імя не мае значэння. Ты будзеш называць яго Мама.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Каментары

Эксперымент прымусiу задумацца?Хутчэй, ён здейснены для таго,каб павялiчыць у грамадстве колькасць параноiкау i псiхапатау.Канешне,дзiця лёгка украсцi:калi не хiтрасцю,дык проста сiлай (схапiць,запiхнуць у машыну i т.п.).Але ж гэта зусiм не азначае,што трэба баяцца усiх,хто патэнцыяльна здольны гэта здзейснiць.А гэта можа быць абсалютна любы больш-менш фiзiчна здаровы чалавек. Мы кожны дзень ходзiм па вулiцах, размiнаючыся з сотнямi, тысячамi iншых людзей. Але ж любы з iх патэнцыяльна здольны нас забiць:мы ж не ведаем,якiя у яго думкi i што у яго у кiшэнi. Мы купляем у магазiнах ежу,але перад ужываннем яе нiколi не праводзiм грунтоуны хiмiчны аналiз:усё ж,пакуль трапiць да нас, яна прайшла праз рукi многiх людзей, а мы ж не ведаем,якiя у iх былi думкi i якую атруту яны маглi закласцi. Карыстаемся грамадскiм транспартам, але не ведаем,якiя думкi у галаве у вадзiцеля: а можа ён вырашыу памерцi i забраць з сабой як мага больш людзей. Я пра тое,што наша жыццё трымаецца на даверы адно да аднаго. Калi мы пачнём бачыць у кожным чалавеку патэнцыяльнага злачынцу i вылiчваць магчымыя варыянты здзяйснення iм злачынства,што стане з намi i нашай псiхiкай,i у што ператворыцца наш свет? Пра бяспеку думаць безумоуна трэба,але лепш трымацца залатой сярэдзiны,у тым лiку клапоцячыся пра дзяцей.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.