Вы тут

Мамскія танцы. На заняткі можна прыходзіць з дзеткамі


Чым займаюцца сучасныя матулі? Расказваюць казкі, спяваюць калыханкі, гатуюць самыя смачныя стравы, лепяць, малююць, выразаюць і пры гэтым паспяваюць хадзіць на лекцыі, выстаўкі і... танцаваць. Менавіта дзеля таго, каб у Мінску з'яўлялася яшчэ больш месцаў, дзе маці можа творча рэалізавацца, застаючыся побач з дзіцем, Таццяна ШЧУКО запусціла марафон #мамскіятанцы.


Эмацыянальнае аздараўленне і магчымасць адчуць сябе прыгожай

— Сама я танцаваць пачала вельмі рана. Напэўна, як толькі навучылася хадзіць, — смяецца Таццяна. — А дзесьці ў пяць гадоў маці аддала мяне на бальныя танцы. Было шмат выступленняў, у тым ліку за мяжой. Потым паступіла вучыцца, трапіла на летнюю практыку да салісткі шоу-балета TОDЕS у Маскве, шмат працавала. А дзесяць гадоў таму з'явіўся мой уласны танцавальны праект, якім я сапраўды ганаруся, — RАDІСАLFАSHІОN.

Калі ў Таццяны нарадзілася дачка Варвара, яна не разлучалася з ёй нідзе, нават на рэпетыцыях. Але аднойчы сутыкнулася з тым, што Мінск прапаноўвае не так многа актыўнасцяў для мам з дзецьмі. Хочаш развівацца — пакідай дзіця дома.

— Захацелася стварыць нешта самой. Так і з'явіліся #мамскіятанцы. Гэта, можна сказаць, сацыяльны праект. Марафон для ўдзельніц быў зусім бясплатны. За месяц мы развучылі нумар, а напрыканцы запрасілі аператара, які зняў наша выпускное выступленне.

Шчыра кажучы, я не думала, што будзе такі водгук. Хацелася набраць 10 чалавек, а ў выніку на першых занятках было 20 мамачак. Спачатку да марафону далучыліся жанчыны, якія, як і я, наведваюць сямейны цэнтр Юліі Гусакоўскай-Старавойтавай, а потым мяне па хэштэгу пачалі знаходзіць і тыя, з кім не была асабіста знаёмая.

— Я даўно марыла танцаваць, — успамінае адна з удзельніц марафону #мамскіятанцы Юлія ПАПОВА, — але ніяк не магла знайсці такое месца, дзе на заняткі можна было б хадзіць з дзецьмі. Калі пазнаёмілася з Таняй, пачала ўпрошваць яе зладзіць такі праект.

Тут цудоўная атмасфера, ёсць магчымасць праявіць сабе творча, разняволіцца, што сапраўды вельмі важна для мам. Для мяне гэта нейкае эмацыянальнае аздараўленне. Ну і, вядома, гэта магчымасць зноў адчуць сабе прыгожай жанчынай: цягнуць насок, трымаць роўна спіну. А на выпускное выступленне мы запрасілі сваіх мужоў. Каб яны маглі палюбавацца намі на сцэне!

Сацыялізацыя для дзяцей

Пакуль матулі танцуюць, дзеці займаюцца кожны сваёй справай, якіх, сапраўды, у зале можна знайсці шмат: пабегаць адно за адным, выкаціць вялікія шары для ёгі, дапамагчы некаму з'есці цукерку, паплакаць і нават паспаць.

— Безумоўна, — прызнаецца Таццяна, — часам даводзіцца адхіляцца ад заняткаў, каб супакоіць дзіця, пакарміць. Я, бывае, танцую, трымаючы дачку на руках.

Дарэчы, я не стаўлю абмежаванняў па ўзросце дзяцей, якія могуць прыходзіць з мамамі. Мамы маюць права вырашаць гэта самі. Хтосьці піша мне, што малому толькі два месяцы, таму прыйдзе пазней. Але, напрыклад, я лічу, што гэта даволі зручны ўзрост, каб куды-небудзь хадзіць разам. Калі Варвары было столькі ж, я брала яе і ішла на лекцыі па мастацтве, падчас якіх яна спала.

Бывае і так, што, калі з дзіцем нікуды амаль не выходзіш, яно прывыкае да цішыні і спакою, і потым яму складаней сацыялізавацца сярод людзей і розных гукаў.

Акрамя таго, дзеці бачаць сваіх актыўных мам і з часам будуць старацца быць падобнымі да іх.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і яшчэ адна ўдзельніца марафону Таццяна ТАРАСАВА:

— Я лічу, што гэты праект карысны не толькі для маці, якая тут атрымлівае фізічную нагрузку і нават у нейкім сэнсе адпачывае. Гэта таксама вельмі важна для дзяцей, якія камунікуюць паміж сабой, маюць зносіны з іншымі дарослымі, не толькі са сваімі мамай і татам.

У свой час да праекта далучаліся і шматдзетныя матулі. А калі-нікалі паглядзець на рэпетыцыі заглядваюць і таты.

— Аднойчы, — успамінае Таццяна ШЧУКО, — мой муж прысутнічаў на нашым занятку. І так атрымалася, што прыйшло сапраўды вельмі шмат мам з дзецьмі. Тады ён быў у шоку: як сярод усіх гэтых гукаў і крыкаў мы можам спакойна займацца.

Па-за марафонам

Цяпер марафон завяршыўся і пачаліся заняткі ў пастаянных танцавальных групах. Але Таццяна абяцае: праз нейкі час ён абавязкова паўторыцца.

— Ведаеце, цікава тое, што нашы зносіны працягваюцца за межамі танцавальнай залы. І я сапраўды вельмі перажываю за гэта. Так у нас паступова з'яўляецца клуб актыўных сучасных матуль.

Пачыналася ўсё ў сацыяльнай сетцы, дзе я дзялілася навінамі аб марафоне, ладзіла апытанні, конкурсы, каб бліжэй пазнаёміцца з удзельніцамі. А цяпер мы збіраемся разам, каб проста пагутарыць, весела і карысна правесці час. Аднойчы адна з матуль, яна вельмі добры кандытар, спякла для нас смачныя пачастункі і мы засталіся пасля рэпетыцыі піць гарбату. А калі было сонечна і цёпла, зладзілі пікнік: давучвалі танцавальную праграму проста на прыродзе!

Ганна БАГІНО

bаhіnо@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Мамскія танцы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.