Вы тут

«Шаноўны чараўнік! Мая самая вялікая мара — пазбавіцца ад болю»


Дзверы кабінета адчыніліся, у яго ўвайшла маладзенькая сакратарка.

— Аркадзь Сяргеевіч, усё гатова. Дзед Мароз і Снягурка на месцы. Можам выязджаць, — сказала яна.

— Дзякуй, Юля, ужо іду, — адказаў мужчына.

Праз дзесяць хвілін аўтамабіль ад'язджаў ад офіса ў напрамку дзіцячага анкалагічнага дыспансера.


* * *

Некалі ў ім лячыўся маленькі хлопчык Аркадзя. На шчасце, ён перамог цяжкую страшную хваробу, прайшоў неабходныя працэдуры, балючыя шматгадзінныя кропельніцы хіміятэрапіі. А шмат хто з яго маленькіх сяброў па няшчасці — не. З таго часу мінула трыццаць гадоў. Хлопчык Аркадзік скончыў школу, інстытут і застаўся, стаў паспяховым бізнесменам, чалавекам жорсткім і чэрствым. Са свайго ўласнага досведу ён ведаў: пакуль адны шукаюць грошы на новы смартфон, камп'ютар ці адпачынак за мяжой, шмат хто жыве зусім іншымі клопатамі. Ёсць людзі, якія проста мараць выжыць. Перамагчы хваробу.

Каб падтрымаць такіх жа дзяцей, якім некалі быў сам, мужчына перыядычна ахвяраваў грошы анкалагічнаму дыспансеру, імкнуўся ажыццявіць мары дзяцей пад Новы год. Гэта для яго стала ўжо традыцыяй.

Некалі яго інтэнсіўная тэрапія таксама праходзіла ў навагоднія дні. Нягледзячы на лячэнне, яны — дзеці — чакалі падарункаў, сустрэчы з казачнымі героямі. Шмат хто з іх не ўмеў яшчэ нават пісаць. Але ўсе яны марылі аб адным — стаць здаровымі. Толькі не ва ўсіх гэтае жаданне спраўдзілася... Але навагоднія падарункі яны атрымалі. Аркадзік — канструктар-самалёт. Ён і цяпер, як напамінак мінулага, стаіць у яго на шафе ў працоўным кабінеце.

Зараз пад Новы год з анкалагічнага дыспансера яму дасылаюць лісты-пажаданні дзяцей. Ён чытае іх і ўспамінае сябе. А потым, не шкадуючы грошай, набывае неабходнае, наймае Дзеда Мароза і Снягурку і едзе па звыклым маршруце, каб зрабіць дзецям свята.

* * *

Лісты Дзеду Марозу прыходзяць розныя.

«Шаноўны чараўнік! Мая самая вялікая мара — пазбавіцца ад болю і забыцца пра яго назаўжды. Але дзякуючы яму я зведаў сапраўдную цану жыцця. Я ўмею радавацца простым імгненням і не спакушаюся на розныя дарагія рэчы, якія сталі неабходнымі атрыбутамі для маіх аднагодкаў. На Новы год мне хацелася б атрымаць звычайны яблычны пірог. Падзяліцца ім з астатнімі хлопчыкамі і дзяўчаткамі. Каб усе мы разам пасядзелі за адным сталом».

Вова, 11 гадоў.

«...Я разумею, што цяжка хворая. Але куды цяжэй мне бачыць, як пакутуюць родныя людзі. Мне хочацца стаць здаровай, каб бачыць іх шчырыя ўсмешкі.

...Я мару стаць мастачкай. Я буду маляваць толькі шчаслівых людзей. Каб на карцінах яны дарылі пазітыўныя ўсмешкі наведвальнікам маіх выставак.

Дзед Мароз, у падарунак мне хацелася б атрымаць альбом для малявання і найлепшыя фарбы. Першыя партрэты ўрачоў і маіх самых лепшых сяброў я хачу намаляваць тут. Я размяшчу іх на сценах бясконцых калідораў. Я шчыра спадзяюся, што ўсім будзе прыемна».

Аліна, 12 гадоў.

«Шаноўны чараўнік, сёння зіма, але я ўспамінаю аб пазамінулым годзе..

Тады я быў здаровы. Мы з бацькамі адпачывалі каля ракі. Расклалі вогнішча, а потым на вуголлі рабілі шашлыкі. Зараз мне хацелася б зведаць смак шашлыку. Вядома, калі дазволяць дактары. Здаецца, у гэтыя дні яны не будуць забараняць мне рабіць тое, што хочацца...»

Максім, 11 гадоў.

* * *

... У чароўным мяху Дзеда Мароза ляжаць падарункі для дзяцей. Магчыма яны стануць апошнім шчаслівым момантам у іх жыцці. Магчыма, дапамогуць выжыць. Галоўнае — верыць у лепшае. І тады мары могуць здзейсняцца.

Аркадзь Сяргеевіч ведае гэта на ўласным досведзе.

Андрэй СІДАРЭЙКА

Загаловак у газеце: Забяры мой боль

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.