Вы тут

Штогод у цэнтры дзіцячай нейрахірургіі выконваецца каля 600 аперацый


У Мінску пачаўся І Еўразійскі з'езд дзіцячых нейрахірургаў. Да ўдзелу запрошаны вядучыя спецыялісты з больш як 15 краін блізкага і далёкага замежжа. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства аховы здароўя Беларусі, Еўразійская асацыяцыя дзіцячых нейрахірургаў, усерасійскае і ўкраінскае таварыствы па дзіцячай нейрахірургіі, Міжнароднае таварыства па дзіцячай нейрахірургіі (ІSPN), Еўрапейскае таварыства па дзіцячай нейрахірургіі (ESPN).


— У апошнія гады нейрахірургія наогул і дзіцячая ў прыватнасці развіваюцца неймаверна дынамічна, — адзначае галоўны хірург Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Сяргей ЗАРЭЦКІ. — Тое, што ў мінулым стагоддзі выконвалася на працягу некалькіх гадзін, сёння дазваляе пазбегнуць вялікай траўматызацыі, бо прымяняюцца малаінвазійныя, эндаваскулярныя ўмяшанні. Нейрахірургія — гэта сімбіёз некалькі кірункаў, не толькі неўралогіі і хірургіі, але і той жа псіхатэрапіі, а калі гэта галіна медыцыны яшчэ і з дзецьмі звязана, трэба мець на ўвазе вельмі тонкую работу.

Да 1990-х гадоў дзецям у нашай краіне аперацыі выконваліся там жа, дзе і дарослым. Затым было адкрыта спецыялізаванае нейрахірургічнае дзіцячае аддзяленне, якое працавала для маленькіх пацыентаў з усёй краіны. Стварэнне і рэканструкцыя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі дазволіла, нарэшце, айчыннай дзіцячай нейрахірургіі выйсці на новы ўзровень — адкрылася аддзяленне еўрапейскага ўзроўню з адпаведным аснашчэннем і спецыялістамі, якія стажыраваліся за межамі краіны.

Каля 200 замежных гасцей, у тым ліку лектары з Японіі, Францыі, Італіі, Бразіліі, абмяняюцца на з'ездзе вопытам, абмяркуюць дасягнутыя вынікі. Прадстаўнікі Міжнароднага таварыства па дзіцячай нейрахірургіі правядуць афіцыйную школу, якая з'яўляецца асноўнай пляцоўкай па навучанні спецыялістаў гэтай галіны медыцыны ў самых розных краінах. Сёлета такія школы былі праведзены ў Аргенціне, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Кітаі і вось — у Беларусі.

Наша краіна будзе прадстаўлена на з'ездзе некалькімі дакладамі, прысвечанымі праведзенай рабоце. Як паведамляе кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўны пазаштатны дзіцячы нейрахірург Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Міхаіл ТАЛАБАЕЎ, за тры гады ў цэнтры прааперыравана звыш 30 дзяцей з эпілепсіяй — некаторыя з іх з-за прыступаў не маглі ні хадзіць, ні сядзець. Сёння гэтыя пацыенты нават не прымаюць супрацьсутаргавыя лекі. Айчынны вопыт хірургічнага лячэння эпілепсіі быў прадстаўлены на сёлетнім Еўрапейскім кангрэсе нейрахірургаў у Венецыі. Асвоены ўжо і аперацыі, падчас якіх пацыент знаходзіцца ў свядомасці, без агульнага наркозу, з прымяненнем толькі мясцовай анестэзіі. Метад дазваляе выдаліць пухліну ў галаўным мозгу з мінімальнай рызыкай развіцця парушэнняў. Сёлета такія ўмяшанні паспяхова былі праведзены пяці падлеткам 13—16 гадоў. Развіваецца і неанатальная нейрахірургія для неданошаных немаўлят вагой ад 1 кг. Новая для нас пакуль тэма — нейрахірургія плода, магчымасць карэкцыі некаторых паталогій унутрывантробна, але і ёю пачынаюць займацца нашы спецыялісты.

Штогод у цэнтры дзіцячай нейрахірургіі пралечваецца каля 1,5 тысячы пацыентаў, выконваецца каля 600 аперацый, праводзіцца каля 12 тысяч кансультацый па экстраннай дапамозе. Нейрахірургія займае сёння асаблівае месца сярод высокатэхналагічных метадаў лячэння, бо аперацыі на цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэме выконваюцца толькі тады, калі іншыя метады лячэння неэфектыўныя або няздольныя захаваць якасць жыцця. Плануючы аперацыю, нейрахірург думае не толькі аб выдаленні пухліны, але і аб тым, каб гэта дапамагло заставацца чалавеку паўнавартасным. А некалькі гадоў таму пры такой сур'ёзнай паталогіі, як пухліна цэнтральнай нервовай сістэмы, галоўным было выдаленне злаякаснага новаўтварэння, а не тое, якім пасля будзе жыццё гэтага пацыента...

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Тонкая работа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?