Ажно пяць новых сядзіб з падворкамі за адзін дзень вырасла ў аграгарадку Міхалішкі ў Астравецкім раёне. Аформленыя ў традыцыйным беларускім стылі звонку і знутры хаты, вышываныя ручнікі, слоікі з закаткамі, свойскія каўбасы пад столлю, саламяны конь на падворку... Каларытную, аўтэнтычную атмасферу свята «Дажынак», як і планавалі яго арганізатары, тут змаглі перадаць выдатна.
Дадайце да гэтага выстаўку снапоў, караваяў, скульптур з агародніны і садавіны, а таксама мноства вырабаў мясцовых умельцаў — і зможаце ўявіць, як умеюць адпачываць працаўнікі палёў і фермаў. Ды і самі Міхалішкі прыбраліся ды падфарбаваліся, каб годна сустрэць гасцей.
Багатае ўбранства і смачныя нацыянальныя стравы сёлета зрабілі найлепшым падворак сельгаспрадпрыемства «Варняны». Работнікі сельгаспрадпрыемства «Гервяты» звязалі найпрыгажэйшы сноп. Самы лепшы ды цяжкі каравай у тры «паверхі» спяклі ў «Гудагаі». А гаспадары свята — «Міхалішкі» — сёлета паказалі сябе ў садавінна-агародніннай скульптуры. Іх кошык са смакатою стаў найлепшым.
Упершыню ў гісторыі «Дажынак» Астравецкага раёна на свяце з'явілася каранаваная асоба. Сярод пяці прыгажунь (па адной ад кожнай гаспадаркі) абралі «каралеву жніва — 2017». Ёй стала Іна Ляховіч з Міхалішкаўскай гаспадаркі.
— Свята атрымалася маштабнае і відовішчнае. Шэсць гадзін проста праляцелі, — падзялілася Тэрэса ПАМЕЦЬКА, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама. — Усе ахвотныя маглі прыехаць у Міхалішкі на бясплатным аўтобусе і пачаставацца нацыянальнымі стравамі.
«З дзяцінства памятаем, з якім размахам адзначаліся «Дажынкі»! З'язджаўся ўвесь калгас, аж паветра гуло. Сталы накрывалі даўжэзныя. Гэта беларускае свята, якое адзначалі яшчэ нашы продкі. І нашчадкам трэба захоўваць гэтую добрую традыцыю», — мяркуюць мясцовыя жыхары.
Ірына СІДАРОК
Фота Iвана ДЗЯТЛОВIЧА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.