Вы тут

Святлана Сямашка: Я, вядома, за крытыку ўсебаковую, нават рэзкую


Дэпутат Брэсцкага абласнога Савета Святлана СЯМАШКА расказвае аб сваёй рабоце, дзеліцца разважаннямі і меркаваннямі пра досвед члена камісіі па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва.

Падчас выбараў чатыры гады таму Святлана Мікалаеўна ўзначальвала гарадскую бібліятэку імя Пушкіна. Цяпер яна кіруе ўсёй культурнай галіной Брэста, з'яўляецца загадчыцай сектара культуры аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі гарвыканкама. Варта сказаць, што два папярэднія скліканні яна адпрацавала ў гарадскім Савеце. Так што Святлана Cямашка — дэпутат са стажам.


— Чым адрозніваецца работа ў абласным Савеце ад дзейнасці ў гарадскім выбарным органе?

— Дэпутат гарсавета больш засяроджаны на клопатах менавіта сваёй акругі. Тут жа маштабы шырэйшыя. Мы з калегамі шмат працавалі ў сваёй камісіі. Часцей работа ідзе не ў форме кабінетных пасяджэнняў, а з выездам у рэгіёны. За гэты час я пабывала ва ўсіх раёнах вобласці, у некаторых — не адзін раз. Мы сустракаліся з людзьмі ў працоўных калектывах — часцей сацыяльна-культурнай сферы. Бачылі праблемы, якія існуюць на месцах. Напрыклад, давялося сутыкнуцца з сітуацыяй, калі сельскі школьнік мае здольнасці і жаданне займацца ў музычнай школе, але яго бацькі часова не працуюць. Мала таго, што дзіцяці трэба дабрацца рэйсавым аўтобусам за некалькі кіламетраў у райцэнтр на ўрокі музыкі, дык яшчэ і няма чым заплаціць за вучобу. Вось мы і стараліся паспрыяць, каб канкрэтнаму вучню далі магчымасць атрымліваць дадатковую адукацыю бясплатна.

Заўважу, гаворка ідзе не толькі пра жыхара той ці іншай вёскі, а пра выхад на праблему ў цэлым.

Большасць членаў нашай камісіі — медыкі, можа, таму мы наведалі шмат устаноў аховы здароўя. Прыйшла да высновы, што за нашы бальніцы і паліклінікі можна парадавацца. Нават у аддаленых раёнах медыцынскія ўстановы вельмі і вельмі прыстойна аснашчаныя, што дазваляе аказваць дапамогу на добрым узроўні.

За час склікання я пабывала ў цэлым шэрагу сельгаспрадпрыемстваў, магчыма, упершыню ў жыцці пазнаёмілася з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, з асаблівасцямі работы на зямлі, а таксама нюансамі жыцця сельскіх працаўнікоў.

— Такім чынам вы атрымалі шмат новых ведаў, бясцэнны жыццёвы і грамадскі вопыт. Ці паўплывала гэта на вашу асноўную і дэпутацкую работу?

— Вядома, паўплывала. Нават прапанова ўзначаліць культурную галіну горада, думаю, была зроблена мне з улікам маёй дэпутацкай дзейнасці. Ну і ў маёй рабоце члена камісіі, а таксама пры сустрэчах і гутарках з выбаршчыкамі паявілася шырыня бачання праблем. Стала лягчэй знаходзіць адказы на некаторыя пытанні. А пра тое, чаго не ведаеш, можна спытаць у калег. Здавалася б, дробязі, але часам вельмі важныя.

— Што хвалюе жыхароў вашай акругі?

— Маю выбарчую акругу ўтварае ў асноўным прыватны сектар, мікрараён, які ў народзе называюць Кіеўкай. І, вядома, мы з гарадскім дэпутатам, колькі маглі, спрыялі вырашэнню пытанняў добраўпарадкавання. Сёння можна адзначыць, што нарэшце вырашылася праблема «жоўтай» вады. Справа ў тым, што некалькі жылых кварталаў аказаліся ў зоне вельмі старых інжынерных камунікацый водазабеспячэння. У людзей з крана ішла вада жаўтаватага колеру, што выклікала іх нараканні, звароты ў розныя інстанцыі. І вось водаканал замяніў сістэму труб. Цяпер жыльцы дамоў атрымліваюць ваду крыштальнай празрыстасці. Ёсць шмат прыкладаў падобнага кшталту.

Я вельмі радавалася, калі нарэшце ўдалося адрамантаваць сярэднюю школу №6. Гэта адна з самых маленькіх школ абласнога цэнтра, там займаецца ўсяго каля дзвюх соцень вучняў. Школа вядомая сваімі добрымі традыцыямі, слаўная выпускнікамі, і яна заслугоўвала абнаўлення. І вось атрымала яго. Нямала дарог прыведзена ў парадак. Апошняе можна запісаць у актыў як выканаўчай, так і прадстаўнічай улады.

Але ёсць і адваротны бок медаля. Я, вядома, за крытыку ўсебаковую, нават рэзкую. Не крыўджуся на выбаршчыкаў, калі яны пішуць злыя каментарыі. Толькі вось як пачынаеш гаварыць з людзьмі, высвятляюцца дзіўныя рэчы. Скажам, прасілі жыльцы некаторых прыватных дамоў зрабіць тратуар. Калі прыехалі спецыялісты, сталі вывучаць пляцоўку, аказалася, у адным месцы межы ўчасткаў праходзяць так блізка, што тратуар можа атрымацца вузейшы за паўметра. Такім яго немагчыма зрабіць. А вось адступіць ад мяжы свайго агарода хоць бы на 20 сантыметраў ніхто не згадзіўся. Выходзіць, людзі хочуць жыць фактычна ў цэнтры горада, валодаючы прыстойнымі ўчасткамі зямлі з гарадскімі выгодамі, але не дапускаюць нават мінімальнага кампрамісу. Давялося тлумачыць, што навясных тратуараў не бывае, у такім выпадку ім прыйдзецца мірыцца з ранейшымі дарожкамі.

— Якія яшчэ звароты паступалі за час работы ў гэтым скліканні?

— Звароты самыя розныя. У працяг тэмы, якую ўзняла: прыйшла на прыём жанчына пажылога веку, маці траіх дзяцей. У яе шмат прэтэнзій з нагоды розных сацыяльных выгод, грашовых выплат. Сталі разбірацца, высветлілася, што грамадзянка ніводнага дня не працавала. Вядома, хвала ёй і гонар за дзяцей, але ў бюджэт яна не ўнесла ніводнай капейкі падатку. І як яе можна параўнаць з той матуляй, што выгадавала дзяцей і ўсё жыццё працавала? Доўга гаварылі мы з выбаршчыцай, рассталіся, можа, і не знайшоўшы поўнага разумення. Так, на жаль, бывае. Як і з асаблівай групай маіх выбаршчыкаў. Кажу «група», бо на тэрыторыі акругі жыве менавіта група людзей, якія называюць сябе веруючымі, і адмаўляюцца атрымліваць пашпарт новага ўзору, адпаведна, не атрымліваюць пенсію. Пра гэта раней шмат пісалі. Людзі прайшлі ўсе інстанцыі, у тым ліку судовыя, а воз, як кажуць, і цяпер там.

Яны прыходзяць да мяне, кажуць: «Мы за вас галасавалі». І праўда, галасаваць ім дазволілі па даведках. А вось пенсіі налічваць і іншыя аперацыі праводзіць можна з наяўнасцю дакумента грамадзяніна краіны. І я нават пры ўсім жаданні дапамагчы не магу. Хоць мне і шкада гэтых людзей.

— Ці шмат зваротаў было па пытаннях працаўладкавання?

— Дастаткова. Асабліва пасля вядомага Дэкрэта №3 людзі валам пайшлі. І ведаеце, ёсць некалькі катэгорый заяўнікаў. Некаторым удалося і дапамагчы, калі яны сапраўды хацелі знайсці работу як крыніцу існавання. Заўважу, многія жыхары райцэнтраў на працу ў Брэст ездзяць. А вось брастаўчане па-ранейшаму перабіраюць. Напрыклад, ёсць у мяне катэгорыя выбаршчыкаў у акрузе, якія раней актыўна ездзілі ў Польшчу, іншыя суседнія краіны. Цяпер сітуацыя памянялася, і ў сярэднім узросце людзям выпала пачынаць з пачатку. У асноўным яны не маюць спецыяльнасцяў, працаваць, як гэта робяць дарожнікі, будаўнікі, камунальнікі, не прывыклі. Хочуць быць вахцёрамі, ахоўнікамі ў гандлёвых цэнтрах. Але названыя месцы, як правіла, занятыя, іх не так многа. Калі ж прапаноўваецца работа, саіскальнік, бывае, адмаўляецца: маўляў, за 300 рублёў працаваць не буду. Ну гэта ўжо яго асабісты выбар. Сёння нават кваліфікаваныя людзі часам працуюць за такія грошы, асабліва ў нашай галіне культуры...

Яшчэ ідуць на прыём маці, бабулі з просьбай уладкаваць дарослых дачку альбо сына. Позняе сталенне маладых людзей — з'ява, з якой у ранейшым жыцці не асабліва даводзілася сустракацца. Заўважаю, як часта нам не хапае актыўнасці, зацікаўленасці. І гэтаму гараджанам часам можна было б павучыцца ў вясковых жыхароў. Падчас выязных сесій і пасяджэнняў камісій мы бачылі прыклады сельскага самакіравання, калі многія пытанні добраўпарадкавання вырашаюцца талакой. Гэта асабліва актуальна ва ўмовах падрыхтоўкі нашага горада да
1000-гадовага юбілею.

— Гэтым вы займаецеся як дэпутат ці загадчык сектара культуры?

— Больш, вядома, па родзе асноўнай работы. Але мае дзверы заўсёды адчынены, выбаршчыкі таксама прыходзяць у любы час з любой ініцыятывай. У нас распрацаваная канцэпцыя святкавання юбілею, працэс падрыхтоўкі распачаты. Маецца на ўвазе не толькі ўзвядзенне і рэканструкцыя аб'ектаў, але ідэалагічны, культурны пласт работы. 1000-гадовы юбілей — гэта свята не толькі горада альбо вобласці, гэта падзея для ўсёй краіны. Не кожны горад мае 1000 гадоў гісторыі. Як вядома, Брэст вызначаны культурнай сталіцай СНД на наступны год. Пройдуць канцэрты, выстаўкі, навуковыя канферэнцыі. Гэта ганаровая місія, з якой горад, несумненна, справіцца. Важнай уяўляецца падтрымка кожнага гараджаніна — і дэпутата, і выбаршчыка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».