Вы тут

Якімі будуць новыя біяметрычныя дакументы?


Зараз у Беларусі рэалізуецца маштабны праект па ўкараненні ідэнтыфікацыйных дакументаў новага тыпу. Па папярэдніх даных, атрымаць першы біяметрычны пашпарт і ІD-карту можна будзе ўжо ў студзені 2019 года. Каб разабрацца ў новаўвядзенні, мы пагутарылі з часова выконваючым абавязкі намесніка начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Паўлам ХРЫШЧАНОВІЧАМ.


Машына на пашпартным кантролі

Дарэчы, пытанне ўкаранення біяметрычных тэхналогій разглядалася ўжо досыць даўно. Яшчэ ў 2010 годзе распрацоўваўся першы праект, які, праўда, не ўдалося давесці да канца. Вядома, падобная ініцыятыва патрабуе сур'ёзных фінансавых укладанняў.

Неабходнасць у навацыях узнікла з-за таго, што ў многіх сусветных дзяржаў дакументы, якія сведчаць асобу, ужо на парадак больш прасунутыя. Нават на постсавецкай прасторы мы апошняя дзяржава, якая яшчэ не ўкараніла біяметрычную тэхналогію. Яна дазваляе ствараць дакументы са значна больш высокай ступенню абароны, выпадкі падроблівання якіх адзінкавыя ў свеце. На дадзены момант распрацаваны папярэдні варыянт праекта.

Адна з галоўных змен — тое, што дакументаў зараз будзе два: для карыстання ўнутры краіны і для выезду за мяжу. Другую функцыю возьме на сябе новы пашпарт. Галоўная старонка з персанальнай інфармацыяй будзе зроблена з полікарбанату і забяспечана шматлікімі галаграмамі, астатнія старонкі будуць з паперы, але таксама з высокай ступенню абароны. Мяркуецца, што пашпарт будзе цалкам на англійскай мове, у яго не будуць уносіцца даныя аб рэгістрацыі ці сямейным становішчы, як цяпер, — гэта агульнасусветная практыка. Аднак старонка з назвай «Іншыя адзнакі» захаваецца: туды будуць ставіць пячатку аб выездзе за мяжу на пастаяннае месца жыхарства.

Увядзенне новай сістэмы павінна значна скараціць час праходжання памежнага кантролю. Магчыма, у будучыні правяраць грамадзяніна, які выязджае за мяжу, будзе спецыялізаваны камп'ютар — так званая электронная брама, а не жывыя людзі. Да счытвальнай прылады трэба будзе прыкласці пашпарт, каб яна параўнала ваш твар з выявай у дакуменце. Аднак гэта не значыць, што памежная служба знікне — яе супрацоўнікі ў выпадку неабходнасці будуць праводзіць дадатковую праверку.

Зараз ідзе падрыхтоўка да тэндару на закупку абсталявання і праграмнага забеспячэння. У свеце ёсць тэндэнцыя, што краіны з насельніцтвам менш за дзесяць мільёнаў вырабляюць дакументы за межамі сваёй дзяржавы, на месцы іх толькі персаналізуюць. Па словах Паўла Хрышчановіча, у Беларусі такой практыкі адназначна не будзе: увесь дакумент будзе збірацца і персаналізавацца толькі на тэрыторыі нашай краіны. Адзінае, што давядзецца закупляць, — чып з антэнай, які будзе ўстаноўлены ў вокладку: такое абсталяванне вырабляюць усяго некалькі фірмаў у свеце. Тое ж самае ў ІD-карце, толькі ў ёй будзе два чыпы: кантактавы і бескантактавы. Пакуль яшчэ вядзецца абмеркаванне, ці патрэбны менавіта два чыпы або можна зрабіць дуальны інтэрфэйс — адзін чып, але ўнутры, умоўна кажучы, ён будзе падзелены напалам.

Па даведкі, не выходзячы з дому

ІD-карта будзе адзіным на тэрыторыі краіны дакументам, які пацвярджае асобу грамадзяніна. Гэта значыць з новым пашпартам нельга будзе, напрыклад, прыйсці ў салон сотавай сувязі, каб аформіць дагавор, — для гэтага прызначана выключна карта. Выдавацца яна будзе як грамадзянам Рэспублікі Беларусь, так і замежнікам, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны: грамадзянам іншых дзяржаў і асобам без грамадзянства — гэта тры розныя ўзоры.

Карта будзе змяшчаць тры дадаткі. Першы — ідэнтыфікацыйны. Гэта ўсе даныя аб грамадзяніне — асабісты нумар, прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, грамадзянства і гэтак далей. Другі — крыптаграфічны, які адказвае за лічбавы электронны подпіс. Трэці — ІCAO, адпаведны Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. Ён будзе і ў пашпарце, і ў картцы, можна сказаць, што яго закладваюць на будучыню: калі Беларусь падпіша адпаведныя дагаворы з замежнымі дзяржавамі, то па ІD-карце можна будзе таксама выязджаць за мяжу, напрыклад у Расію ці Украіну.

Сумесна з біяметрычным праектам, за які адказваюць Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства фінансаў, рэалізуецца яшчэ адзін вялікі праект — Беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма, або БІСРС. Гэты праект курыруе Міністэрства сувязі, ён вельмі шырокі, у хуткім часе аб'явяць тэндар на выбар ІT-кампаніі, якая гэты працэс запусціць.

У далейшым два праекты павінны злучыцца. Выглядаць гэта будзе так: МУС выдасць картку, запісаўшы на яе электронны лічбавы подпіс, грамадзянін уставіць яе ў спецыяльную счытвальную прыладу, адкрые праграму БІСРС і зможа выконваць адміністрацыйныя працэдуры, нават не выходзячы з дому. Напрыклад, так можна будзе заказаць даведку ў службе «Адно акно», якую потым прышлюць на электронную пошту.

Зараз дзейнічае міжведамасная група, куды ўваходзяць шэраг арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў, якая абмяркоўвае, што трэба запісваць на картку. Пакуль прыйшлі да высновы, што нічога. Чалавек сам з прапанаванага пераліку будзе выбіраць, якія праграмы яму патрэбны. З часам пералік будзе пашырацца — усё аўтаматычна, у так званым электронным воблаку.

Магчыма, напрыклад, што на картку можна будзе запісаць пенсійны дадатак, і цяперашнія пенсійныя пасведчанні знікнуць з нашага абароту. А вось выкарыстоўваць ІD-карту ў якасці банкаўскай не атрымаецца. Таму што на любых картках, якія маюць банкаўскія дадаткі, павінны быць іх рэквізіты і адзнакі. Але ў той жа час падобныя знакі не могуць стаяць на ідэнтыфікацыйным дакуменце. Пры гэтым праз сістэму БІСРС, дзякуючы прывязцы да рахунку, можна будзе ажыццяўляць пэўныя плацяжы. Як пасведчанне кіроўцы картка таксама дакладна не будзе выкарыстоўвацца, паколькі згодна з нашым заканадаўствам яго могуць канфіскоўваць за парушэнні.

На самой картцы звестак размешчана будзе няшмат. Напрыклад, не будзе інфармацыі аб рэгістрацыі: у адваротным выпадку давялося б мяняць картку кожны раз, калі змяняецца месца жыхарства, таму ад ідэі адмовіліся.

Замест пашпартнага стала — у міліцыю

Тэрмін дзеяння як пашпарта, так і ІD-карты будзе складаць дзесяць гадоў. Адно з адным яны ніяк не звязаныя, таму атрымліваць іх можна асобна. Больш за тое, калі карту павінен будзе атрымаць кожны, то пашпарт — толькі па меры неабходнасці. Аднак гэта не значыць, што з першага студзеня 2019 года цяперашнія пашпарты перастануць быць сапраўднымі. Мяркуецца, што імі можна будзе карыстацца да заканчэння тэрміну дзеяння. Але калі вы зразумееце, што ІD-карта вам патрэбна, вы зможаце яе атрымаць, не чакаючы гэтага моманту. У выпадку страты, патэлефанаваўшы ў спецыялізаваны кол-цэнтр, карту можна будзе заблакаваць.

Для выезду за мяжу і звычайны, і біяметрычны пашпарты будуць мець раўназначнае хаджэнне. Аднак ёсць адзін момант: Еўрасаюз ужо не раз заяўляў, што збіраецца дазволіць уезд толькі па біяметрычных пашпартах, аднак канкрэтная дата новаўвядзення пакуль не называлася.

Заяўлены папярэдні кошт пашпарта — тры базавыя велічыні, ІD-карты — адна базавая. Счытвальную прыладу кожны пры неабходнасці будзе набываць самастойна. Дарэчы, яна зусім недарагая, на адным з кітайскіх сайтаў яе можна знайсці за 10 рублёў. Акрамя таго, адно з беларускіх прадпрыемстваў цяпер працуе над стварэннем уласнага счытвальніка.

Звяртацца па дакументы трэба будзе не ў разлікова-даведачны цэнтр, як цяпер, а ў раённае аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі. Так, у Фрунзенскім раёне, напрыклад, дзевяць арганізацый заменіць адна. Пры падачы заявы на дакументы ва ўсіх будуць збіраць адбіткі пальцаў — для стварэння адзінай базы. А вось анкеты запаўняць ад рукі больш не прыйдзецца, як і прыносіць фатаграфіі — усё будзе рабіцца на месцы, даныя будуць адразу ўносіцца ў камп'ютар, іх трэба будзе толькі пераправерыць. У цэнтр персаналізацыі ўся инфармацыя будзе перадавацца анлайн. Хіба што за гатовым пашпартам ці ІD-картай прыйдзецца прыйсці асабіста.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Шматфункцыянальнасць і абароненасць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.