Вы тут

Адметныя вёскі Гомельшчыны


З надыходам халоднага сезона лепш за ўсё выпраўляцца ў вандроўку на поўдзень. Не толькі ў далёкіх спякотных краінах, але і на беларускім поўдні — у Гомельскай вобласці — ёсць што агледзець зацікаўленаму падарожніку.


1. Дзям’янкі (Добрушскі раён)

Ваколіцы Дзям’янак — месца гістарычнае. Тут знаходзіцца стаянка эпохі неаліту і курганны могільнік, дзе налічваецца 159 курганоў вышынёй да 2 метраў. Дзям’янкаўскі могільнік у свой час зацікавіў не толькі айчынных, але і замежных навукоўцаў: пакуль што гэта адзіны могільнік, выяўлены на тэрыторыі, дзе жылі летапісныя радзімічы. Тут, ля Дзям’янак, іх адзіны некропаль — «мёртвы горад», які бесперапынна дзейнічаў на працягу 500 гадоў. З VII па XII стагоддзе радзімічы прывозілі сюды сваіх спачылых герояў. На жаль, пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі могільнік знаходзіцца ў закрытай зоне.

У пісьмовых крыніцах Дзям’янкі ўзгадваюцца ў XVI стагоддзі. З 1862 года вёска становяцца ўласнасцю Герардаў — старажытнага латышскага роду. Пры Герардах у Дзям’янках з’явіўся хлебанарыхтоўчы магазін, два ветракі, заезны дом. Самы вядомы гаспадар вёскі — Мікалай Герард — у гады царавання Мікалая ІІ зрабіў зайздросную кар’еру: міравы суддзя ў Пецярбургу, потым — старшыня Санкт-Пецярбургскага міравога з’езда, старэйшы старшыня Варшаўскай судовай палаты, галоўны ўпраўляючы ўстановамі імператрыцы і нарэшце (з 1905 года) — генерал-губернатар і намеснік цара ў Фінляндыі. На той час Фінляндыя была часткай Расійскай імперыі, і фінам па паходжанні было забаронена займаць дзяржаўныя пасады. Мікалай Герард адмяніў гэты ўказ — і неўзабаве яго самога знялі з пасады.

Тады Герард пераехаў жыць у Дзям’янкі, дзе меў шыкоўны палац, пабудаваны найлепшымі пецярбургскімі архітэктарамі. Гэты палац з элементамі псеўдарускага стылю захаваўся і сёння, праўда, выглядае не надта «бадзёра»...

Мікалай Герард быў добрым гаспадаром і шчыра клапаціўся, каб сяляне мелі ўсё, што патрэбна для нармальнага жыцця. Уладанні былі вялікія — і «пан Гілярд», як звалі яго вяскоўцы, збудаваў бровар, некалькі ферм, насадзіў сад, на беразе ракі Іпуць паставіў паравы млын, лесапільны завод... Пасля рэвалюцыі 1917 года Герарды выехалі ў Фінляндыю, дзе Мікалая Мікалаевіча добра ведалі і паважалі.

2. Галавінцы (Гомельскі раён)

Свята-Пакроўская царква ў Галавінцах

Галавінцы ўпершыню ўзгадваюцца ў XVI стагоддзі. У 1773 годзе тут было 18 дамоў. А ў 1841-м на ўзвышшы ля ракі Іпуць была ўзведзена драўляная праваслаўная царква, якая, прайшоўшы праз выпрабаванні, захавалася па сёння.

Праз два гады, як была збудаваная царква, у чэрвені 1843 года ў сям’і збяднелага беларускага шляхціча Ігната Стравінскага нарадзіўся сын Хведар, які ў будучыні стаў знакамітым оперным спеваком. Хведар Стравінскі рос у Галавінцах, пасля вучыўся ў Мазырскай шляхецкай вучэльні, дзе ўдзельнічаў у тэатральных школьных пастаноўках і спяваў у хоры. Менавіта ў Мазыры Хведар Стравінскі ўпершыню выйшаў на сцэну. А найлепшыя свае партыі ён выканаў на сцэне Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу. Сын Хведара Стравінскага і Ганны Халадоўскай — Ігар Стравінскі — стаў сусветна вядомым кампазітарам, дырыжорам і піяністам.

Стравінскія паходзяць з беларускага шляхецкага роду, вядомага з пачатку XVI стагоддзя. Продкі знакамітага кампазітара займалі значныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім.

3. Карма (Добрушскі раён)

Свята-Пакроўская царква ў Карме.

 Добрушская Карма ўзгадваецца ўпершыню ў 1560 годзе як вялікакняжацкая ўласнасць. З сярэдзіны XVIII стагоддзя гаспадаром Кармы значыцца князь Міхал Чартарыйскі, канцлер Вялікага Княства Літоўскага (1724 — 1752 гг.). Пасля далучэння Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі Чартарыйскі не стаў прысягаць на вернасць расійскай імператрыцы, і большасць ягоных маёнткаў разам з Кармою перайшлі ў расійскую казну.

10 ліпеня 1774 года Кацярына ІІ падарыла пераможцу туркаў, Пятру Румянцаву, званне фельдмаршала, тытул Задунайскага, шпагу з каштоўнымі камянямі і 5000 душ на Беларусі. Так у кармянцаў з’явіўся новы гаспадар. У той час у вёсцы налічвалася 108 двароў, тут стаяла Пакроўская царква, а на рэчцы Харапуці дзейнічаў млын.

Калі ў вёсцы з’явілася першая царква — невядома. Сучасная ж была пабудавана ў другой палове XIX стагоддзя. Тут захоўваюцца мошчы протаіерэя Іаана Гашкевіча, які ў 1998 годзе быў кананізаваны як Іаан Кармянскі.

Іаан Гашкевіч жыў недалёка ад Кармы, у вёсцы Агародня, дзе служыў у Свята-Нікольскай царкве. Ён дапамагаў удовам і сіротам, рамантаваў храм, а сам жыў у невялічкім царкоўным доме з саламяным дахам. Штонядзелю бацюшка вычытваў апантаных дэманамі. І пасля ягоных малітваў дадому людзі вярталіся здаровыя і славілі Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Памёр Іаан Гашкевіч увосень 1917 года, пражыўшы 80 гадоў. Пахавалі яго побач са Свята-Мікольскай царквой. Расказваюць, калі святару было 75 гадоў, сваё месца ў царкве ён саступіў малодшаму сыну, таксама Іаану. І папярэдзіў: «Калі да цябе ў храм прыйдзе Маці Божая, пасля яе прыходу царква апусцее». У 1930-х гадах у храм увайшла незвычайна апранутая жанчына… Пасля гэтага бацюшку Іаана-малодшага арыштавалі і адправілі ў Сібір, а храм закрылі.

Царква прастаяла некранутая ўсю Другую сусветную вайну. А ў 1950-х гадах яе падпалілі. Усё, што засталося ад храма, счысцілі ў роў.

На месцы, дзе быў пахаваны Іаан Кармянскі, паставілі помнік. Пакланіўшыся святому ў Карме, паломнікі едуць у Агароднікі: там служыў бацюшка Іаан — і, кажуць, многія вылечваюцца ад душэўных і цялесных хвароб.

Ёсць у Карме і іншыя месцы, куды людзі ідуць з паклонам. Падчас Першай сусветнай вайны тут быў створаны партызанскі атрад, які змагаўся супраць войскаў кайзераўскай Германіі. На вясковых могілках захаваліся магілы тых партызан. Ёсць у Карме і помнік 360 аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.

А яшчэ Карма — радзіма героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Аляксея Церашкова, знакамітага беларускага мастака Акіма Шаўчэнкі, рэжысёра Мікалая Калініна. Тут нарадзіўся і вырас народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін.

4. Скрыгалаў (Мазырскі раён)

Кажуць, што вёска Скрыгалаў атрымала назву ад імя Скіргайлы — сына вялікага князя Альгерда. Калісьці тут быў вялікі ўмацаваны горад: побач ёсць гарадзішча, якое ў народзе завуць Гарадок. Цяпер Гарадок зарос дрэвамі, калі ж капнуць, то трапляюцца кавалкі гліны, цэглы, цесенага камня і нават кавалачкі мармуровых паліраваных пліт. Напрыканцы ХІХ ст. тут раскапалі цэлую мармуровую лесвіцу!

У Скрыгалаве меўся праваслаўны манастыр. Напрыканцы XV ст. тут прыняў пакутніцкую смерць мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі Макарый. Вясной 1497 года ён выправіўся ў Кіеў, каб заняцца ўладкаваннем храма Святой Сафіі. Плывучы па Прыпяці, мітрапаліт спыніўся ў Скрыгалаве, каб адслужыць літургію. У гэты час да вёскі падышлі крымскія татары — уварваліся ў храм і адсеклі свяціцелю галаву.

Скрыгалаў разрабавалі і спалілі. Цела мітрапаліта Макарыя кінулі ля Прыпяці ў балота, але яно засталося нятленным. Неўзабаве манахі перанеслі мошчы свяціцеля ў кіеўскі Сафійскі сабор. Святы пакутнік Макарый быў кананізаваны, на месцы яго гібелі ўсталявалі стэлу, а ў Скрыгалаве ў яго гонар у 1906 годзе пабудавалі капліцу. Ёсць у вёсцы і царква, асвечаная ў гонар свяціцеля.

У сярэдзіне XVIІІ ст. Скрыгалаў атрымаў статус мястэчка, сёння тут дзейнічае этнаграфічны музей.

5. Пярэдзелка (Лоеўскі раён)

Гэта вёска з’явілася дзякуючы знакамітаму шляхецкаму роду Юдзіцкіх. Шляхцічы Юдзіцкія мелі на Лоеўшчыне шмат зямлі і нават карысталіся тытулам «графы на Лоеве».

Напрыканцы XVIІІ стагоддзя Юзаф Юдзіцкі распачаў будаўніцтва цаглянага палаца — на беразе Дняпра, на гары ля вёскі Суткаў. Жыхароў вёскі ён перасяліў ва ўрочышчы Збынь і Міхалёўка, і так з’явілася вёскі Міхалёўка і Пярэдзелка. Калі Юзаф памёр, маёмасць перайшла па спадчыне ягонай адзінай дачцэ Юліі. Юлія Юдзіцкая ўзяла шлюб з Эдвардам Рудзіеўскім — так Пярэдзелка займела новага гаспадара.

Эдвард Рудзіеўскі дабудаваў палац, які цудоўна захаваўся дагэтуль. Палац збудаваны ў класічным стылі і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Цяпер у ім знаходзіцца мясцовая школа.

Апошняй гаспадыняй Пярэдзелкі была пані Кацярына Бараноўская. Яна шмат зрабіла па гаспадарцы: заклала цудоўны сад, асушыла балоты — разумна, каб не напсаваць прыродзе. Яшчэ яна адкрывала школы і будавала бальніцы. Калі ж грымнула рэвалюцыя, Бараноўскія з’ехалі ў Канаду, дзе і па сёння жывуць іх нашчадкі.

6. Красны Бераг (Жлобінскі раён)

Палац у Красным Беразе

Чырвоным Берагам гэтае паселішча пачалі зваць толькі пасля рэвалюцыі 1917 года. Дагэтуль яго ведалі як Красны Бераг (па-сучаснаму — прыгожы бераг).

Упершыню Красны Бераг узгадваецца недзе ў 1528 годзе. Тады ў мясцовай рэчцы Добасна лавіў шчупакоў шляхціч Ляксей Зянковіч, а пазней ужо яго сыны, унукі і праўнукі. Уладарылі тут Зянковічы амаль 120 гадоў. Далей вёска змяніла шмат гаспадароў. Сярод іх — Тамаш Грыневіч, які ў красавіку 1863 года арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Рагачоўскім павеце. Атрад не паспеў разгарнуць актыўных дзеянняў, быў рассеяны царскімі войскамі, якім дапамагалі мясцовыя сяляне. Грыневіча схапілі і публічна расстралялі ў Рагачове. Тамаш Грыневіч стаў прататыпам Усяслава Грыневіча з рамана Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць».

У 1876 годзе гаспадаром вёскі стаў генерал-лейтэнант інжынерных войскаў расійскай арміі Міхаіл Гатоўскі. Недзе ў 1890 годзе ён запрасіў вядомага на той час расійскага архітэктара Віктара Шротэра, каб той пабудаваў у Красным Беразе палац. Палац — што бачна і сёння — атрымаўся на славу. Шротэр любіў немецкі рэнесанс, не здрадзіў гэтай любові і тут. Кажуць, што ўнутры палац быў яшчэ прыгажэйшы, чым звонку. Кожная зала вызначалася асаблівым стылем. Найлепш захавалася арабская, у стылі Альгамбры.

За ўладаннем дачкі Гатоўскага Марылі Козел-Паклеўскай вакол палаца з’явіўся парк у англійскім стылі і вялізны пладовы сад. Яшчэ тут меліся бровар і стайня, цешылі вока шматлікія аранжарэі. Усё было адмысловае, зробленае з густам. Нават вадакачка выглядала бы замкавая вежа.

Апошнім уладаром вёскі быў Аляксандр Козел-Паклеўскі, які ў 1918 годзе эміграваў у Англію. У гады Другой сусветнай вайны фашысты стварылі ў Красным Беразе канцэнтрацыйны лагер, куды звозілі дзяцей ад 8 да 19 гадоў. У іх бралі кроў для параненых акупантаў. Цяпер тут паўстаў помнік дзецям — ахвярам вайны. Мемарыял назвалі «Плошча сонца», але ў народзе яго завуць «Дзіцячая Хатынь»…

Юрый ЖЫГАМОНТ

Загаловак у газеце: Ад радзімічаў да Шамякіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».