Вы тут

Што чакае пару, якая плануе займець дзіця з дапамогай ЭКА?


У бясплоднасці нямала прычын. Выстаўляецца такі дыягназ у першую чаргу сямейнай пары, бо ў некаторых выпадках з іншым партнёрам у жанчыны магло б і атрымацца, як і ў мужчыны — з іншай партнёркай. Калі вырашыць праблему простымі метадамі немагчыма, медыцына прапануе дасягнуць цяжарнасці з дапамогай экстракарпаральнага апладнення (ЭКА), якому ўжо споўнілася... сорак гадоў! За гэты час ва ўсім свеце "з прабіркі" нарадзілася нямала дзяцей, якія маюць ужо сваіх дзяцей. Некаторыя з іх пры гэтым таксама звярталіся да ЭКА. Жыццё паказвае, што людзі, народжаныя ў выніку так званага штучнага апладнення, нічым не адрозніваюцца ад агульнай папуляцыі. Так што ярлыкі можна не навешваць, адзначаюць медыкі. І дадаюць: "Мы не ідзём супраць прыроды".


А цяжарнасці няма?

Такі дыягназ як "бясплоднасць" ставіцца пары (абавязкова ў зарэгістраваным шлюбе!), калі на працягу года рэгулярнага палавога жыцця — без выкарыстання пры гэтым метадаў кантрацэпцыі — у іх не наступіла цяжарнасць. Такой пары патрабуецца кансультацыя спецыялістаў па бясплоднасці, якія ёсць, напрыклад, у Мінскім гарадскім клінічным радзільным доме №2. Калі ёсць патрэба ў такой працэдуры, як ЭКА, мужчыну і жанчыну накіроўваюць у кабінет дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. Тут выдаюць ліст абследавання — якія кансультацыі прайсці, якія аналізы здаць аднаму і другому... Дарэчы, працэдура мае свае проціпаказанні: невылечанае анкалагічнае захворванне, псіхічныя паталогіі, цяжкія парокі сэрца, лёгкага, ныркі... Разам з тым ужо дазваляецца ісці на такую працэдуру з вылечанай анкалогіяй у стадыі рэмісіі. Калі размова ідзе пра магчымасць перадачы ў спадчыну нейкай генетычнай паломкі, патрабуецца яшчэ і генетычнае абследаванне.

Само ЭКА — платнае. І ў кожнай пары атрымліваецца свой кошт гэтай аперацыі. Пры неабходнасці на яе правядзенне можна атрымаць ільготны крэдыт. Сума пералічваецца на разліковы рахунак радзільнага дома.

— Для жанчын асноўным паказаннем лічацца выдаленыя або непраходныя матачныя трубы, але вельмі часта сустракаюцца мужчынскі фактар бясплоднасці, камбінацыі мужчынскіх і жаночых прычын або яны наогул не ўстаноўлены, — тлумачыць гінеколаг-рэпрадуктолаг кабінета дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій Мінскага гарадскога клінічнага радзільнага дома №2 Ала ЗУБАРАВА. — Для правядзення ўмяшання ў жанчыны павінны быць яечнікі — каб вырасціць і пасля забраць яйцаклеткі, а таксама матка — каб падсадзіць эмбрыён і ў якой потым развіваецца цяжарнасць. У мужчын важнымі будуць паказчыкі канцэнтрацыі сперматазоідаў, іх якасць і нармальная рухавасць. Крытэрыі нормы мужчынскай спермы сёння істотна знізіліся: тое, што некалькі дзясяткаў гадоў назад лічылася глыбокай няздольнасцю пакідаць нашчадкаў, сёння ўжо адносіцца да варыянта нормы.

Адзін або некалькі?

Першыя 20 цыклаў ЭКА ў 2-м раддоме Мінска выканалі ў 2014 годзе. У 2015 — ужо 102, 2016 — каля 200, сёлета будзе каля 400. Не ўсе цыклы завяршаюцца нараджэннем дзіцяці — у большасці краін, у тым ліку і ў нашай, гаворка ідзе пра 40 працэнтаў удалых спроб.

Сам па сабе так званы пратакол ЭКА ад пачатку да канца можа працягвацца ад 12 дзён да 1 месяца. У гэты час пацыентка прымае гарманальныя прэпараты — каб атрымаць некалькі яйцаклетак, а не адну, як пры натуральным цыкле. Прэпараты, іх дозы, працягласць прымянення падбіраюцца індывідуальна. На працягу цыкла даводзіцца рабіць некалькі візітаў да доктара, падчас якіх кантралюецца рост фалікулаў (у іх знаходзяцца яйцаклеткі) у яечніках. Іх пасля забіраюць пад унутрывенным наркозам. Мужчына, адпаведна, павінен здаць сперму. З дапамогай спецыяліста адбываецца апладненне "ў прабірцы". Эмбрыён змяшчаюць у спецыяльны інкубатар, дзе створаны ўмовы, неабходныя для яго росту і развіцця. Праз 3 або 5 дзён пад кантролем ультрагукавога апарата эмбрыён падсаджваецца жанчыне. Фактычна на кожным этапе можа падсцерагаць няўдача. І справа тут зусім не ў спецыялістах, а ў індывідуальных асаблівасцях кожнай клеткі...

— Калі ў нашай пацыенткі мы ўбачым пяць ці нават дзесяць яйцаклетак, то спецыяльным інструментам будзем забіраць абсалютна ўсе. Апладняць таксама будзем усе, якія нам падыходзяць па "якасці". А падсаджваць, паводле нашага заканадаўства, можна максімум два эмбрыёны, — расказвае ўрач гінеколаг-рэпрадуктолаг кабінета дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй ЛЯБЕДЗЬКА. — Аднак пры падсадцы двух існуе высокая імавернасць шматплоднай цяжарнасці, якая сама па сабе амаль заўсёды з'яўляецца ўскладненай. Гэта небяспечная сітуацыя ў сэнсе выходжвання, заўчасных родаў. Таму ў большасці выпадкаў падсаджваем адзін эмбрыён, і да гэтага імкнуцца сёння ўсе краіны. Тры эмбрыёны пераносяцца толькі пры пэўных паказаннях, калі ёсць вялікая колькасць няўдалых папярэдніх спроб.

Усе іншыя эмбрыёны, калі яны таксама добрай якасці і тэарэтычна гатовыя да падсадкі, замарожваюцца, каб у выпадку няўдалай спробы іх можна было выкарыстаць. Замарозка — рэч вельмі карысная. Не заўсёды арганізм жанчыны аказваецца гатовым да падсадкі ў той жа дзень, калі атрыманы эмбрыён. Урач можа перанесці працэдуру, калі ўбачыць, што перанос эмбрыёна ў гэтым цыкле непажаданы. Увогуле замарожаныя эмбрыёны могуць чакаць і некалькі гадоў.

Дапускаецца, паводле заканадаўства, і выкарыстанне палавых клетак донара — мужчынскіх або жаночых. Донар пры гэтым можа быць ананімны і неананімны. У першым выпадку пра донара вядомы толькі яго фенатып — колер скуры, вачэй, а неананімны — як правіла, сваяк або сваячка, якія ахвяравалі свае палавыя клеткі для далейшых маніпуляцый і падсадкі.

Малады ўзрост у дапамогу

Чым маладзейшая пара, тым вышэйшая імавернасць цяжарнасці — і натуральнай, і ў выніку ЭКА. А вось для 44-гадовай жанчыны, нават калі яна і адчувае сябе маладой, цуд можа не адбыцца. Таму што прырода задумала так, каб рэпрадуктыўная функцыя была рэалізавана ад 20 да 30 гадоў.

Кожная жанчына нараджаецца са сваім запасам яйцаклетак. Усё, што ўздзейнічае на працягу далейшага жыцця на саму жанчыну (навакольнае асяроддзе, медыцынскія прэпараты, ежа, стрэсы, перанесеныя інфекцыі, аперацыі), уплывае і на яе генетычны матэрыял. Акрамя таго, у любым арганізме з узростам назапашваюцца генетычныя паломкі. Узрост пасля 35 з'яўляецца памежным, калі паталогіі пачашчаюцца, у тым ліку і пры натуральным апладненні.

Усе цяжарныя, якім споўнілася 35, павінны праходзіць генетычнае абследаванне. У англійскай мове ёсць выдатная прымаўка: маўляў, чым не карыстаемся, тое губляем. Таму чым раней пара звяртаецца да ўрача, тым вышэйшыя шанцы на поспех. Даследаванні старэйшай рэпрадуктыўнай групы паказалі, што большая частка цяжарнасцяў наступае ў тых, хто ўжо меў дзяцей. Гэта актуальна і для натуральных цяжарнасцяў, і для ЭКА.

Тым не менш тэрмін правядзення ЭКА — ад 18 да 49 гадоў. Урэшце, бывае і так, што і ў 20-гадовых ужо выдалены матачныя трубы, але доля пацыентак, маладзейшых за 25 гадоў, вельмі малая. Колькасць спроб ЭКА не абмежавана заканадаўствам, але праводзіць 4—5 спроб можа быць небяспечна для здароўя. Лічыцца, што прэпараты ўздзейнічаюць толькі на фалікулы, што гэта не ўплывае на час наступлення клімаксу, аднак жанчына пераносіць моцную гарманальную стымуляцыю, аператыўнае ўмяшанне, што можа павышаць у далейшым рызыку розных ускладенняў.

Жыццё пад мікраскопам

Кабінет дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій уяўляе сабой некалькі пакояў. Адзін з іх — палата на некалькі ложкаў, дзе жанчыны знаходзяцца, калі ў іх бяруць яйцаклеткі і потым — калі падсаджваюць эмбрыён. Далей — перадаперацыйная, дзе ўрачы пераапранаюцца і адкуль трапляюць у аперацыйную (праз спецыяльнае акенца сюды ў кантэйнерах перадаюцца біяматэрыялы). Ёсць яшчэ пакой для крыязахоўвання: у вадкім азоце ў спецыяльных ячэйках тут знаходзяцца замарожаныя эмбрыёны і клеткі. А вось і сэрца кабінета — эмбрыялагічная лабараторыя, дзе ўсе маніпуляцыі з клеткамі і эмбрыёнамі робяцца за хвіліны, а тое і за секунды, пасля чаго жывы матэрыял адпраўляецца ў інкубатар, тэмпература ў якім падтрымліваецца на ўзроўні 37 градусаў. Насупраць — спецыяльная шафа з пэўнай сістэмай ачышчэння паветра. Дарэчы, усё, што знаходзіцца на стале — ад мікраскопа да штатываў і прабірак, — выраблена са спецыяльных матэрыялаў, і ўсё мае тэмпературу нашага цела. З дапамогай аднаго мікраскопа мужчынскія і жаночыя клеткі паасобку памяшчаюцца ў пэўнае асяроддзе, а з дапамогай другога іх ацэньваюць і праводзяць апладненне.

— Атрыманыя яйцаклеткі размяшчаюцца вось на такім планшэціку, а сперматазоіды адпраўляюцца ў прабіркі, — кажа ўрач-эмбрыёлаг кабінета дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій Аксана МОРДУС. — Потым мы бяром новы планшэцік, памяшчаем туды яйцаклетку і дадаём пэўную канцэнтрацыю сперматазоідаў. У адной кропельцы іх можа быць ад дзясяткаў соцень да некалькіх мільёнаў. Лічыцца, што на адну яйцаклетку павінна прыпадаць каля 100 тысяч сперматазоідаў. Калі ад жанчыны мы атрымалі пяць клетак і ўсе плануем апладніць, то і сперматазоідаў спатрэбіцца не менш як 500 тысяч. Пасля такога змешвання ўсё гэта адпраўляецца ў інкубатар на 18 гадзін — столькі часу патрабуецца для таго, каб апладненне адбылося натуральным чынам...

Шмат сперматазоідаў для зачацця патрабуецца не проста так. Плаваць у тым асяроддзі, у якім знаходзіцца яйцаклетка (не важна, натуральнае яно або штучнае), галавасцікам не проста. Выручае асаблівы фермент, выдзяляючы які можна ўсёй грамадой расчысціць шлях і поле навокал яйцаклеткі для самага спрытнага і правільнага па сваёй будове. Ён пранікне праз абалонку, апынецца ўнутры і ў той жа момант "дзверы" зачыняцца, каб іншыя ахвотныя не маглі гэта паўтарыць.

Для апладнення мужчынскі геном павінен аб'яднацца з жаночым. Менавіта праз 18 гадзін можна ўбачыць, ці адбылося гэта. Пад мікраскопам эмбрыёлаг павінен разгледзець не адну, а ўжо дзве цёмныя плямкі. Калі ўсё пойдзе добра, на трэці дзень атрымаецца 6—8 клетачны эмбрыён, які можна падсаджваць.

Асцярожна... пераносім

Сама па сабе працэдура пераносу здаецца нескладанай, аднак гэта адзін з самых адказных момантаў у цыкле ЭКА. З паўгадзіны пацыентка рыхтуецца пад кропельніцай, пасля чаго на працягу некалькіх хвілін у шыйку маткі ўводзіцца праваднік, па якім эмбрыёнчык, набраны ў катэтар, выпускаецца ў матку. Цяпер жанчына павінна крыху паляжаць, пасля чаго можна адпраўляцца дадому. На ўсе працэдуры выдаецца бальнічны ліст, працягнуць які можна пры неабходнасці па месцы жыхарства.

З моманту падсадкі пачынаецца новы этап. Эмбрыён павінен прыжыцца і пачаць развівацца. У 60 працэнтах выпадкаў гэтага, на жаль, не адбываецца.

Бясплоднасць — амаль заўсёды сацыяльная, псіхалагічная, часам фізіялагічная неўладкаванасць і нярэдкая прычына распаду сям'і. У свеце з гэтай праблемай сутыкаюцца 15—20 працэнтаў шлюбных пар. У бясплоднасці шмат прычын, часам яны яшчэ і спалучаюцца ў кожнага з партнёраў і гэта моцна ўскладняе пошук спосабу лячэння.


Існуе ЭКА класічнае і так званае ІКСІ. Якую методыку прымяніць — залежыць ад якасці спермы і колькасці атрыманых яйцаклетак. Для класікі неабходна атрымаць больш за пяць жаночых клетак і сперматазоіды як мага лепшай якасці. Пры такім раскладзе вельмі высокая імавернасць таго, што атрыманыя клеткі, размешчаныя ў спецыяльнае, блізкае да натуральнага, вадкае асяроддзе, знойдуць падыход адна да адной і апладненне адбудзецца без усякага прымушэння. Аднак калі якасць спермы зніжана, калі яйцаклетак мала, то на дапамогу прыходзіць методыка ІКСІ. Выбіраецца самы лепшы, правільны сперматазоід і з дапамогай мікраманіпулятара пад мікраскопам праводзіцца яго ін'екцыя ў яйцаклетку.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.